Мірскі або Нясьвіскі замкі маюць статус абавязковых турыстычных атракцыяў у Беларусі. Свабода прапануе менш відавочны гайд па занядбаных старых будынках, куды варта паехаць па атмасфэрныя фота. Пасьпейце ўхапіць веліч, якая сыходзіць гэтак жа імкліва, як прамінула лета.
1. Палац Сапегаў
Мястэчка Ружаны, Пружанскі раён, Берасьцейская вобласьць
130 кілямэтраў ад Берасьця
Бадай што самае вядомае месца ў гэтым сьпісе. Нельга сказаць, што гэта выключна руіны. Рэшткі палаца пачалі аднаўляць у 2008 годзе. Цяпер вандроўнікаў сустракаюць адрэстаўраваныя брама і флігелі. Аднак рэшта пабудовы выглядае як цагляны шкілет са зграбнай аркадай і пустымі вачніцамі вокнаў.
Ружанскі палац, які належаў шляхецкаму роду Сапегаў, — адзін з найбуйнейшых палацавых комплексаў Беларусі XVII–XVIII стагодзьдзяў. Пабудаваны ў пераходным стылі ад барока да клясыцызму. Зруйнаваны падчас Другой усясьветнай вайны.
2. Капліца-пахавальня роду Ажэшкаў
Мястэчка Закозель, Драгічынскі раён, Берасьцейская вобласьць
120 кілямэтраў ад Берасьця
Гэта адна з самых старых пабудоваў у Беларусі ў стылі нэаготыкі. Яна паўстала ў 1839 годзе.
Па некаторых зьвестках, менавіта тут хаваўся адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 гадоў Рамуальд Траўгут.
У мястэчку Закозель быў маёнтак роду Ажэшкаў, адкуль паходзіць і славутая польская паэтка і пісьменьніца Эліза Ажэшка. У XIX стагодзьдзі Нікадзім Ажэшка пабудаваў тут сядзібу з паркам, вінакурняй, гаспадарчымі абʼектамі. Сярод усіх збудаваньняў сваёй прыгажосьцю вылучалася капліца. У ёй спачывалі нябожчыкі сямʼі Ажэшкаў. Цяпер крыпта пустая. Маёнтак забралі ў Ажэшкаў пасьля паўстаньня 1863–1864 гадоў. Потым тут быў каталіцкі касьцёл, а пасьля праваслаўная царква.
У аснове капліцы — квадрат. На фасадах арачныя ўваходы. Завяршаюць пабудову чатыры вежачкі і крыж пасярэдзіне даху. На сьценах яшчэ захаваліся фрагмэнты ляпніны з карункавым узорам.
3. Царква Раства Багародзіцы і Мікалаеўская царква
Вёскі Сьвяча і Слабодка, Бешанковіцкі раён, Віцебская вобласьць
70 кілямэтраў ад Віцебску
Гэтыя цэрквы — за некалькі кілямэтраў адна ад адной. Абедзьве пабудаваныя з чырвонай цэглы ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзя. Дах царквы ў Сьвячы абваліўся, захаваліся толькі сьцены. Цяпер бажніцу аднаўляюць, а побач зь ёй будуюць драўляную капліцу.
Мікалаеўская царква — помнік архітэктуры нэарускага стылю. Зачыненая ў 1935 годзе. Стан досыць добры. Усярэдзіне стаяць будаўнічыя рыштаваньні — магчыма, засталіся пасьля падрыхтоўкі да рэканструкцыі. Побач са сьвятыняй захаваліся два каменныя крыжы.
4. Замак Белы Ковель або Малы Ковель
Вёска Смальяны, Аршанскі раён, Віцебская вобласьць
90 кілямэтраў ад Віцебску
Рэнэсансавы замак быў пабудаваны на пачатку XVII стагодзьдзя. Таўшчыня муроў сягала 170 сантымэтраў. Замак належаў князям Сангушкам. У пакоях стаялі печы з гербам «Пагоня». Бажніцу зруйнавалі расейскія ўлады ў першай палове XIX стагодзьдзя.
5. Палац Войніч-Сенажэцкіх
Вёска Хальч, Веткаўскі раён, Гомельская вобласьць
16 км ад Гомля
Помнік архітэктуры клясыцызму. Пабудаваны на пачатку XX стагодзьдзя на правым беразе ракі Сож. Яго маляваў Напалеон Орда. Палац складаўся з двухпавярховага корпусу і аднапавярховых флігеляў па баках. Флігелі не захаваліся.
6. Сядзіба Горватаў
Горад Нароўля, Нараўлянскі раён, Гомельская вобласьць
125 кілямэтраў ад Гомля
Палацава-паркавы комплекс роду Горватаў у стылі клясыцызму быў пабудаваны ў першай палове XIX стагодзьдзя. Закладаў яго Данііл Ігнатавіч Горват.
Пісьменьнік Андрэй Горват цяпер спрабуе вярнуць месца сабе і захаваць радавое гняздо. Каб уратаваць Нараўлянскі палац, беларусы запусьцілі пэтыцыю і сабралі каля 1000 подпісаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У абстаноўцы строгай сакрэтнасьці. Пабачыла сьвет другая кніга Горвата7. Касьцёл Адведзін Найсьвяцейшай Дзевы Марыі
Пасёлак Вялікая Бераставіца, Бераставіцкі раён, Горадзенская вобласьць
60 кілямэтраў ад Горадні
Помнік архітэктуры раньняга барока. Пабудаваны каля 1615 году. У розныя пэрыяды пры касьцёле працаваў шпіталь, дзейнічала школа. Некаторыя жыхары мяркуюць, што менавіта ў гэтым касьцёле друкаваліся першыя нумары газэты «Мужыцкая праўда». У часы Расейскай імпэрыі быў перароблены на царкву. Зачынены ў 1963 годзе. Выкарыстоўваўся як склад. У 1990 годзе касьцёл зноў перадалі вернікам. Аднак праз два гады здарыўся пажар — згарэў дах, абрынуліся скляпеньні. З таго часу сьвятыня стаіць закінутая. Пад будынкам захавалася крыпта.
8. Бабруйская крэпасьць
Горад Бабруйск, Магілёўская вобласьць
115 кілямэтраў ад Магілёва
Абарончае збудаваньне, помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя ў стылі клясыцызму. У 1840-х гадах была адной з найлепшых у Эўропе. Прызначалася для абароны заходніх межаў Расейскай імпэрыі. Боепрыпасаў тут было на год, правіянту — на паўгода. Прыняла на сябе ўдар арміі Напалеона ў 1812 годзе. У 1820–1823 гадах тут служылі арганізатары дзекабрысцкага руху.
Падчас II усясьветнай вайны ў крэпасьці быў нямецкі канцлягер для савецкіх ваеннапалонных. Тут загінулі каля 80 тысяч чалавек. Комплекс быў часткова разбураны ў 1950–1980 гады.
9. Сядзіба Тышкевічаў
Урочышча Вялае, Валожынскі раён, Менская вобласьць
75 км ад Менску
Драўляны палац побач з Налібацкай пушчай пабудаваў у 1840 годзе граф Бэнэдыкт Тышкевіч. Ён любіў тут паляваць. Калі палац згарэў, на ягоным месцы пабудавалі каменную сядзібу. У канцы XIX стагодзьдзя на тэрыторыі сядзібы Тышкевічы заклалі першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі зьвярынец. Там жылі ласі, алені, мядзьведзі. Падчас I усясьветнай вайны гаспадары выехалі з маёнтку. У апошнюю вайну сядзіба была зруйнаваная.
Праўда, двухпавярховы будынак з мансардай захаваў свае абрысы. Відаць двусхільны дах, чатыры дымаходы, прыгожая аркада. Аднак будынак з чырвонай цэглы і зь белым дэкорам нібы пагрызены невядомым лясным зьверам, што выйшаў з гушчару.
10. Траецкі касьцёл
Вёска Беніца, Маладэчанскі раён, Менская вобласьць
95 кілямэтраў ад Менску
Касьцёл пабудаваны ў 1701 годзе ў стылі позьняга барока. Тут хрысьціў сваіх дзяцей Міхал Клеафас Агінскі. Пры касьцёле дзейнічала школа. У часы Расейскай імпэрыі перабудоўваўся на праваслаўную царкву. Усярэдзіне былі пахавальні семʼяў Швыкоўскіх і Коцелаў. Іх разрабавалі.
11. Сядзіба Станіслава Манюшкі
Пасёлак Сьмілавічы, Чэрвеньскі раён, Менская вобласьць
35 кілямэтраў ад Менску
Помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя ў стылі псэўдаготыкі і нэаготыкі. Яго пачынаў будаваць дзед Станіслава Манюшкі на месцы замка XVI стагодзьдзя. Комплекс уключаў у сябе два палацы, злучаныя аранжарэяй, і парк. У апошнюю вайну дом, дзе жыў славуты кампазытар, разбурылі.
12. Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі
Мястэчка Зембін, Барысаўскі раён, Менская вобласьць
75 кілямэтраў ад Менску
Пабудаваны ў 1809 годзе на месцы папярэдняга драўлянага, які згарэў. Сьвятыняй апекаваліся манахі дамініканцы, якія дзейнічалі ў Зембіне з 1640 году. Пры манастыры працавала школа. Вялікую бібліятэку зьнішчылі французы падчас вайны з Напалеонам. Сьвятыню забіралі пад праваслаўную царкву, пасьля вярнулі каталікам. У 1932 годзе савецкая ўлада зноў зачыніла касьцёл. З таго часу ён руйнуецца, абрынуўся дах, былыя рысы захаваў толькі франтальны фасад са скульптурай Дзевы Марыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Валідол, майткі і шакаляд». Што бязьвізавыя турысты вывозяць з Горадні? ФОТА