Аляксандар Лукашэнка 2 верасьня падпісаў указ «Аб удасканаленьні ліцэнзаваньня», піша БелТА.
Паводле прэс-службы Лукашэнкі, дакумэнт накіраваны на спыненьне залішняга рэгуляваньня ў сфэры ліцэнзаваньня і спрашчэньне патрабаваньняў да ліцэнзіятаў.
Ад 1 кастрычніка 2019 году адмяняецца ліцэнзаваньне:
- дыягностыкі, прафіляктыкі захворваньняў і лячэньня жывёлаў;
- аховы юрыдычнай асобай сваіх супрацоўнікаў і маёмасьці;
- патолягаанатамічнай дыягностыкі;
- гандлю сродкамі супрацьпажарнай абароны;
- гандлю мазутам і нафтабітумам;
- захоўваньня і прыманьня ў заклад каштоўных мэталаў і камянёў;
- трансьляцыі тэлевізійных праграм;
- эфірнай трансьляцыі гукавых праграм.
Таксама гэтым указам Лукашэнка зьменшыў патрабаваньні да стажу мэдычных супрацоўнікаў. Цяпер недзяржаўным арганізацыям аховы здароўя не абавязкова мець у штаце толькі дактароў першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Прэс-служба кіраўніка дзяржавы патлумачыла гэта разьвіцьцём экспарту мэдычных паслуг і павелічэньнем даступнасьці платнай мэдыцыны.