Мінімум 14 затрыманых і «замежнае ўмяшаньне». У Расеі прайшоў «дзень выбараў»

Галасаваньне ў Санкт-Пецярбурзе

У Расеі 8 верасьня прайшоў так званы «адзіны дзень галасаваньня» — па краіне адбыліся некалькі дзясяткаў выбарчых кампаніяў розных узроўняў, у тым ліку выбары губэрнатараў 16 рэгіёнаў і выбары ў Маскоўскую гарадзкую думу.

У Маскве ў адзіны дзень выбараў паблізу Цьвярской вуліцы затрымалі 14 чалавек — актывістаў і журналіста «Новой газеты», частка зь іх мела сымболіку ў падтрымку фігурантаў «маскоўскай справы». Пра гэта паведаміла само выданьне са спасылкай на каардынатарку праекту «Аб'яднаныя дэмакраты» Тацьцяну Усманава. Пра затрыманьні таксама паведамляе праект «ОВД-Инфо».

Сярод затрыманых муніцыпальны дэпутат і журналіст выданьня «Новая газэта» Ільля Азар, удзельніца Pussy Riot Марыя Алёхіна, актывістка Вікторыя Іўлева і яшчэ 11 чалавек.

Паводле Азара, паліцэйскія заявілі, што ён знаходзіцца ў «сьпісе падазроных асобаў». Але канкрэтную прычыну затрыманьня ні яму, ні іншым затрыманым не патлумачылі.

Лідэр апазыцыі Аляксей Навальны (у цэнтры) пасьля галасаваньня 8 верасьня

Паводле папярэдніх зьвестак, што перадае Meduza, на выбарах губэрнатараў у лідэрах аказаліся кандыдаты ад уладаў, але амаль у палове акругаў Масквы перамагае «сыстэмная апазыцыя», а ў Хабараўскім краі партыя ўлады «Единая Россия» атрымала паразу ад партыі ЛДПР.

Пасьля сэрыі пратэстаў у Маскве Сьледчы камітэт пачаў некалькі крымінальных спраў паводле розных артыкулаў: удзел у масавых беспарадках, гвалт у дачыненьні да прадстаўнікоў улады, неаднаразовае парушэньне правілаў удзелу ў мітынгах, распальваньне нянавісьці з пагрозай гвалту. У двух выпадках пракуратура патрабавала пазбавіць удзельнікаў мітынгаў бацькоўскіх правоў. Усе гэтыя працэсы вядомыя ў мэдыя пад адной назвай — «маскоўская справа».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд прызначыў першыя турэмныя тэрміны ўдзельнікам маскоўскага пратэсту
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За шматлікія пратэсты расейцу далі 4 гады калёніі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейца асудзілі на 5 гадоў за твіт пра дзяцей паліцыянтаў

Раскамнагляд выявіў распаўсюд палітычнай рэклямы ў дзень выбараў у Расеі ў пошукавіку Google, сацсетцы Facebook і відэахостынгу Youtube, паведамляе ТАСС. Хто публікаваў рэкляму на гэтых сэрвісах (іншаземцы ці самі расейцы), не ўдакладняецца.

«Гэтыя дзеяньні можна разглядаць як умяшаньне ў сувэрэнныя справы Расеі і перашкоду правядзеньню дэмакратычных выбараў у Расейскай Фэдэрацыі», — гаворыцца ў заяве Раскамнагляду.

Ведамства загадзя папярэджвала кампаніі Google і Facebook аб недапушчальнасьці распаўсюду 7 і 8 верасня палітычнай рэклямы на сваіх рэсурсах у сувязі з правядзеньнем выбараў у Расейскай Фэдэрацыі.