У Сырыі загінулі трое расейскіх вайскоўцаў і яшчэ двое атрымалі цяжкія раненьні. Пра гэта паведамляе расейскае інфармацыйнае выдавецтва «Ведомости» са спасылкай на вайскова-дыпляматычную крыніцу і арабскі інфармацыйны сайт Al-Masdar News.
Суразмоўца «Ведомостей» таксама паведаміў, што афіцэры загінулі 4 верасьня ў раёне населенага пункта Джурын, на тэрыторыі пад кантролем сырыйскіх уладаў. Паводле папярэдніх дадзеных, выбухнулі дзьве міны. Вайскоўцы атрымалі раненьні ад аскепкаў, удакладняе выданьне «Ведомости».
Al-Masdar спасылаецца на чальцоў сырыйскай групоўкі «Фронт нацыянальнага вызваленьня», якая падтрымліваецца Турэччынай. Яны сьцьвярджаюць, што расейскія вайскоўцы, якія зьбіраліся ісьці на іх ў наступ, трапілі ў іх засаду ў раёне населенага пункту Аджаз на ўсходзе правінцыі Ідліб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра нераспаўсюджваньне якой зброі дарадца Трампа размаўляў з ЛукашэнкамМіністэрства абароны Расеі інфармацыю аб сьмерці вайскоўцаў аспрэчвае.
Гаворка можа ісьці пра два розныя інцыдэнты. Дасьледчая група Conflict Intelligence Team адзначае, што адлегласьць паміж названымі населенымі пунктамі — Аджаз і Джурын — складае 60 кілямэтраў.
31 жніўня сырыйскі бок у аднабаковым парадку ўвёў рэжым спыненьня агню ў зоне дээскаляцыі ў правінцыі Ідліб. Аб’ява была зроблена пасьля ўзяцьця горада Хан-Шэйхун.
- Расея пачала ваенную апэрацыю ў Сырыі ўвосень 2015 году. Ваенная дапамога аказваецца войскам сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада. Акрамя вайсковых лётчыкаў, у Сырыі прысутнічаюць і расейскія вайсковыя дарадцы і вайсковая паліцыя, а таксама, па мностве паведамленьняў, найміты так званых прыватных вайсковых кампаній, афіцыйна не зьвязаных зь Мінабароны Расеі.
- Паводле афіцыйных дадзеных, падчас ваеннай апэрацыі ў Сырыі ў выніку баявых дзеяньняў загінулі больш за 40 расейскіх вайскоўцаў. Яшчэ 50 чалавек адносяць да страт небаявога характару. У гэтую статыстыку не ўваходзяць страты сярод расейскіх наймітаў, у тым ліку з «ЧВК Вагнера», пра прысутнасьць якіх у Сырыі шмат паведамлялі незалежныя СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: У 2018 годзе ва ўзброеных канфліктах забілі або паранілі 12 тысяч дзяцей