Кабінэт міністраў Украіны ўзгадніў звальненьне Віталя Клічко з пасады кіраўніка Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі.
Канчатковае рашэньне павінен прыняць прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі. Аб звальненьні Клічко з гэтай пасады папрасіў прэзыдэнт Украіны.
Пры канцы ліпеня мэр Кіева Віталь Клічко патрабаваў завесьці крымінальную справу на кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Андрэя Богдана. Кіраўнік адміністрацыі Зяленскага заявіў, што людзі ў асяродзьдзі кіеўскага кіраўніка нібыта спрабавалі даць яму хабар 20 мільёнаў даляраў наўзамен на тое, што прэзыдэнт пакіне Клічко кіраўніком гораду Кіева.
Вядомы баксёр займае ў Кіеве адразу дзьве пасады — мэра горада і кіраўніка Кіеўскай адміністрацыі. Апошняя пасада прадугледжвае магчымасьць уплываць на працэсы, зьвязаныя з гарадзкім бюджэтам. Звычайна мэра выбіраюць жыхары Кіева, а кіраўніка гарадзкой адміністрацыі прызначае прэзыдэнт. У офісе Зяленскага называюць лягічным жаданьне паставіць на пасаду Клічко свайго кіраўніка і сьцьвярджаюць, што вядомы баксёр даўно не кантралюе ўкраінскую сталіцу.
«Мэр гораду Кіева Віталь Клічко пацьвердзіў мне, што, сапраўды — гэта яго словы — ён не кантралюе Кіеўскую раду. Ёсьць два-тры „смотрящих“, якія маюць нейкія групы дэпутатаў, і калі ён ня будзе знаходзіць зь імі кампрамісы, у яго ня будзе большасьці ў Кіеўскай радзе і, адпаведна, ён ня зможа быць эфэктыўным мэрам», — сьцьвярджаў кіраўнік офісу прэзыдэнта Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі хоча больш паўнамоцтваў. Ці пойдзе Ўкраіна шляхам Беларусі?Аб так званых «смотрящих» за Кіевам у этэры агульнанацыянальнага тэлеканала «1+1» нядаўна выйшла часовая праграма. У ёй Клічко абвінавачваюць у залежнасьці ад алігархаў і буйных забудоўшчыкаў, а таксама ў махінацыях зь кіеўскім бюджэтам. Абвінавачаньні і з боку офісу прэзыдэнта, і з боку тэлеканалу сам Клічко зьвязвае з прэтэндэнтам на яго пасаду — генэральным дырэктарам тэлеканалу і нядаўна абраным дэпутатам ад «Слугі народа» Аляксандрам Ткачэнкам.