Мапа другой Рэчы Паспалітай на польскай электрычцы: не будзіць дэманаў

Сьцісла:

  • Такія мапы ў публічнай штодзённай прасторы недарэчныя
  • Многія краіны маглі б дэманстраваць суседзям падобныя мапы
  • Гэта першы крок на небясьпечным шляху, ён неабавязкова выклікае наступныя, але пачынаецца менавіта з гэтага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палякі патлумачылі, чаму намалявалі на цягніку мапу зь беларускімі гарадамі ў складзе Польшчы

Гісторыя з электрычкай, упрыгожанай мапай з межамі міжваеннай Польшчы — ня першая і, напэўна, не апошняя такога кшталту. Былі падобныя гісторыі і ў Беларусі, калі фірма «Лідзкае піва» выпусьціла лінейку піва з мапай БНР, на якіх у складзе беларускай рэспублікі — часткі тэрыторыі сучасных Польшчы, Расеі, Украіны, Літвы.

Гэтак і на мапе на польскіх цягніках: у складзе Рэчы Паспалітай — землі, якія сёньня беларускія, украінскія, літоўскія.

Вялікай бяды ў гэтых польскіх «гістарычных» цягніках напэўна і няма. Ня варта ўпадаць у гістэрыку, уздымаць вэрхал, маўляў, ай-ай-ай, польскія паны ашчэрылі іклы на беларускую зямлю, імпэрыялізм, падрыхтоўка агрэсіі і гэтак далей. Гэта недарэчна. Але і мапы тыя на вагонах — недарэчныя, прынамсі, некарэктныя.

Тлумачэньне тут заўсёды аднолькавае: а што такога, гэта ж нашая гісторыя, вы не падумайце чаго, ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзіяў ні да каго з суседзяў няма, на іх ніхто і не намякае.

Магчыма, гэтае тлумачэньне суб’ектыўна і шчырае. Але месца такім мапам — у школьных падручніках, у навуковых публікацыях, у музэях. Там яны ня тое што могуць быць — мусяць быць.

А вось у публічнай штодзённай прасторы...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ВКЛ было незалежным і ў Рэчы Паспалітай. І гэта ня міт. ВІДЭА

Ну ўявім сабе цягнічок, які езьдзіць па Нямеччыне з мапай, на якой Нямеччына ўключае Эльзас. Ці брытанскі аўтобус з мапай, дзе старая добрая імпэрыя прадстаўленая такой, якой яна была — зь Ірляндыяй і Індыяй. Ці мапка, скажам, у маскоўскім мэтро з выявай межаў Расейскай імпэрыі, дзе ў імпэрыю ўваходзіць, прынамсі, і Варшава.

І з такімі ж «наіўнымі» тлумачэньнямі, «на блакітным воку»: а што такога, гэта ж нашая слаўная гісторыя, мы ж нічога такога ня мелі на ўвазе.

Але якой была б рэакцыя французаў, ірляндцаў, індусаў, палякаў на такія наглядныя гістарычныя напаміны? Дык кепскай была б ва ўсіх гэтых выпадках. Яна была б такой ня толькі адносна Расеі, якая зусім нядаўна, у Крыме, паказала, до чаго часам можа прыводзіць такая гістарычная настальгія. Аднак абурэньне выклікала б падобная «наглядная агітацыя» і з боку Нямеччыны, і з боку Вялікабрытаніі і з боку любой іншай краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі — „мяккая беларусізацыя“, а ў Эўропе — нацыяналізм. Пётра Рудкоўскі пра парадоксы беларускай сьвядомасьці

Чаму? Таму што гэта першы крок на вельмі кепскім і небясьпечным шляху. Ён неабавязкова вымагае ўсіх наступных. Але пачынаецца з гэтага. І спараджае сымэтрычныя адказы: на вашую мапу ў нас свая, дзе вашыя цяперашнія землі — гістарычна нашыя.

Дык вось ня варта гэтага рабіць гэты крок. Ня варта рабіць нікому — ні беларусам, ні палякам у прыватнасьці. Ня трэба будзіць дэманаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.