Расейская служба Радыё Свабода запусьціла праект «Север.Реалии»

Расейская служба Радыё Свабода адкрывае мэдыяпраект «Север.Реалии» — інфармацыйна-аналітычны рэсурс будзе апавядаць пра сытуацыю і актуальныя праблемы Паўночна-Заходняй фэдэральнай акругі Расеі.

Усе сайты РС/РСЭ >>

Праект ахоплівае тэрыторыю Расеі ад Калінінграду да Варкуты, ад Мурманску да Вялікіх Лукаў, ад Петразаводзку да Санкт-Пецярбургу.

У праекце абяцаюць інтэрвію зь ньюсмэйкерамі і экспэртамі, аналітыку і гістарычныя агляды, тэатральныя і кніжныя рэцэнзіі, калёнкі камэнтатараў, фотагалерэі, відэаматэрыялы, дакумэнтальныя фільмы. Супрацоўнікі і аўтары «Север.Реалии» — незалежныя журналісты, палітыкі, пісьменьнікі, навукоўцы, прафэсіяналы розных галінаў, звычайныя жыхары паўночнага захаду Расеі.

«Адкрыцьцё мэдыяпраекту „Север.Реалии“ пашырае нашыя магчымасьці расказваць пра падзеі ў адным з самых важных рэгіёнаў Расеі, адкуль не заўсёды паступае дастаткова інфармацыі, — заявіў у сувязі з гэтым прэзыдэнт мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай. — Як вядома, іншыя рэгіянальныя сайты РСЭ/РС прысьвечаныя, у прыватнасьці, Сібіру і Далёкаму Ўсходу, Паўночнаму Каўказу і Волга-Ўральскаму рэгіёну, яны расказваюць аб мясцовай палітыцы, экалягічных праблемах, разьвіцьці прамысловасьці і здабычы прыродных рэсурсаў і ўжо заваявалі ўвагу аўдыторыі.

Гэта ўмацоўвае нас у думцы аб тым, што праект „Север.Реалии“ выканае важную ролю ў даваньні жыхарам паўночнага захаду Расеі інфармацыі на тэмы, якія тычацца асабіста іх, адначасова ўключаючы ў дыскусію ў больш шырокім коле пытаньняў нацыянальнага і нават міжнароднага парадку».

Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода — некамэрцыйная мэдыякарпарацыя, якая ўваходзіць у сыстэму міжнароднага вяшчаньня ЗША. РСЭ/РС ставіць сваёй задачай распаўсюд каштоўнасьцяў дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці, зьвяртаючыся да аўдыторыі тых краінаў, у якіх свабода прэсы забароненая ці абмежаваная ўладамі альбо пакуль ня стала нормай жыцьця грамадзтва.