Дырэктар крамы Symbal.by Павал Белавус апублікаваў у сваім фэйсбуку адказ Менгарвыканкаму наконт разьмяшчэньня ў мэтро рэклямы, на якой было фота дзяўчыны ў цішотцы з «Пагоняй».
Што адбылося?
Крама Symbal.by хацела разьмясьціць у менскім мэтро сваю рэкляму, на якой было фота дзяўчыны ў цішотцы з «Пагоняй». У мэтрапалітэне рэклямнай агенцыі «Мэдыя Альянс», зь якой супрацоўнічае Symbal.by, сказалі, што не гатовыя браць на сябе адказнасьць і накіравалі Менгарвыканкам. Пытаньне перанакіроўвалі з аддзела ў аддзел, у выніку «Мэдыя Альянсу» адказалі пасьля звароту да старшыні Менгарвыканкаму Анатоля Сівака.
Што адказалі ў Менгарвыканкаме?
У адказе намесьніцы старшыні Сівака Ганны Мацельскай сьцьвярджаецца, што ў кампэтэнцыю Менгарвыканкаму не ўваходзіць прававая ацэнка і кваліфікацыя дзеяньняў субʼектаў гаспадараньня, бо гэтым займаецца суд.
Пры гэтым адзначылі, што
- У рэкляме забаронена выкарыстоўваць эмблемы і сымболіку, асобамі, якія ня маюць права на іх выкарыстаньне;
- Герб «Пагоня» уключаны ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцей.
На думку Белавуса, гарадзкія ўлады зрабілі адпіску, бо мэтрапалітэн перастрахоўваўся і ня вешаў рэкляму. Кіраўнік Symbal.by плянуе ўзьняць гэтае пытаньне на сустрэчы з новым галоўным ідэолягам Беларусі Андрэем Кунцэвічам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць symbal.by заводзілі адміністрацыйную справу за фэст у Менску