Анкета пасьля лета. Старшыня праваслаўнага брацтва: «Царква мая хоць і дэкляруе, што яна з народам, але мае цьмянае ўяўленьне, што гэта такое...»

  • ВА

Мікола Матрунчык

Так шмат вядомых і цікавых людзей адгукнуліся на нашу летнюю апытанку, што мы вырашылі яе працягнуць і ўвосень. Цяпер яна завецца «Анкета пасьля лета». І наш першы восеньскі рэспандэнт — Мікола Матрунчык.

Хто гэта?

Старшыня Беларускага праваслаўнага брацтва ў гонар сьвятых Віленскіх мучанікаў і дома міжцаркоўных зносінаў «Кінанія». Працаваў у Нацыянальным гістарычным музэі, Скарынаўскім цэнтры, Заслаўскім гісторыка-культурным запаведніку. Апошнія дзесяць гадоў жыве ў роднай вёсцы свайго роду Шакураў — у Караліне пад Менскам. Аматар і прапагандыст жыцьця на ўласным падворку. Заснавальнік клюбаў «Панадворак» і «Новая вёска», у якіх аналізуецца досьвед і разьвіцьцё гаспадарак арганічнага ладу. Мае ўзнагароды царкоўныя і міжнародныя.

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Калі дасягаў нечага аддаленага шляхам напружанай працы.

2. Які ваш найбольшы страх?

Калі нехта пачынае дзейнічаць вераломна-непрадказальна, ламаючы ўсё перад сабою, надыходзіць стан бездапаможнасьці перад нячыстай сілай і горыч ад таго, што столькі было ўкладзена працы.....

3. Які ваш найранейшы ўспамін?

Як мяне няньчыла бабуля, загортваючы аднагадовага ў ваўняную хустку... І яшчэ як прывялі ў садок на «круглыя суткі», а я стаяў ля празрыстых дзьвярэй і чакаў матулю, каб мяне забрала...

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Лёгка магу ўпасьці ў адчай, нават без усялякіх сур’ёзных падставаў.

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Жлобства, калі нахабна, часта падманам, чалавек хоча завалодаць чужым.

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Шмат, мусіць, такога было, але адно запомніў надоўга. Арганізоўвалі мы гадоў 15 таму сустрэчу міжцаркоўную. Мітрапаліт Філарэт прымаў гасьцей зь Нямеччыны, а нямецкі біскуп быў вельмі мажны — плястыкавае крэсла, якое мы яму прапанавалі, ня вытрымала, ножкі яго распаўзьліся і біскуп ляснуўся долу. Ён быў ва ўзросьце, стала крыху сьмешна ўсім... Але калі я адчуў позірк мітрапаліта, мяне працяла страшэннай няёмкасьцю і віной ад гэтага здарэньня....

7. Якую вы маеце найдаражэйшую вам рэч?

Каса-васьмёрка — «аўстрыйка», якую я набыў 10 гадоў таму ў Мюнхэне ў сэрбскай краме.

8. Якую вы хацелі б мець супэрздольнасьць?

Навык штодзённай малітвы.

9. Што робіць вас няшчасным?

Калі людзі жывуць не ідэямі, а толькі штодзённым клопатам.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Спыняю ўсялякую камунікацыю ў выпадку, калі трэба зь людзьмі сумовіцца надалей.

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Выпіць лішняга, калі ўжо ня варта было б таго рабіць.

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

У жонкі — бо на яе пераклаў асноўны цяжар нашага сумеснага штодзённага вясковага жыцьця.

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

Мусіць, на шлюбе, але ня вельмі памятаю. Забыў смак пацалункаў...

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Самае блізкае — царква мая праваслаўная, родная, хоць і дэкляруе, што з народам, мае цьмянае ўяўленьне, што гэта такое.

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Хацеў бы гады з тры (у свой час) пажыць на Афоне.

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе вы хацелі б апынуцца?

На Палесьсі, каб там засесьці і стаць сапраўдным чалавекам балота.

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

На Алтаі, у канцы 90-х, калі пасьля філязофскай адукацыі рвануў шукаць сэнсы сьлядамі Рэрыха. 50 сантымэтраў было да маёй сьмерці там...

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Наяўнасьць сямёх унукаў і трох унучак...

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Стварэньне Беларускага брацтва сьвятых Віленскіх мучанікаў, дома міжцаркоўных зносінаў «Кінанія», асабістай гаспадаркі «Кінанія», пяцярых дзяцей і размаітых супольнасьцяў экалягічнага гаспадараньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня Беларускага праваслаўнага брацтва: Часам радыкальныя рашэньні прымушаюць вызначыцца

20. Што вам не дае спаць начамі?

Несправядлівасьць.

21. Што вам запомнілася зь мінулага лета?

«Ягелёнскі фэст» у Любліне і майстар-кляса беларускай кулінарыі, якую я праводзіў у Лынтупах.

22. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Праваслаўны беларус, які перажывае за праўду спаконвечную....