Міністар адукацыі Беларусі Ігар Карпенка заявіў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ, што ў Беларусі мае быць уведзеная ўсеагульная сярэдняя адукацыя замест цяперашняй усеагульнай базавай.
Замест 9 клясаў школы цяпер абавязковымі хочуць зрабіць 11 гадоў адукацыі. Такая норма прапісаная ў «чарнавіку» новай рэдакцыі Кодэксу аб адукацыі, які плянуюць даць на разгляд дэпутатам пасьля выбараў.
«І гэта, вядома ж, цягне за сабой комплекс тых захадаў, якія будзе рабіць дзяржава для таго, каб малады чалавек меў магчымасьць сацыялізацыі сродкамі адукацыі для выхаду ў самастойнае жыцьцё, у працоўную дзейнасьць і гэтак далей», — дадаў міністар.
Два гады таму Карпенка ўжо расказваў пра такія пляны. Праўда, тады ж улады анансавалі магчымае вяртаньне да 5-бальнай сыстэмы адзнак замест 10-бальнай і адмову ад сярэдняга бала атэстату як дадатку да балаў тэстаў пры паступленьні ў ВНУ, але гэтыя рэформы пакуль не былі праведзеныя.
Тады меркавалася, што абавязковую сярэднюю адукацыю можна будзе атрымаць ня толькі ў школах (і ліцэях з гімназіямі), але і праз установы сярэдне-спэцыяльнай і прафэсійна-тэхнічнай адукацыі, а таксама празь вечаровыя клясы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар адукацыі прапанаваў адмовіцца ад ЦТ і расказаў, ці падымуць заробкі настаўнікам
Школьнікаў «крыху разгрузілі», а адтэрміноўкі ад войска не праблема
Міністар Карпенка паўтарыў сваё ранейшае сьцьверджаньне, што магістратура не абавязковая ступень адукацыі. На яе, казаў ён, няма масавага набору («парадку трох тысяч чалавек на бюджэт»), і, калі адкінуць дзяўчат ды ўлічыць іншыя адтэрміноўкі, што засталіся для хлапцоў, то выходзіць, што закон аб адтэрміноўках ад войска не «вялікая праблема».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі вучні праводзяць у школе і за хатнім заданьнем. ІнфаграфікаТаксама міністар расказаў, што «мы крыху разгрузілі школьнікаў»: прыбралі з VI, VII і VIII клясаў прадмет «Асновы бясьпекі жыцьцядзейнасьці», а тэмы зь яго перанесьлі ў іншыя, напрыклад хімічную бясьпеку — у курс хіміі. Вызвалены ад прадмету час Карпенка прапанаваў выкарыстаць на факультатывы або даць школьнікам вольны час.
У цяперашнім навучальным годзе, расказаў міністар, таксама «дэ-юрэ ўзаконілі вайскова-патрыятычныя клясы», хаця яны дзейнічалі ў Беларусі і раней, а на іхную «незаконнасьць» не было масавых нараканьняў.