КДБ Беларусі выявіў факты супрацьпраўных дзеяньняў у сілавых структурах, у тым ліку пасьля нарады 20 жніўня, на якой Аляксандар Лукашэнка выступіў з крытыкай работы праваахоўных органаў.
Пра гэта паведаміў журналістам старшыня КДБ Валеры Вакульчык 3 верасьня на міжнароднай канфэрэнцыі па барацьбе з тэрарызмам, піша БелаПАН.
На пытаньне, ці ёсьць цяпер у КДБ справы ў дачыненьні да супрацоўнікаў Сьледчага камітэту ці тых прадстаўнікоў сілавых структур, якія, як казаў Лукашэнка, займаліся фальсыфікацыямі спраў, Вакульчык адказаў:
«Мы выяўляем гэтыя прыкметы, перадаем Генпракуратуры, у Сьледчы камітэт па кампэтэнцыі». «Наша задача выявіць, задакумэнтаваць, аддаць туды, а яны ўжо самі расьсьледуюць», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 галоўных парушэньняў праваахоўнікаў, якія заўважыў Лукашэнка. КораткаНа ўдакладняльнае пытаньне, ці былі выяўленыя супрацьпраўныя дзеяньні сілавікоў пасьля нарады з Лукашэнкам, кіраўнік КДБ запэўніў: «Вядома, і да, і пасьля. Натуральна, што гэтыя пытаньні ёсьць».
«Гэтыя праблемы, пра якія гаварылася, мы бачылі задоўга. Мы ўжо гадоў пяць у сябе ў ведамстве працуем над тым, каб такіх рэчаў не было — перагібаў, несправядлівага стаўленьня да людзей. Гэта няпростае пытаньне, тым ня менш мы гэтым займаемся», — адзначыў Вакульчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ, Савет бясьпекі ці Натальля Качанава? Хто расказаў Лукашэнку пра парушэньні ў праваахоўных органах«Як бы там ні было, хоць нас так жорстка не крытыкавалі, але тым ня менш усё роўна пытаньні ёсьць, і праблемы падобнага характару час ад часу ўзьнікаюць. Таму, натуральна, што мы павінны, па-першае, самі ачысьціцца», — дадаў старшыня КДБ.
Аляксандар Лукашэнка 20 жніўня ўчыніў «разнос» на нарадзе з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, якую назваў «гістарычнай»: маўляў, «некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі». Ён заявіў, што агучвае дэталі з «сакрэтнага дакладу».
У прыватнасьці, Лукашэнка казаў пра:
- Кепскае сьледзтва і збор доказаў (што «паверхнева» правяраюць заявы аб злачынствах, занадта павольна выяўляюць злачынцаў, сьледчыя задоўга і з парушэньнямі зьбіраюць доказы, выстаўляюць неабгрунтаваныя абвінавачаньні і інш.)
- Злоўжываньні ўладай і гвалтам (праваахоўнікі ціснуць на падазраваных, абвінавачаных, абаронцаў і судзьдзяў, фальсыфікуюць доказы і заключэньні экспэртызаў, схіляюць да даваньня «патрэбных» паказаньняў або адмовы ад заяваў, празьмерна ўжываюць гвалт і спэцсродкі супраць грамадзянаў).
- Кіданьне за краты невінаватых (неабгрунтавана пачынаюць крымінальныя справы і кідаюць за краты, гоняцца за статыстыкай і колькасьцю распачатых справаў).
- Накіраваньне справы ў суд без аналізу доказаў (пракурорскія работнікі слаба кантралююць законнасьць дасудовай вытворчасьці, не аналізуюць доказы пры накіраваньні справы ў суд, а абвінаваўцы падтрымліваюць па іх абвінавачаньні ў поўным аб’ёме).
- «Палачная сыстэма» (органы працуюць на статыстыку, а не бароняць інтарэсы грамадзянаў, праз завышаныя паказьнікі зьніжаецца якасьць расьсьледаваньняў, сьледчыя вымушаныя ўхіляцца ад прыняцьця складаных справаў).
- Падкідваньне наркотыкаў, правакаваньне на іх ужываньне (замест барацьбы з гандлем наркотыкамі і спыненьня буйных паставак масава ловяць спажыўцоў і кур’ераў-закладнікаў, чыняць правакацыі і нават схіляюць грамадзян да ўжываньня наркотыкаў).
- Даказваньне карупцыі на словах (пры расьсьледаваньні карупцыйных справаў абвінавачаньне часта будуюць на «блытаных успамінах аб даўніх падзеях», не заўсёды зьбіраюцца доказы атрыманьня хабару). ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка ўзяўся за «сілавікоў»