Пра абмежаваньне доступу да 75 сайтаў паведамляе агенцтва БелТА. Міністэрства інфармацыі прыняло адпаведнае рашэньне ў пятніцу 13 верасьня. Паведамляецца, што доступ да сайтаў быў заблякаваны з дапамогай Камітэта дзяржаўнай бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Закладка была на гарышчы, якога няма?» Жыхарка Ліды чатыры гады даводзіць, што справу сына сфальшавалі
«У выніку працы, праведзенай Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі, і ў адпаведнасьці зь пісьмовым паведамленьнем Міністэрства ўнутраных спраў Міністэрства інфармацыі 13 верасьня прыняло рашэньне аб абмежаваньні доступу да 73 інтэрнэт-рэсурсаў за разьмяшчэньне інфармацыі аб продажы наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналягаў», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Адрасы і назвы заблякаваных Мінінфармам сайтаў невядомыя. Акрамя 73 старонак, якія нібыта гандлявалі наркатычнымі рэчывамі, былі заблякаваныя яшчэ дзьве, на якіх чыноўнікі знайшлі неадпаведную рэкляму.