Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ў сераду распавёў журналістам пра прычыны звальненьня свайго дарадцы па нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана. Трамп, у прыватнасьці, рэзка раскрытыкаваў прапановы Болтана аб палітыцы ў адносінах да Паўночнай Карэі і Вэнэсуэлы. Ён таксама заявіў, што Болтан часта ня супадаў ў меркаваньнях зь іншымі прадстаўнікамі адміністрацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп звольніў свайго дарадцу Болтана, які нядаўна быў у МенскуПрэзыдэнт ЗША нагадаў аб прапанове Болтана кіраўніцтву Паўночнай Карэі адмовіцца ад ядзернай зброі без усялякіх папярэдніх умоў, заявіўшы, што разумее рэзкую рэакцыю паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына на гэтую прапанову. Паводле Трампа, меры, прапанаваныя Болтанам, таксама не прывялі да падзеньня рэжыму Нікаляса Мадура ў Вэнэсуэле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мадура пойдзе па трупах», — вэнэсуэльскі рэжысэр пра саюзьніка ЛукашэнкіМенавіта былы дарадца па нацыянальнай бясьпецы часьцей за іншых прадстаўнікоў адміністрацыі ЗША выступаў па вэнэсуэльскай праблематыцы, заяўляючы пра поўную падтрымку Вашынгтонам апанэнта Мадура Хуана Гуайдо. Болтан таксама выступаў супраць любога зьмякчэньня санкцый у дачыненьні да Ірану. Гэтая ідэя прапаноўвалася для таго, каб падрыхтаваць глебу для магчымай сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Ірану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра нераспаўсюджваньне якой зброі дарадца Трампа размаўляў з ЛукашэнкамДжон Болтан быў адпраўлены ў адстаўку ў аўторак. Трамп тады напісаў у твітэры, што імя новага дарадцы па нацыянальнай бясьпецы назаве на наступным тыдні. У чацьвер у амэрыканскай прэсе зьявіліся паведамленьні, што ў адміністрацыі Трампа абмяркоўваецца магчымасьць прызначэньня на пасаду дарадцы па нацыянальнай бясьпецы дзяржаўнага сакратара Майка Пампэо, з тым каб ён сумяшчаў абедзьве пасады.
Такі прэцэдэнт у гісторыі ЗША існуе: у 1973 году дарадца па нацыянальнай бясьпецы Генры Кісінджэр стаў дзяржсакратаром і займаў гэтую пасаду два гады. Сам Трамп гэтай інфармацыі не камэнтаваў. Напярэдадні ён заяўляў, што разглядае пяць кандыдатур на пасаду дарадцы, ня назваўшы іх імёнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кангрэс адновіць дапамогу Украіне, калі Трамп яе адменіць, — сэнатары ЗША