6–7 верасьня ў Крынках на Беласточчыне прайшла сустрэча беларусаў Рэспублікі Беларусь, Падляшша і Заходняй Эўропы пад назвай «ХХ Трыялёг у Крынках. Сёньня Dzisiaj Today», паведамляе Gazeta Wyborcza.
Такія сустрэчы праходзяць у Крынках, мястэчку на мяжы Падляшша зь Беларусьсю, штогод. Заснаваў гэты дыскусійны форум у 1999 годзе беларускі пісьменьнік Сакрат Яновіч, які ў Крынках нарадзіўся і пражыў у іх апошнія 20 гадоў свайго жыцьця.
Пасьля сьмерці Сакрата Яновіча ў 2013 годзе, ідэю Tрыялёгаў працягнуў блізкі сябар пісьменьніка і вядомы беларуска-польскі мастак Лявон Тарасэвіч, заснаваўшы зь некалькімі супрацоўнікамі адмысловы фонд Villa Sokrates і пашырыўшы раней пераважна літаратурныя сустрэчы на іншыя віды мастацтва: жывапіс, тэатар, музыку.
Прапануем вам кароткую падборку цытатаў некаторых удзельнікаў сёлетняга Трыялёгу.
Кастусь Бандарук, сьвятар, намесьнік старшыні фундацыі Villa Sokrates:
«Істотныя зьмены ў Беларусі могуць не адбыцца яшчэ цягам доўгага часу. Калі нечага нельга зьмяніць, то трэба з гэтым зьмірыцца. Трэба прыняць саміх сябе такімі, якімі мы ёсьць, і перастаць плакаць і наракаць. Проста беларусы жывуць у рэаліях, у якіх пра ўсё вырашаюць бязь іх. Гэта датычыць як мовы, культуры і эканомікі, так і палітыкі.
Ёсьць у гэтым нават нешта аптымістычнае. Тая афіцыйная культура, на дзяржаўных датацыях, рэгуляваная, якую падкормліваюць грантамі на загад зьверху, раней ці пазьней зьнішчыць сама сябе і прайграе з саматужнай, жывой і адкрытай творчасьцю.
Дадам: няма сэнсу безупынна кідацца паміж Усходам і Захадам, бо ў сфэры культуры гэта якраз мітычная Сцыла і Харыбда. Трэба ведаць, што адбываецца ў сьвеце. Трэба канструктыўнае ўзаемадзеяньне зь іншымі культурамі і фільтраваньне замежных каштоўнасьцяў, а ня іх пасіўнае перайманьне і запазычваньне».
Марыюш Машкевіч, дыплямат, была амбасадар Польшчы ў Беларусі (1998–2002):
«Беларусь — вельмі цікавая і важная краіна. Думаючы пра Беларусь, мы карыстаемся схемамі, абапертымі на стэрэатыпах, што Беларусь зьяўляецца пэрыфэрыяй, якая нікога не цікавіць. Гэта выклікае маё непрыманьне. Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы. Праблема толькі ў тым, як „прадаць“ тое, што ў ёй цікавага».
Раман Чэпэ, палітык «Права і справядлівасьці»:
«Я люблю [праваслаўную] Царкву. Католік ня можа не любіць Царквы. Я быў бы задаволены, калі б літургію ў ёй [у Польшчы] служылі па-беларуску, каб і ў гэткі спосаб бараніць беларускую ідэнтычнасьць. Вы, як праваслаўныя, павінны паўплываць на гэта».
Ігар Бабкоў, пісьменьнік зь Менску:
«Беларуская літаратура — ня проста забаўка, яна ня служыць толькі таму, каб прыемна правесьці вольны час; яна адмаўляецца ад доўгай, так званай, традыцыі патрыятычнага абавязку. Беларуская літаратура — гэта зона свабоды. Гэта прытулак
для тых, чыю прагу свабоды не разумеюць».
«Для сучаснай Беларусі са штучна вывучанай беларускай мовай Беласточчына падаецца ідыліяй. Мы сюды прыяжджаем і можам мець надзею, што наша беларускае мара становіцца рэальнасьцю. Гэта такі астравок беларускай нармальнасьці ў штучным, глябалізаваным сьвеце. Трэба ўпісваць беластоцкі міт у беларускую культуру».
Міхал Андрасюк, пісьменьнік зь Беласточчыны:
«Я бачу дзьве Беларусі: Рэспубліку Беларусь і літаратурную Рэспубліку Беларусь. Пачатак сучаснай дзяржаве Беларусь дала літаратура, а не палкаводцы ці палітыкі. Гэта літаратуры захавала беларускую ідэю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы разважалі ў сынагозе пра распад Расеі. 5 высноваў зь сёлетняга «Трыялёгу ў Крынках»Аліна Ваўранюк, настаўніца зь Беластоку:
«Беларускія настаўнікі не цікавяцца беларускай гісторыяй і культурай. Чаму няма іх на нашых беларускіх імпрэзах? У нас мноства інструктараў беларускіх калектываў, якія навучаліся ў Беларусі і потым прыкончылі нашу культуру. Калі ня будзе добрых настаўнікаў, г…о будзе».