Адміністрацыя сацыяльнай сеткі Twitter заблякавала афіцыйныя акаўнты Камуністычнай партыі Кубы і ейнага лідэра, былога кіраўніка дзяржавы Рауля Кастра, піша Reurets.
Таксама заблякавалі дачку Рауля Марыелу Кастра — лідэрку Нацыянальнага цэнтру сэксуальнага выхаваньня Кубы.
Прадстаўнік Twitter зьвязаў блякаваньне з палітыкай сацсеткі супраць маніпуляваньня грамадзкай думкай і ўвядзеньня ў зман празь сетку акаўнтаў. Блякаваньне адбылося пасьля звароту да нацыі кіраўніка Кубы Мігеля Дыяса-Канэля, у якім той заявіў пра насоўваньне энэргетычнага крызісу праз санкцыі ЗША.
Міністэрства замежных справаў Кубы крытыкавала ў Twitter (гэты акаўнт не блякавалі) ранейшыя блякаваньні кубінскіх СМІ. Баны акаўнтаў Кастра і кампартыі ў МЗС Кубы назвалі «відавочнай узгодненай апэрацыяй з мэтай абмежаваць заявы рэвалюцыянэраў у абарону праўды».
Кубінска-амэрыканская мастачка Кока Фуска ж пасьмяялася: «Цэнзараў зацэнзуравалі!». Кубу звычайна ставяць у канец рэйтынгаў у свабодзе слова і прэсы. У нядаўнім топе краінаў з самай жорсткай цэнзурай Куба толькі на адну пазыцыю абагнала Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ня ведае, як абмежаваць інтэрнэт, каб «цывілізаванае грамадзтва зноў ня выставіла санкцыі»