19 жніўня Менскі абласны суд пачаў разглядаць справу аб падвойным забойстве ў стаўпецкай школе № 2. Свабода публікуе новую кнігу журналіста Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы». Праз гісторыю гораду Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей аўтар спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.
На другі дзень пасьля забойства журналісты Свабоды ўключылі відэакамэру, мікрафон і сталі ў самым людным месцы ў Стоўпцах — паміж шпіталем, крамамі і аптэкай. Пытаньняў у іх да мінакоў было два: чаму так здарылася і што трэба зрабіць, каб такіх здарэньняў у школах больш ніколі не было?
— Я 40 гадоў таму скончыла школу, і ў нас такога ніколі не было. Нават у галаве ня ўкладваецца гэтая трагедыя. Раней для нас, моладзі, было ўсё. Ладзілі нейкія танцы, дыскатэкі. А куды цяпер дзецца моладзі? Яны і сядзяць у гэтых кампутарах, у гэтых незразумелых гульнях. Праз гэта ў іх парушаецца псыхіка. Калі такія выпадкі здараюцца, то вядома, што неабходна прымаць нейкія меры. У нас калі нейкія сьвяты ў горадзе, то міліцыя правярае. Відаць, трэба такое рабіць і ў школах. Або трэба праводзіць зь дзецьмі нейкую псыхалягічную працу. І з бацькамі на бацькоўскіх сходах. Я таксама выгадавала дзяцей. У нас нават у думках не было, што школьнікі маглі б нешта такое ўчыніць.
— Увечары моладзі няма куды ісьці ў нашым горадзе. Сын у мяне студэнт, прыяжджае сюды. Калі раней былі нейкія дыскатэкі ці задрыпаны кінатэатар на плошчы, усё роўна там нешта было. А цяпер... Была міліцыя. Дзеці былі занятыя хоць нечым. А цяпер жа ўвогуле. Езьдзяць у Гарадзею. А ў Гарадзеі таксама ўсякія зьбіраюцца... Там таксама невядома што. Пабудавалі новы спартыўны комплекс, але ж ён адчынены толькі днём. А ўвечары? А ў выходны дзень? Дзеці самі па сабе, займаюцца абы-чым. Акрамя кампутара, ім больш тут няма чым заняцца.
— Я бачыла Вадзіма маленькім яшчэ. Апошні раз бачыла пару месяцаў таму. Паглядзеўшы на яго, я б ніколі не сказала, што гэтае дзіця можа пайсьці на такое. Нармальная сямʼя. Тата працуе, мама працуе. Купілі маленькі домік, дабудавалі яго. Ёсьць машына. Забясьпечаныя. Ня ўкладваецца ў галаве. Гэта ня проста па-зьверску, нават слоў такіх няма, каб пра гэта казаць.
— Я жыву тут 57 гадоў, і каб такое здарылася... Я разумею, каб гэта ўчыніў нейкі адмарожаны, зэкі, кончаныя. Але каб 15-гадовае дзіця! Не магу зразумець.
— Трэба нешта рабіць у школе. Бо аддаеш дзіця туды і чакаеш яго назад. Можа, каб нейкая ахова была, каб хаця іх торбы правяралі.
— Хай начальства думае, яму відней.
— Трэба праводзіць прафіляктычную працу, размаўляць зь дзецьмі. Каб пэдагогі размаўлялі, адпаведныя службы. Ня нейкая адна сфэра, а ўсе павінны прымаць у гэтым удзел. Пачынаць трэба недзе з 4-й клясы, калі гэта пачынае праяўляцца ў дзяцей. Толькі гэта можа дапамагчы. Больш нічога. Можна паставіць дзесяць ахоўнікаў, але гэта нічога ня дасьць.
— Гэта магло адбыцца ў любым горадзе, бо моладзь цяпер паўсюль аднолькавая. Кожны заўсёды можа знайсьці сабе занятак паводле ўласнага інтэлекту. Калі ёсьць жаданьне, то можна сябе рэалізаваць у Стоўпцах. Ёсьць гурткі, ёсьць спартыўныя сэкцыі, ёсьць усё, можна сябе заняць.
— Трэба меры бясьпекі. Бо цяпер гэты інтэрнэт, сайты розныя. Нават узяць «УКантакце». Там ёсьць групы, небясьпечныя для дзяцей, асабліва для падлеткаў. Калі я вучылася ў школе, то трапляліся такія групы, што страшна было.
— І школа, і бацькі, і грамадзкія арганізацыі. Усе павінны гэтым займацца.
— Трэба прадпрымаць нейкія меры. Я ня ведаю што, але трэба нешта рабіць. У сацыяльных сетках поўна сэктаў, іх там могуць замбаваць. Хай будзе ахова на ўваходзе ў школы. Нават калі яна ня будзе правяраць, то няхай там будзе.
— Трэба новыя меры бясьпекі. Ёсьць такія размовы, што ў сацыяльных сетках ёсьць людзі, якія накіроўваюць нашых дзяцей на кепскае. Тое самае, як баптысты. Цягнуць грошы. Відаць, нешта на хлопчыка паўплывала ў сацыяльных сетках. Людзі гаварылі, што нехта старэйшы ў сетках гаворыць дзіцяці, што ты павінен забіць, яму ўстаўляюць у галаву гэта. Хай наша РУУС прымае меры ў інтэрнэце, можа, нешта забароніць. Хай правераць, бо нашы дзеці ў небясьпецы. Хлопчык гэты перад забойствам прыбраў усё са сваіх старонак у сетках, значыць, там нешта было. Мы выхоўваем сваіх дзяцей, стараемся, падымаем на ногі, а ў іх ёсьць ворагі.
— А як вы праверыце кожнае дзіця, ці ёсьць у яго нож? Гэта магло здарыцца дзе заўгодна. Сьвет цяпер такі.
— У нас вунь пабудавалі фізкультурна-аздараўленчы цэнтар. Хто хоча, той ходзіць туды. Там ёсьць басэйн, мае дзеці туды хадзілі. І я туды хадзіла. Там што хочаш. І фітнэс. І ў школе ёсьць армейская барацьба. Ня вельмі ўсяго шмат, але нейкі мінімум ёсьць. А якія яшчэ ўмовы? Дыскатэк хіба цяпер няма. Я нават ня ведаю. У 2-й школе кожную суботу нешта адбываецца. Там усе занятыя бясконца. Сэкцыі, заняткі, Дом культуры, музычная школа. Таму і незразумела, чаму так адбылося. Каб сказалі, што за імі не глядзелі — дык наадварот жа. Я ведала настаўніцу забітую. Вельмі адказная, добрасумленная. Са старога пакаленьня настаўнікаў, якія ставяцца да сваёй працы з душою. Добрая жанчына, і маці добрая.
— Я ведаю гэтую школу. У школе да ўсіх дзяцей ставіліся аднолькава. З такой самай увагай. Школу адрамантавалі, дырэктарка разумніца. Туды ходзяць дзеці з прытулку, прыёмныя дзеці, з апякунскіх семʼяў. Гэтая школа несла вельмі вялікую нагрузку. Там і два дзявятыя, і два дзясятыя. Але справа ня ў тым, што нехта ня ўгледзеў. Немагчыма ж залезьці ў глыбіню думак дзіцяці, якія там маглі быць канфлікты паміж хлопцамі ці нешта яшчэ.
— Галоўная мера бясьпекі — гэта правільна выхоўваць дзяцей. Да іх павінен быць правільны падыход, бо дзеці цяпер зусім іншыя і сьвет іншы навокал. Цяпер сьвет новых тэхналёгій, кампутары. Трэба на жыцьцё ўжо глядзець зусім інакш.
— Я знаю тое, што нельга столькі рэклямы круціць па тэлевізіі. Ну, і кампутары. Я гляджу, што выкладзена ў тым інтэрнэце. Нават той доктар Мясьнікоў, выкладваюць там розныя прэпараты, рэклямуюць іх. Ці ж можна такое паказваць па кампутары дзецям? Дзеці зацыкліваюцца на розных баевіках, на фільмах. Паўсюль у нас нейкія забойствы, карупцыя, таму так і здараецца. Раней мы пакідалі дзяцей дома, а самі ішлі на працу на цэлы дзень. І дзеці гулялі, то ў футбол, то ў што. А цяпер у нас што? Гульні праз кампутары.
— Трэба ўводзіць урокі. Як раней былі — царкоўныя. Каб было нешта біблейскае, каб яны ведалі, што ёсьць Бог і што гэта, магчыма, самае галоўнае ў жыцьці. Трэба, каб далей былі заняткі па асновах бясьпекі жыцьцядзейнасьці. І ўрокі трэба праводзіць у кантэксьце вось гэтых апошніх модаў — праз кампутарныя гульні. Абавязкова.
— Гэта адзінкавы выпадак. Але іншыя, можа, паглядзяць, і моладзь задумаецца. А тое, што будуць кожнага правяраць, то нічога лепш ад гэтага ня стане. У нас як нешта здараецца, то адразу пачынаюць праводзіць размовы, подпісы нейкія зьбіраюць.
— Пакуль што ў нашых школах не страляюць, як у Амэрыцы.
— Уключыце тэлевізар. Пастаянна фільмы, дзе бяздумна забіваюць, дзе жыцьцё нічога ня варта.
— Я ня ведаю. Быццам бы кажуць, што і настаўніца харошая, і хлопцы ціхія і разумныя, спакойныя. Але калі ўсе такія харошыя, то адкуль два нябожчыкі і адно зламанае жыцьцё? У яго наркотыкаў не знайшлі, ён поўнасьцю здаровы. Тут нешта павінна было быць. Але мы, відаць, гэтага ніколі не даведаемся. Праўда страшная, то нам яе ніхто ня скажа.
— Я ня буду адказваць. Я сама ў школе працую. Усё настолькі складана.
Погляд «рэтраграднай настаўніцы»
У дзень забойства, у 17.50, на сайце Радыё Свабода зьявіўся блог пра забойства ў Стоўпцах. Настаўніца і літаратарка Ганна Севярынец выказала сваю думку наконт прычынаў трагедыі.
«За хвіліну да таго, як прачытаць навіну пра Стоўпцы, я адкрыла на „Нашай Ніве“ зусім бяскрыўдны артыкул. Пра песьню, якая атрымала прэмію „Грэмі“. Уключыла гук на калёнках, паклікала сына: „Ільюшка! Хадзі паслухаем найлепшую песьню году!“ Я стараюся, калі можна, глядзець сёе-тое ў інтэрнэце разам зь дзецьмі — даючы прыклад сэрфінгу, прыклад нармальных, санкцыянаваных цікаўнасьцяў. Ведаць найлепшую песьню году — нармальная цікаўнасьць. Можна разам абмеркаваць, параўнаць густы.
Мы абое селі каля экрана, і я ўключыла ролік. Прыгожы сьпявак, рухаючыся пад музыку, пайшоў на камэру — і праз хвіліну выхапіў з кішэні пісталет і стрэліў у галаву нейкаму чалавеку, захутанаму ў тканіну. Паляцелі мазгі, і забіты рухнуў на падлогу.
Мяне ледзь не званітавала, затрэсьліся рукі — побач жа сядзіць малы! Я сама не магу глядзець на такое, хоць іншы раз прымушаю сябе — калі ты займаесься рэпрэсіямі трыццатых, ты ня можаш ня ведаць, не глядзець і не рэфлексаваць над такімі рэчамі. Але мой сын, які толькі што ў кліпе на найлепшую песьню году, узнагароджаную прэміяй „Грэмі“, пабачыў жыўцом расстрэл — чым ён вінаваты?!
А праз хвіліну я прачытала навіну пра разьню ў Стоўпцах.
Я не хацела б выглядаць рэтраграднай настаўніцай... Не. Я зараз хацела б выглядаць рэтраграднай настаўніцай. Менавіта — рэтраграднай настаўніцай.
Мая калега, настаўніца гісторыі Марына Міхайлаўна Пархімовіч, загінула сёньня на сваім рабочым месцы. На руках іншай маёй калегі, стаўпецкай настаўніцы, памёр цяжка паранены вучань. Трэцюю маю калегу, якая выскачыла ў калідор ратаваць дзяцей, уратаваў вучань, крыкнуўшы: „Зачыніце дзьверы!“ Я хацела б выглядаць рэтраграднай настаўніцай і крыкнуць некуды ў неба: „Вы дасталі, сволачы, са сваёй эстэтыкай забойстваў!“
Як вы дасталі, дзеячы культуры, музыкі і кіно, прагрэсіўныя і ня вельмі! Як вы дасталі, сцэнарысты і рэжысэры, сьпевакі і танцоры! Як жа ж вы дасталі, усе тыя, хто цягне на публіку забойствы і трупы, крывішчу і нажы, пісталеты і гвалт! Эстэтычныя імпатэнты, якіх болей не хвалюе нічога, акрамя як сцэны расстрэлаў, сьмерці і гвалту, як жа дасталі вы тырчаць у кожнай дзірцы публічнай прасторы і зьбіраць прагляды «малых сіх», карміць у гледачах самае благое, зарабляць на агрэсіі і рабіць выгляд, што гэта мастацтва.
Зараз, вядома, знойдуцца тыя, хто мне абавязкова ўсё патлумачыць. Пасьмяецца. Прывядзе прыклады. Я і сама, безумоўна, магу раскласьці на бясьпечныя складнікі гэты кліп з „Грэмі“ ці любы зь фільмаў умоўнага Тарантына.
Але сёньня ў Стоўпцах ашалелы падлетак забіў Марыну Міхайлаўну Пархімовіч і школьніка Сашу.
Я плачу, я не магу».
Школьнікі пра трагедыю
У першыя ж дні пасьля трагедыі Свабода шмат размаўляла з дарослымі — псыхолягамі, міліцыяй, настаўнікамі, бацькамі пра трагедыю ў Стоўпцах. Але мы забыліся распытаць саміх падлеткаў. Праз колькі дзён мы запрасілі ў студыю менскіх школьнікаў і запыталі: што яны думаюць пра трагічны выпадак і чаму такое магло здарыцца?
Аліса, 13 гадоў. Пра трагедыю ў Стоўпцах нам распавялі на ўроку біялёгіі. А потым настаўніца скінула спасылку на навіну. Сказалі, што ён мог быць пад наркотыкамі. Я думаю, што вінаватыя людзі, якія побач зь ім: бацькі, аднаклясьнікі і тыя ж настаўнікі. Усе вінавацяць інтэрнэт, але я ня ведаю чаму. Хлопчык быў даведзены да такога стану, што вырашыў забіць нажом, гледзячы ў твар настаўніцы. Ці ня значыць гэта, што нехта давёў яго да такога стану? Нішто ня можа навучыць чалавека агрэсіі, як іншыя людзі. Нельга абвінавачваць у гэтым фільмы ці інтэрнэт. Проста ніхто ня хоча браць на сябе адказнасьць.
Ян, 13 гадоў. Звычайна такія паводзіны могуць быць зьвязаныя з тым, што ў дзяцінстве чалавек атрымаў псыхічныя траўмы. Не абавязкова нават, што ў дзяцінстве, а ў прынцыпе. І магло адбыцца так, што хутка ўсё рэзка пагоршала. Напэўна, на гэта ўплываюць бацькі. Бо да пэўнага ўзросту дзіця практычна не ўваходзіць у кантакт з атачэньнем. Інтэрнэт можа быць вінаваты толькі ў тым выпадку, калі чалавека не навучылі ім карыстацца. У яго маглі зьяўляцца кепскія сябры, і ён ня змог вызначыць, кепскія яны ці добрыя. І ён ня мог пра гэта пагаварыць з бацькамі.
Ігнат, 16 гадоў. На грамадазнаўстве мы разьбіралі, чаму гэта адбылося, як магло б не адбыцца і што магло паўплываць на тое, што сталася. Найперш, я лічу, што праблема ў выхаваньні. Магчыма, нейкая недасказанасьць. Я заўважыў, што такое адбываецца пераважна з хлопцамі. Чаму? Бо ў нас у Беларусі грамадзтвам навязанае тое, што мужчыны павінны цярпець і не паказваць свае эмоцыі. Усё гэта накручваецца, як сьнежны камяк. І потым гэты нэгатыў праяўляецца праз такія жудасныя дзеяньні.
Ян, 14 гадоў. Гэта вельмі складанае пытаньне, бо ёсьць вельмі шмат варыянтаў, як гэта магло адбыцца і як магло не адбыцца. Такія сытуацыі ёсьць паўсюль. І ня важна, Гішпанія гэта ці Нідэрлянды. Я лічу, што кампутарныя гульні, пра якія кажа большасьць дарослага насельніцтва, гэта ня так. Поўная бязглузьдзіца. Ніякія навіны не прымусяць мяне зрабіць штосьці. Калі я ўбачу наркотыкі, то гэта не прымусіць мяне іх прымаць, гэтаксама як і цыгарэты. Магчыма, гэта праблемы выкладчыкаў і псыхолягаў, якія нас не зусім падтрымліваюць. Магчыма, і Вадзіму ў адзін момант не дапамаглі, і здарылася тое, што здарылася.
Развагі Сьвятланы Алексіевіч
Калі Сашу Раманава адпявалі ў царкве насупраць школы нумар 2, я падышоў да ягоных аднаклясьнікаў, каб паразмаўляць. Але ніхто зь іх ня быў гатовы да гутаркі. Дзеці збывалі мяне фразай «ён быў цудоўным сябрам» і «ніякіх камэнтароў».
Камэнтар я атрымаў на наступны дзень. Не, да мяне ніхто не патэлефанаваў і не напісаў. Калі я блукаў па профілях аднаклясьнікаў Сашы ў сацыяльных сетках, то адразу на некалькіх зь іх пабачыў развагі Сьвятланы Алексіевіч пра стаўпецкую трагедыю, якія былі апублікаваныя на сайце Свабоды.
Для дзяцей, які былі сьведкамі забойства і страцілі сябра, меркаваньне нобэлеўскай ляўрэаткі было вельмі блізкае іх уласным думкам і адчуваньням.
Вось што сказала Алексіевіч:
«Не, гэта, безумоўна, не прыватны выпадак. Разумееце, у паветры вісіць нейкая нянавісьць, людзі ёй проста зараджаюцца, падсілкоўваюцца. Зьяўляецца перакананьне, што праблемы можна вырашыць гвалтам — нажом, аўтаматам. А гэта самая страшная думка, якая можа зьявіцца. Дух гвалту, на жаль, сёньня прысутнічае ў нашым жыцьці ва ўсім і ўсюды...
Я бачыла твары выкладчыкаў, дырэктара той школы. І няпраўда, што там бардак, не было яго там ніколі. Гэта відавочна нават па твары той цудоўнай загінулай настаўніцы, якую вельмі любілі вучні — яны адзін за адным пра гэта гаварылі яшчэ да таго, як яе ня стала.
Дый у падлетка, які ўчыніў злачынства, сямʼя сама па сабе вельмі добрая. Відаць, што бацькі — звычайныя працаўнікі, якія шчыра радаваліся за сваё дзіця, жадалі для яго сьветлай будучыні. А ўжо пра забітага хлопчыка дык проста слоў няма. Рос сапраўдны сьвядомы беларус. Чалавек, які ўжо зрабіў свой асэнсаваны выбар.
Думаю, у тым ці іншым выглядзе прысутнічала пэўная рэўнасьць паміж гэтымі дзецьмі: абодва былі дастаткова моцнымі і амбітнымі. І нечага сьвядомасьць аднаго ня вытрымала — узмоцненая, як ужо казала, агульнай атмасфэрай духу гвалту, непавагі да чалавечага жыцьця. Вось тут трэба шукаць прычыны.
На ўсіх узроўнях паступова ўкараняецца думка, што ўсё можна вырашыць крыкам, сілай. Паглядзіце, як паводзіць сябе той жа Лукашэнка — загадвае міністру: давай, гавары, іначай выйдзеш адсюль у ланцугах-кайданках. Гэта ж таксама гвалт, непавага да чалавечай годнасьці.
А калі ён ня так даўно заявіў, што біць дзяцей — гэта „нацыянальная традыцыя“, дык пра што наогул казаць? Мне вось цікава: ён і свайго малодшага Кольку бʼе, як некалі старэйшых? І за што, за якія правіны? Шчыра кажучы, я пабывала і ў багатых краінах, і ў бяднейшых, але нічога падобнага ня чула з вуснаў вышэйшага кіраўніка.
Нам усім трэба навучыцца гаварыць, знаходзіць нейкія іншыя словы, а не крычаць, не раўці, як гэта робяць амаль усе начальнікі. Проста адмахнуцца, што ў школах бардак? Ды ў нас маса цудоўных настаўнікаў, якія працуюць абсалютна ў невыносных умовах, з кучай непатрэбных паперак, пад пастаянным прэсінгам праверак, пад кантролем людзей, якія нічога не разумеюць у адукацыі, але пастаянна крычаць. І тое, што кажа Качанава, таксама толькі адзін са складнікаў таго, што адбываецца. Таму, я думаю, усё гэта вельмі глыбінныя працэсы.
Паўтаруся, мне вельмі спадабаліся твары выкладчыкаў стаўпецкай школы. Я сама зь сямʼі настаўнікаў і ведаю, што такое сапраўды шчырыя твары. І людзі ня хлусяць, калі іх распытваюць на вуліцы, у адзін голас кажуць, што гэта вельмі добрая школа, выдатная дырэктарка.
Калі я бываю за мяжой, выступаю ў гімназіях, ліцэях, там зусім іншая танальнасьць размовы — вучняў паміж сабой, з настаўнікам, з вышэйшым начальствам, якое апякуецца гэтай школай.
І нават нягледзячы на гэта, там таксама здараюцца забойствы. Бо, зноў жа, існуе дух суперніцтва, непрыманьня чужых посьпехаў.
Асабліва паміж хлопчыкамі — дзяўчаткі ж не страляюць, ня рэжуць. Гэта ўсё той дух гвалту, які пасяліўся ў нашым жыцьці, зь якога ні я, ні іншыя пакуль што ня бачаць выйсьця. Дый ніхто асабліва і ня хоча выходзіць, усё вырашаецца толькі крыкам, пагрозамі, прыніжэньнем апанэнта. Хамства, якое пачынае ўладарыць нашым жыцьцём».
Працяг будзе
Кніга Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы» на svaboda.org
Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей журналіст Радыё Свабода спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.
Частка 1. «Банальнасьць зла» ў транзытным горадзе Стоўпцы
Частка 2. Пахаваньне настаўніцы
Частка 3. Пахаваньне вучня
Частка 4. Чумная зямля
Частка 5. Шляхі ахвяраў і забойцы ў школу № 2
Частка 6. Дом, дзе вырас забойца
Частка 7. Школьнік з аватаркай Шапэнгаўэра
Частка 8. Бацька пра сына: «Я ня мог ім надыхацца»
Частка 9. Чаму шкадуюць забойцу
Частка 10. Ганна Арэнт супраць Лукашэнкі
Частка 11. Як жыхары Стоўпцаў шукалі прычыну трагедыі
Частка 12. Кароткая гісторыя Беларусі
Частка 13. Месца злачынства
Частка 14. Альтэрнатыўныя вэрсіі трагедыі ў Стоўпцах
Частка 15. «Ад зайздрасьці ідуць самыя вялікія праблемы»
Частка 16. Горад у дэпрэсіі, бо людзі ў сабе
Частка 17. Стаўпецкі антыдэпрэсант