Суд Цэнтральнага раёну Гомля вынес рашэньне ў крымінальнай справе Багдана Масьціча. Былы міліцыянт абвінавачваўся ў хуліганстве, перавышэньні ўлады, бязьдзеяньні службовай асобы і зьнішчэньні дакумэнта.
Судзьдзя Алеся Осіпава прызнала Багдана Масьціча вінаватым у злачынствах па ўсіх артыкулах і пакарала яго пазбаўленьнем волі на чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
Рашэньне суду можна абскардзіць ці апратэставаць у 10-дзённы тэрмін.
Прысуд быў вынесены ў дзень нараджэньня абвінавачанага — сёньня яму споўнілася 27 гадоў.
Прысуд Масьціч сустрэў аплядысментамі. Ягоная маці плакала і казала: «За што?!»
Багдан Масьціч працаваў у аддзеле барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Цэнтральнага РАУС. За час працы, паводле ягоных бацькоў, меў 40 узнагарод і падзяк. На судзе абвінавачаны прэзэнтаваў сябе як добрага супрацоўніка, які раскрыў безьліч злачынстваў. Абвінавачаньні ў хуліганстве, перавышэньні ўлады, бязьдзеяньні, крадзяжы, зьнішчэньні ці ўтойваньні афіцыйных дакумэнтаў, штампаў, пячатак ён лічыць сфальсыфікаванымі.
У час выступу на судзе Масьціч заявіў, што мэта крымінальнай справы — «прамая ізаляцыя» яго «для прадухіленьня распаўсюджваньня фактаў злачыннай дзейнасьці некаторых службовых асобаў».
Бацькі Багдана Масьціча сьцьвярджаюць, што іхны сын меў канфлікт з кіраўніцтвам Цэнтральнага РАУС, яго прымусілі адтуль звольніцца, а крымінальныя справы — помста «няўгоднаму» супрацоўніку.