Фальсыфікавалі доказы, бралі за гэта хабар. У Гомлі асудзілі былых міліцыянтаў і сьледчага

Старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык пацьвердзіў факты супрацьпраўных дзеяньняў у сілавых структурах, у тым ліку пасьля рэзананснай нарады ў Лукашэнкі 20 жніўня

Пасьля прызнаньняў Аляксандра Лукашэнкі і старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка, што прадстаўнікі сілавых структураў займаліся фальсыфікацыямі крымінальных спраў, сталі вядомымі дэталі некаторых спраў. Свабода даведалася аб прысудах былым міліцыянтам і сьледчаму, якія за хабар займаліся фальсыфікацыямі доказаў крымінальнай справы ў Гомлі.

Два «опэры» і сьледчы

Пад крымінальны перасьлед трапілі два апэратыўныя супрацоўнікі крымінальнага вышуку і адзін супрацоўнік Сьледчага камітэту. Гомельскі абласны суд вынес рашэньне 14 сакавіка.

За фальсыфікацыю доказаў крымінальнай справы (частка 2 артыкулу 395 Крымінальнага кодэксу), хабар (часткі 1, 2 артыкулу 430) і перавышэньне ўлады (частка 2 артыкулу 426) былога супрацоўніка міліцыі пазбавілі волі на 7 гадоў. Таксама яму суд прызначыў штраф 10200 рублёў, канфіскацыю маёмасьці, пазбавіў права займаць пасады ў праваахоўных органах і званьня капітана міліцыі.

Ягонага калегу, які працаваў у аддзеле раскрыцьця злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгій УУС Гомельскага аблвыканкаму, прызналі вінаватым у фальсыфікацыі доказаў і перавышэньні ўлады. Яму прысудзілі пяць гадоў «зоны» і штраф 10200 рублёў.

Супрацоўніка Сьледчага камітэту асудзілі за фальсыфікацыю доказаў і перавышэньні ўлады. Ён атрымаў 6 гадоў турмы і пазбавіўся званьня старшага лейтэнанта юстыцыі.

Гомельскі абласны суд, архіўнае фота

Ці на момант прысуду абвінавачаныя яшчэ зьяўляліся супрацоўнікамі сілавых праваахоўных органаў? Афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкаму Віталь Прыстромаў сказаў Свабодзе, што ня мае інфармацыі пра «перасоўваньне асабовага складу» і атрымаць яе ня можа.

Па нашых зьвестках, яны лічыліся ўжо былымі супрацоўнікамі міліцыі і СК, бо былі звольненыя з органаў.

Паводле афіцыйна не пацьверджанай інфармацыі, супрацоўнікі міліцыі і Сьледчага камітэту ледзь не пасадзілі ў турму невінаватага чалавека праз фальсыфікацыі крымінальнай справы.

«Адзін апэратыўнік за хабар прыкрываў жонку аднаго з цыганскіх баронаў. Апэратыўнікі вырашылі, што ўсе цыганкі падобныя адна на адну, замянілі фатаздымкі і гэтым штучна стварылі доказы крымінальнай справы», — расказала Свабодзе інфармаваная крыніца. Пры расьсьледаваньні яны далучылі да крымінальнай справы фальшывыя дакумэнты.

Былога АБЭЗаўца судзяць за хуліганства і перавышэньне паўнамоцтваў

Гэта не адзіная крымінальная справа ў Гомелі, распачатая ў дачыненьні супрацоўнікаў міліцыі.

У адным з судоў Гомля разглядаецца крымінальная справа супраць былога міліцыянта — супрацоўніка аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі (АБЭЗ). На момант злачынстваў, якія яму інкрымінуюць, ён працаваў у адным з раённых аддзелаў унутраных спраў Гомля. У канцы верасьня 2018 году звольніўся. У сьнежні 2018-га распачалі першую крымінальную справу, у лютым 2019-га — яшчэ дзьве.

Яго абвінавачваюць у «хуліганстве» (339 КК), «крадзяжы, зьнішчэньні ці ўтойваньні афіцыйных дакумэнтаў, штампаў, пячатак» (377 КК), «перавышэньні службовых паўнамоцтваў» (426 КК) і «бязьдзеяньні службовай асобы» (425 КК).

Пракурор палічыў, што віна былога міліцыянта цалкам даказаная ў судзе, і прасіў пакараць яго пазбаўленьнем волі на 4 з паловай гады.

Былы міліцыянт цалкам адмаўляе сваю віну. Паводле падсуднага, мэта крымінальнай справы — «прамая ізаляцыя» яго «для прадухіленьня распаўсюджваньня фактаў злачыннай дзейнасьці некаторых службовых асоб», якія ён нібыта зьбіраўся перадаць у КДБ і Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце.

Сваё затрыманьне і арышт ён назваў «незаконнай ізаляцыяй».

У Магілёве на матэрыялы справы супраць міліцыянта наклалі грыф «Сакрэтна»

28 жніўня генэральны пракурор Аляксандар Канюк згадаў пра справу былога начальніка раённага аддзелу наркакантролю з Магілёва. Капітана міліцыі Івана Пацёмкіна асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі за правакаваньне грамадзян на супрацьпраўныя дзеяньні.

Магілёўская турма № 4

Паводле Канюка, Пацёмкін «для паляпшэньня паказчыкаў працы правакаваў грамадзян, уцягнутых у незаконнае абарачэньне наркатычных і псыхатропных рэчываў, на іх набыцьцё і злоўжываньне дзеля далейшага затрыманьня і прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці».

Справу разглядзеў Магілёўскі абласны суд яшчэ ў 2018 годзе. Працэс быў закрытым. Матэрыялы захоўваюцца пад грыфам «Сакрэтна» і зьяўляюцца дзяржаўнай тайнай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справаю займаўся КДБ». Свабода пагутарыла з бацькам асуджанага за правакацыі міліцыянта

Лукашэнка раскрытыкаваў сілавікоў за фальсыфікацыю спраў

Аляксандар Лукашэнка 20 жніўня ўчыніў разнос на нарадзе з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, якую назваў «гістарычнай»: маўляў, «некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі». Ён заявіў, што агучвае дэталі з «сакрэтнага дакладу». У прыватнасьці, ён заявіў пра злоўжываньні апэратыўнікаў, сьледчых і прадстаўнікоў Дзяржкамітэта судовых экспэртыз пры расьсьледаваньні спраў паводле наркатычных артыкулаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 галоўных парушэньняў праваахоўнікаў, якія заўважыў Лукашэнка. Коратка

Аляксандар Лукашэнка выступае перад прадстаўнікамі праваахоўных органаў 20 жніўня

Старшыня КДБ Валеры Вакульчык паведаміў 3 верасьня, што ягонае ведамства выявіла факты супрацьпраўных дзеяньняў у сілавых структурах, у тым ліку пасьля нарады 20 жніўня.

«Гэтыя праблемы, пра якія гаварылася, мы бачылі задоўга. Мы ўжо гадоў пяць у сябе ў ведамстве працуем над тым, каб такіх рэчаў не было — перагібаў, несправядлівага стаўленьня да людзей. Гэта няпростае пытаньне, тым ня менш мы гэтым займаемся», — сказаў Вакульчык.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ выявіў факты супрацьпраўных дзеяньняў сілавікоў, у тым ліку пасьля крытыкі з боку Лукашэнкі


Гэта публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.