«Разумныя» ўнітазы і гатэлі-«капсулы». 10 рэчаў, якімі Японія ўразіла беларуса

Дзяўчына ў нацыянальным японскім строі

Японія да нядаўняга часу заставалася краінай, досыць закрытай для замежнікаў — каб атрымаць дазвол на ўезд, патрабаваўся цэлы стос папераў ад рэзыдэнта, які адказваў за госьця ледзь ня ўласнай галавой.

Зрэшты, так павялося гістарычна: жыхары японскіх астравоў да апошняга супраціўляліся любому вонкаваму ўмяшаньню і толькі ў другой палове ХІХ стагодзьдзя капітулявалі пад ціскам глябалізацыі.

У апошнія гады большай адкрытасьці паспрыялі Алімпійскія гульні, якія налета прыме Токіё. Візавую палітыку перад імі істотна спрасьцілі, патрабаваньні да іншаземцаў мінімізавалі. Такім парадкам завітаць у Японію стала лягчэй ня толькі спартоўцам і заўзятарам.

Вонкавая рэкляма Алімпіяды-2020

Ня скажаш, што чужынцаў прымаюць з абдымкамі і пасьля лібэралізацыі. Японцы засяроджаныя на працоўных і побытавых клопатах, заслужыць іх увагу складана. Плюс жывучыя старыя крыўды: у сьпісе антыпатый лідзіруе Кітай, зь якім цягам шматвяковай гісторыі была жорсткая канкурэнцыя па ўсіх напрамках. Сьледам ідзе Расея, дзе ў сталінскіх лягерах згінулі дзясяткі тысяч салдат Квантунскай арміі. Ну, і Амэрыка зь яе сьмяротнымі бомбамі Little Boy («Малы») і Fat Man («Таўстун»).

Чым найперш зьдзіўляе Японія прадстаўніка іншых шыротаў? Ці складана іншаземцу адаптавацца ў такіх своеасаблівых абставінах? Карэспандэнт Свабоды сабраў 10 уражаньняў пра краіну Ўзыходнага сонца — такая яе паэтычная назва.

Гіганцкі трансформэр на штучнай ІТ-высьпе Одаіба

Дрэс-код

Японію складаюць прыкладна 6800 астравоў, але разам яны ненашмат большыя за мацерыковую Беларусь — 377 000 і 207 000 кв. км адпаведна. І на гэтай тэрыторыі жыве народу амаль столькі ж, колькі ў Расеі — блізу 130 мільёнаў супраць расейскіх 140 мільёнаў. З гэтай прычыны краіна імкліва расьце ўверх — трэба ашчаджаць дэфіцытную зямлю.

Хмарачосы Ёкагамы

Як удалося такой колькасьці людзей самаарганізавацца, гісторыя маўчыць. Ва ўсякім разе, тут пануюць закон і парадак. Ад самага маленства прышчапляецца калектывізм. Дзетак у ясьлях і садках апранаюць аднолькава — ад басаножак да капялюшыкаў. Так на пачатковым этапе фармуецца панятак пра агульную роўнасьць, незалежна ад статусу і матэрыяльнага дабрабыту сям’і. Культывуецца дух узаемнай павагі: зусім маленькі чалавечак на аўтамаце складае ручкі і адбівае паклоны.

Маленькія грамадзяне Японіі

У школах сытуацыя аналягічная, уніформа аднастайная аж да партфэляў — толькі расфарбоўка ўжо больш сьціплая ды заўважны ўхіл у сэйфуку (строй накшталт матроскі). Цэлая субкультура анімэ прапагандуе пэрсанажаў у форме.

Дарослы японец працягвае пажыцьцёвы дрэс-код: як правіла, працадаўца патрабуе «белы верх — цёмны ніз». Раніцай, у перапынку на абед і па дарозе дадому вуліцы апаноўвае чорна-белае нашэсьце мэнэджэраў.

Вучаніцы ў форме-сэйфуку

А чым меншы гарадок ці чым бліжэй да будысцкага або сінтаісцкага храму, тым больш шанцаў сустрэць чалавека ў кімано і драўляных сандалях. У выходныя і на сьвяты ў традыцыйныя строі ахвотна ўбіраецца моладзь.

Натуральна, ёсьць мноства месцаў, дзе ўніформа непатрэбная. Напрыклад, у такійскім квартале Акіхабара зьбіраюцца тыя, хто якраз вылучаецца індывідуальнасьцю. Гэта отаку — фанаты анімэ і мангі, якія пераўвасабляюцца ў герояў коміксаў.

Маладая пара ў кімано

Гендэрныя вагоны

Японскі архіпэляг хоць і налічвае тысячы выспаў, але 99% жыцьця сканцэнтравана на чатырох зь іх: Хонсю, Хакайда, Кюсю і Сікоку. З гэтай прычыны ўнутраныя авіязносіны ня надта разьвітыя, затое наладжаная выдатная наземная сувязь.

Хуткасны «Сінкансэн»

Так, цягнікі сеткі «Сінкансэн» з «кракадзілавымі мордамі» ляцяць з хуткасьцю 320 км/г, а да Алімпіяды абяцаюць разагнацца да 360 км/г. У іх дзейнічаюць турыстычныя квіткі катэгорыі JR, якія істотна зьмяншаюць кошт праезду — транспарт у Японіі надзвычай дарагі. Нягледзячы на нятаннасьць «пасу», грошы адбіваюцца за некалькі паездак.

Ва ўсіх буйных гарадах ёсьць мэтро. Кошт квітка на адну паездку стартуе ад 2,5 даляраў і расьце залежна ад часу ў дарозе. Сапраўдным адкрыцьцём сталі жаночыя вагоны. Некаторыя перавозчыкі прадугледзелі такую магчымасьць, каб засьцерагчы «слабы пол» ад непажаданых пасяганьняў — у час пік актывізуюцца рознага кшталту вуаерысты.

Жаночы вагон

Не зарыентаваўшыся, аднойчы трапіў у гендэрны вагон. Толькі празь нейкі час прыйшло разуменьне — нешта ня тое з кантынгентам. На наступным прыпынку давялося сьпешна рэціравацца.

А яшчэ мэтрапалітэн — цудоўная магчымасьць, каб лішнія паўгадзіны паспаць. Японцы шчыруюць на працы і нават пасьля зьмены не сьпяшаюцца дадому. Адсюль і хранічнае невысыпаньне.

Пасажыры такійскай падземкі

Разумныя ўнітазы

Японцы вельмі адказна ставяцца да фізіялягічных патрэбаў. Грамадзкіх прыбіральняў вялікае мноства, усе яны ва ўзорным парадку. Плата нідзе не бярэцца.

Пра ўнітазы гаворка асобная. Кожны — высокатэхналягічны агрэгат, перад якім зь непрывычкі губляесься. Калі няма дубляваньня па-ангельску, не адразу і зразумееш, дзе кнопка спуску вады.

Пульт кіраваньня ўнітазам

На прыборнай дошцы цэлы набор функцый для той часткі цела, якая заняла месца на «троне». Інтымны працэс можна аздобіць гукамі прыроды, птушыным сьпевам ці музыкай.

Кожная прыбіральня абсталяваная так, каб было зручна людзям з абмежаванымі магчымасьцямі, ёсьць умывальнікі для дзяцей, а на ўваходзе электронныя табло паведамяць, дзе вольныя кабінкі.

Электроннае табло прыбіральні

Да таго ж гэта рэдкае месца, дзе можна разгрузіцца ад сьмецьця. Пры ідэальнай чысьціні ў гарадах няма стацыянарных сьметніц. Або японцы такія акуратысты, або цягаюць адыходы з сабой. Усё сартуецца — шкло, плястык, папера, бляшанкі з-пад піва і энэргетыкаў.

У Японіі выдатнай якасьці вада, піць яе можна зь любога крана. Паўсюль на вуліцах і там, дзе багата турыстаў, усталяваныя фантанчыкі, дзе можна здаволіць смагу.

Дзіцячы ўмывальнік побач з дарослымі

Партатыўныя перакладчыкі

Каму, як не японцам, весьці за сабой сьвет высокіх тэхналёгій? І яны гэтай місіі даюць рады.

Некалькі разоў ноў-хаў ратавалі ў безвыходнай лінгвістычнай сытуацыі. У аптэцы высьветлілася, што супрацоўнікі не гавораць па-ангельску. Дамаўляліся з дапамогай партатыўнага перакладчыка. Японка гаварыла ў мікрафончык прыбора, на экране зьяўляўся тэкст па-расейску.

У краме электронных тавараў

Форс-мажор здарыўся і падчас засяленьня ў гатэль. Гэтым разам самі пацікавіліся, ці ёсьць беларуская мова. Ёсьць! Адрозна ад ня самага дасканалага «гугл-транслэйта», якасьць перакладу аказалася бездакорная.

Навуковыя распрацоўкі ўкараняюцца ў самых розных галінах. Напрыклад, можна пракаціцца на цягніку, у якога няма машыніста — у прыватнасьці, на штучны востраў Одаіба ў Такійскай затоцы. А там, у сваю чаргу, наведаць унікальную лябараторыю Epson — вытворца праектараў «ажывіў» сьвятло.

Сьветлавое шоў ад Epson

Гэта рай для ІТ-карыстальнікаў. Электронныя крамы — яшчэ і «палігоны» для выпрабоўваньня прыстасаваньняў, якія не паступілі ў шырокі продаж. Можа падацца, што трапіў у гульнявы ці кампутарны клюб, а насамрэч гэта фармат кантактаваньня вытворцы з кліентам.

Спэцыялізаваная крама ў Осацы

Альтэрнатыўны аўтапарк

У Японіі левабаковы рух, і да таго, што на звыклым месцы няма кіроўцы, трэба прызвычаіцца. Зрэшты, мясцовыя прафэсіяналы і аматары вельмі дысцыплінаваныя, а «жывыя ўказальнікі» не дадуць дэзарыентавацца — людзі ва ўніформе з палкай-рэгулятарам дапамагаюць перайсьці дарогу нават на зялёнае сьвятло. Да таго ж зроблена ўсё, каб кантакт чалавека з транспартам быў мінімальны — шматузроўневыя разьвязкі для адных і другіх.

Тыповыя ўдзельнікі дарожнага руху Японіі

Аўтапарк адрозьніваецца ад мадэляў японскіх брэндаў, што бегаюць па беларускіх дарогах. Выглядае, што папулярныя таётаўскія ды нісанаўскія пазадарожнікі, маздаўскія ды міцубішныя сэданы, субараўскія ды сузушныя красовэры арыентаваныя перадусім на экспарт.

Шчыльны дарожны паток і праблемы з паркоўкай спрыяюць папулярнасьці «каблучкоў» — кампактных фургончыкаў і зьменшанай копіі «джыпаў». Па-першае, спажываюць мала бэнзіну (пры кошце да 1,5 даляра за літар гэта адчувальна); па-другое, большыя шанцы «ўціснуцца» на стаянку. Да Алімпіяды-2020 канцэрн Toyota выпусьціў таксоўку накшталт лёнданскага кэба.

Таксі, стылізаванае пад кэб

Папулярныя так званыя «гібрыды», у якіх рухавік унутранага згараньня спалучаецца з электрычным. Ня толькі легкавікі, нават аўтобусы езьдзяць амаль бязгучна. Разгалінаваная сетка пунктаў сілкаваньня для электрамабіляў: мясцовыя аўтавытворцы кажуць, што гатовыя да поўнага пераходу на электрычную цягу.

Хоць Японія славіцца матацыклетнымі брэндамі, «гоншчыкаў» на вуліцах не відаць. Трапляюцца байкеры на матаролерах, часьцей сустрэнеш раварыста.

Электрамабіль на адну пэрсону

Татальная ўрбанізацыя

80% японцаў жывуць у гарадах — адзін з самых высокіх паказьнікаў урбанізацыі ў сьвеце. Зрэшты, паняцьце «вёскі» таксама адноснае — густанаселеныя «аграгарадкі» налічваюць дзясяткі тысяч жыхароў. Дамы тут літаральна прылепленыя адзін да аднаго: ніякіх агародаў, цяпліцаў. Уся зямля для апрацоўкі — на пэўнай адлегласьці ад паселішча.

Такійская забудова

Сучасныя мэгаполісы Токіё, Ёкагама, Осака — гэта дэманстрацыя тэхналягічнага размаху. З аднаго боку, такі падыход мала стасуецца з традыцыйнай архітэктурай. Зь іншага, перанасяленьне вымушае расьці ў неба — 15-мільённая сталіца ня можа бясконца распаўзацца ўшыркі.

У японскіх «мільёньніках» складана знайсьці аўтэнтычныя помнікі — стыхійныя бедзтвы, пажары і войны зьнішчылі значную частку арыгінальнага дойлідзтва, перадусім драўлянага. А што засталося, безнадзейна заціснутае паміж бэтонна-шклянымі высоткамі.

Старыя храмы суседнічаюць з сучаснай забудовай

Выключэньнем хіба старая сталіца Кіёта. Тут цэлы россып сінтаісцкіх храмаў (чыста японская рэлігія), будысцкіх пагадаў, жылых і працоўных рэзыдэнцый імпэратара, радавых замкаў сёгунаў і г.д. Агулам — блізу 2 тысяч аб’ектаў, многія ўключаныя ў сьпіс усясьветнай спадчыны UNESCO.

Найбольш пазнавальная выява, якая тыражуецца ў рэклямных праспэктах, — залаты павільён «Кінкаку-дзі» канца XIV стагодзьдзя. Верхняя яго частка «абабітая» залатымі лістамі. Сёньня тут сховішча рэліквій Будды.

Залаты павільён «Кінкаку-дзі»

Гатэлі-«капсулы»

Калі хочацца адчуць японскі калярыт, але няма магчымасьці пажыць у сям’і, варта хоць на пару начэй пасяліцца ў так званы капсульны гатэль ці ў традыцыйны ракан.

Капсульны гатэль

У першым выпадку канструкцыя нагадвае пляцкарт — двухпавярховыя нішы глыбінёй 2 мэтры і па мэтры ў вышыню і шырыню, з вэнтылятарам і ўнутраным асьвятленьнем. Мужчын і жанчын селяць на розных паверхах. Выгоды — душ, санвузел, пакой для яды і адпачынку — агульныя.

Кожны пастаялец павінен пакінуць рэчы і абутак у камэры захоўваньня і пераапрануцца ў кімано на манер байцоўскага. Хто не пакутуе на клаўстрафобію, мае ўнікальную магчымасьць пераначаваць у самым дарагім горадзе сьвету за 30 даляраў.

Камэры захоўваньня

Ракан — мінімалістычны гатэль з татамі і імітацыяй традыцыйных вокнаў-перагародак. На 6 квадратных мэтрах гаспадары ўмудраюцца разьмясьціць чайны столік, міні-халадзільнік і тэлевізар на такім жа мініятурным сэйфе замест падстаўкі. Ні крэслаў, ні ложка, усё жыцьцё на падлозе.

Не саступае кампактнасьцю і санвузел: 80-сантымэтровая ванна і «дзіцячы» ўмывальнік. Ня цацачным выглядае толькі ўнітаз — кампутарызаваны і наварочаны.

Пакой у ракане

Экстрэмальная кухня

Суседзтва зь Ціхім акіянам і Японскім, Усходне-Кітайскім ды Ахоцкім морамі наклала адбітак на кулінарныя прыярытэты тубыльцаў — дары водных глыбіняў у розных варыяцыях, ад водарасьцяў да малюскаў.

Варта зрабіць азнаямляльную экскурсію на рыбны рынак, каб зразумець, з чаго складаецца рацыён астраўлянаў. Гіганцкія тушы тунца, плаўнікі акулы, марскія вожыкі, крабы, кальмары і васьміногі, вустрыцы на адкрытым агні, «грабеньчыкі» ды іншая экзотыка.

Дары марскіх глыбіняў

Беларусы знаёмыя перадусім з сушы, але асартымэнт японскай кухні насамрэч бязьмежны. Пры гэтым смак, мякка кажучы, не зусім звыклы, часам ежа просіцца назад. Таму да японскай кухні трэба прызвычаіцца — далёка ня кожнаму прыйдуцца даспадобы парасткі фасолі, халодная макарона ў соевым соўсе ці шарыкі з клейкага рысу ў сыропе.

Казырная страва ўсіх фудкортаў — рамэн. Зьмесьціва талеркі выглядае як разбаўлены «ролтан», у які накідана ўсё, што засталося ад учорашняй вячэры. І па яго стаяць чэргі.

Вулічныя далікатэсы

З алькаголем усё больш прадказальна. Пад цёплую рысавую гарэлку ў «сакэшных» зьбіраюцца шумныя мужчынскія кампаніі — некаторым потым патрабуецца дапамога таварышаў. Піва выдатнай якасьці і яго можна піць у цягніках і мэтро, да гэтага заклікае рэкляма ў вагонах. На віскі дарагіх гатункаў папярэдні запіс, яно тут дасьць фору шатляндзка-ірляндзкім аналягам.

Сакэ ў кавярнях падаюць падагрэтым

Атамная спадчына

Японія — адзіная краіна сьвету, супраць якой была ўжытая атамная зброя. Так гітлераўскі саюзьнік быў пакараны за тое, што праігнараваў ультыматум з патрабаваньнем спыніць ваенныя дзеяньні. Да таго ж у амэрыканцаў зьявіўся шанец адпомсьціць за крывавы Пёрл-Харбар 1941-га.

Фрагмэнт экспазыцыі Музэю міру

У выніку ядзерных атак на Хірасіму і Нагасакі 6 і 9 жніўня 1945 году было забіта амаль 250 тысяч чалавек, перадусім мірных жыхароў. У Хірасіме загінуў кожны другі з тагачаснага насельніцтва — 150 тысяч. 90% будынкаў былі разбураныя. Нагасакі разам зь іншымі партовымі гарадамі атрымаў пару дзён на эвакуацыю, але многія ад яе адмовіліся.

У Хірасіме памяць пра ахвяраў ушанаваная ў шматлікіх помніках. Неўзабаве пасьля вайны ўзьнік Музэй міру, а на 12 гектарах навокал раскінуўся маштабны мэмарыяльны парк.

Сьляды ядзернага выбуху на былым Выставачным цэнтры

Дамінантай — «дом атамнай бомбы». Гэта захаваны ў выглядзе руіны былы выставачны цэнтар Гандлёва-прамысловай палаты Хірасімы. Апроч яго, горад — фактычна навабуд.

Праблему хаўрусу зь Нямеччынай японцы вырашылі далікатна: у дні бамбардзіровак і капітуляцыі Японіі да мэмарыялу прыводзяць выхаванцаў садкоў і школьнікаў, каб змалку ведалі, якое гэта зло — вайна.

Каля помніка дзецям — ахвярам бамбаваньня Хірасімы

Гармонія па-японску

Праз вульканічную і тэктанічную актыўнасьць навакольны ляндшафт захоўвае некранутую прыгажосьць: ад велічных горных масіваў да вузкіх далін. Шкада толькі, што галоўны сымбаль краіны — вулькан Фудзі — 300 дзён на год хаваецца ў аблоках.

Фудзі ў аблоках

Большая частка тэрыторыі разьмешчана ў цёплай кліматычнай зоне, таму расьліннасьць буяе (хоць гарачыню пры 100-працэнтнай вільготнасьці пераносіць няпроста). Раздольле і для жыўнасьці: у горных лясах пад Кіёта можна паназіраць за гарэзьлівымі макакамі, а яшчэ адна колішняя сталіца Нара — прытулак аленяў.

Японскія макакі

За год на архіпэлягу выпадае да 1700 мм ападкаў. Да гэтага трэба дадаць тайфуны і трапічныя ліўні, цунамі і землятрусы. Аднак японцы годна супрацьстаяць прыродным стыхіям.

Працягласьць жыцьця — найважнейшы індыкатар стану грамадзтва. У Японіі мужчыны жывуць у сярэднім 80 гадоў, жанчыны — 86. Гэта самыя высокія паказьнікі ў сьвеце.

Стары мастак прапісвае па-японску беларускае «дзякуй!»

Пры гэтым японцы здольныя на крайнасьць — краіна сярод лідэраў па колькасьці самазабойстваў. Яшчэ ад самураяў павялася традыцыя рабіць харакіры — добраахвотна сыходзіць з жыцьця, каб пазьбегнуць ганьбы. У апошнюю вайну не задумваючыся ахвяравалі сабой камікадзэ-пілёты і банзай-воіны.

У сучаснай Японіі суіцыд найчасьцей мае загладзіць памылку, якая прынесла ганьбу ці матэрыяльныя страты сям’і, школе, кампаніі. Часта да радыкальнага кроку падштурхоўвае страта працы і, як вынік, немагчымасьць пагасіць даўгі ці крэдыты.

13-мэтровы Будда ў Камакуры

Месца, якое магнітам прыцягвае дэпрэсіўных асобаў, — сумнавядомы «лес самагубцаў» у мясцовасьці Аокігахара ля падножжа Фудзі. Кожны год паліцыя знаходзіць там дзясяткі трупаў няшчасных суайчыньнікаў — як і ў даўнія часы, калі бедныя японцы звозілі сюды на верную сьмерць старых і дзяцей, якіх не маглі пракарміць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.