У Івейскім раёне цялушкі зьбеглі з фэрмы і тры месяцы блукаюць па лесе.
«Як Івейскае балота здалося Лукашэнку раем, калі тут няма працы і з фэрмы зьбеглі каровы?» Такое паведамленьне напісаў у рэдакцыю жыхар Івейскага раёну, калі кіраўнік дзяржавы назваў Іўе раем. Свабода паехала шукаць цялушак-уцякачак.
«Хвасты пазадзіралі і на лес»
Як расказаў мясцовы жыхар Валер, ён зь сябрамі паехаў на рыбалку на раку Жыжму каля вёскі Русакі Івейскага раёну.
«Глядзім — сьляды. У адзін бок і ў другі на лясной дарозе на пяску. Выйшлі, пачалі спрачацца. Ласі! Ды якія ласі? У лася капыта непадвоенае. Выехалі да ляснога возера. А там сем кароваў зь біркамі», — кажа Валер.
Маладыя цялушкі выглядалі адкормленымі, «пад 300 кіляграмаў». Убачыўшы людзей, жывёлы кінуліся ў лес.
«Калі старая карова, то прыб’ецца некуды да статку або гаспадаркі. А гэтыя — у далоні плясьні, хвасты пазадзіралі і на лес. Маладыя яны. Да людзей яшчэ не асабліва», — разважае Валер.
Мужчыны чулі раней, што больш як 20 кароваў зьбеглі з калгасу (афіцыйна — КСУП, камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства) «Агра-Ліпнішкі». Пазванілі ў міліцыю. Аднак за цэлы дзень, пакуль яны былі на рыбалцы, ніхто не прыехаў спраўдзіць, дзе каровы.
«Гэта фэрма Лукашэнкі. Пад ягоным кіраўніцтвам, доглядам будавалася. Паказальная», — дадае мужчына.
«Лясгас з квадракоптэрам тут іх шукаў. Але дзе іх знойдзеш, калі яны зойдуць у лес, за дрэвамі не відаць», — кажа яшчэ адзін мясцовы жыхар Анатоль.
«У адну хвіліну сабралі людзей, а цялушкі растварыліся»
Аказалася, што жыхары бліжэйшых вёсак бачылі ўцякачак рэгулярна, цягам прынамсі апошняга месяца. Звычайна цялушкі выходзілі на ўзьлесак на досьвітку, як і іншыя лясныя жывёліны, а ўдзень хаваліся ў гушчары.
Праўда, вяскоўцы называюць розныя фэрмы, адкуль магло ўцячы быдла. Мужчына з Русакоў раз-пораз заўважаў статак то з трох, то з васьмі, то зь 15 цялушак.
«Чаго іх ніхто ня ловіць, не шукае? На мяса б хоць пастралялі», — кажа ягоная суседка Тэрэса.
Раней яна працавала на іншай фэрме, паблізу свайго дому. Некалькі гадоў таму фэрму закрылі.
«Сагналі [кароў] на [фэрмы] „Ліпнішкі“, на „Дунай“ і закрылі. Тут усё ўжо паразьдзіранае. Усё было жалезнае ўнутры. Ежджалі машынамі, забіралі, але ня ведаю хто», — узгадвае Тэрэса.
Каровы-ўцякачкі ня раз заходзілі ранкам нават у вёскі. Але злавіць іх не пасьпявалі.
«Я палола. У адну хвіліну пазванілі, сабралі людзей. Прыехалі, а яны [каровы] растварыліся, вось і злаві гэтыя цялушкі», — кажа яшчэ адна вяскоўка Галіна.
«Дваццаць цялушак — 7 тон мяса»
Адна з супрацоўніц калгасу, адкуль зьніклі каровы, просіць не называць ейнага імя і кажа, што сем зьбеглых кароваў днямі самі падышлі да фэрмы, чатыры зь іх увайшлі ў загон. Кажа, што адказнасьць за кароваў нясе заатэхнік.
«Гэта ўсё эканомія. Ці ж адзін заатэхнік можа курыраваць усе фэрмы? А яшчэ яму далі летні лягер [кароваў]. Ён адзін на ўсе Ліпнішкі. Зламаць агароджу каровам вельмі лёгка. Адзін чалавек тады нічога ня зробіць», — кажа супрацоўніца фэрмы.
Яна тлумачыць, што каровы зьбягаюць з розных калгасаў пэрыядычна. Гэта не ўнікальны выпадак. Зьдзічэць карова можа за тыдзень такіх бадзяньняў. Вярнуць яе ў статак потым складана. Яна пужаецца людзей, не ідзе ў загон.
Па ейных словах, зьдзічэлыя каровы ў лесе ня страшныя для чалавека, бо самі ад яго ўцякуць.
Ацаніць шкоду дакладна яна не бярэцца. Адна дарослая карова каштуе каля 1000 даляраў. Маладзейшыя — таньней.
«Дваццаць цялушак — сем тон. Вось і лічыце, па колькі цяпер мяса», — кажа жанчына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 374 даляры заробку, скарачэньне насельніцтва, закрыцьцё школ. Як жыве «беларускі рай», дзе так спадабалася Лукашэнку«Але ж Лукашэнка шораху навёў»
Жанчына працягвае эмацыйна гаварыць пра візыт Лукашэнкі ў Іўе. Кажа, што рыхтаваліся ўсе. Хоць у калгас «Агра-Ліпнішкі» кіраўнік дзяржавы так і не даехаў.
«Але ж Лукашэнка шораху навёў. І чысьцілі, і касілі, і фарбавалі. Заўсёды ёсьць што чысьціць. Але ў нас і так досыць чыста было. Падчышчаюць і гной выцягваюць. Бывае вільготна, але як бяз гэтага. Такога, каб каровы танулі ў гнаі, ніколі не было», — кажа работніца калгасу.
Наконт выказваньня прэзыдэнта пра рай яна не спрачаецца.
«Рай у нас. Чаму ня рай? У гэтым месяцы пэнсія 317 рублёў. А раней было 298. Трыццаць гадоў стажу. Грыбы, ягады зьбіраем на продаж. Усё лета ў лесе. Гаспадарку трымаем. Тут усе пэнсіянэры. Так і выжываем».
Моладзь, па ейных словах, уся выехала: у Іўе, Ліду, Менск, едуць на Расею і ў Польшчу.
«Рай. Але паспрабуй працу знайдзі»
«Рай, — пагаджаецца з Лукашэнкам і Валер. — Але паспрабуй працу знайдзі».
«А дзе Лукашэнка быў? На плошчы і на „Тэхмашы“, дзе ўсё ў парадку», — дадае Анатоль.
— Дзе ў вас людзі працуюць?
— Ды нідзе. У нас няма нічога. Калгас, камунгас, лясгас. Але няма месцаў, куды ўладкавацца. Быў хлебазавод, яго прадалі, чыгун здалі на Расею, усё пакралі. Завод ужо ня робіць, — адказвае Анатоль.
— Якія заробкі ў людзей? «Па пяццот» ёсьць?
Замест адказу суразмоўцы пачынаюць гучна рагатаць.
— Чатырыста, лічыцца, прыстойны заробак, — тлумачыць Валер.
— Даляраў?
— Ага, даляраў, — з іроніяй перадражнівае мужчына. — Беларускіх. Гэта калі 11–12 гадоў стажу, у камунгасе, і туды не ўладкавацца.
— А куды людзі езьдзяць адпачываць?
— На Нёман. А куды з такімі заробкамі паедзеш?
— Ходзяць у рэстарацыі?
— Раз на паўгода. Карпаратывы, дні народзінаў. Цяпер самы даходны бізнэс, калі нехта памрэ. А паміраюць штодня.
«Тэхмаш», які паказвалі Лукашэнку, трымае прыватнік зь Ліды. Вырабляе і прадае сельгасабсталяваньне. Але і там ёсьць заробкі і па 300, і па 600 рублёў, што далёка да запаветнай сумы кожнага беларуса.
«Раней у Геранёнах быў добры калгас. Быў такі Баўм. Ягоным імем і калгас названы. У савецкі час там было кола агляду, матацыклы, спартовыя коні, дзіцячыя гурткі, сваё тэлебачаньне. А цяпер няма, пад „Азот“ аддалі», — расказвае пра разьвіцьцё прадпрыемства суразмоўца.
Анатоль расказвае пра знаёмага маладога хлопца зь Іўя. Той, як працаваў у Менску будаўніком, зарабляў 500 рублёў, а 100 даляраў траціў на арэнду жытла. Пераехаў у польскае памежжа — і мае за тую ж працу 1200 даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму трускалкі выкідаем? Дзяржава ў нас такая». Рэпартаж з найбуйнейшай трускалкавай біржы БеларусіХваляць былога старшыню райвыканкаму, які адседзеў тэрмін
Сустрэтыя вяскоўцы хваляць былога старшыню Івейскага райвыканкаму Міхала Ваўчэцкага. Кажуць, што на сваёй пасадзе ён шмат зрабіў для гораду: адрамантаваў дарогі, аднавіў будынкі, пабудаваў новае жытло, паставіў у цэнтры помнік у гонар чатырох рэлігійных канфэсій. Ваўчэцкі адседзеў за злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі: будаваў сабе дом, выкарыстоўваючы бюджэтныя сродкі і будматэрыялы. Мясцовыя яго апраўдваюць: ён рабіў добра ня толькі сабе, але і людзям. Пасьля выхаду на волю Ваўчэцкага прызначылі намесьнікам старшыні калгасу ў Карэліцкім раёне.
Пра цяперашняга старшыню райвыканкаму івейцы гавораць неахвотна.
«Трэба было пачакаць 3-4 дні, каб яны прывыклі»
У самой гаспадарцы «Агра-Ліпнішкі» дзень, калі зьніклі каровы, памятаюць і без дакумэнтаў. Маладых цялушак набылі 23 траўня. На пашу іх выпусьцілі на наступны дзень. Тады 26 зь іх зьбеглі. З таго часу прайшло тры месяцы.
«Трэба ж было пачакаць хаця б 3–4 дні, каб яны прывыклі», — тлумачыць новы галоўны заатэхнік гаспадаркі Алена Сьцепаноўская.
Яна кажа, што цялушак шукаюць увесь час. Зьбеглы статак па частках бачаць у лесе. Аднак вярнуць іх на фэрму складана — маладыя цялушкі непаслухмяныя.
Паводле Алены Сьцепаноўскай, напрыканцы жніўня сем цялушак самі вярнуліся ў статак, зайшлі ў загон. Можа, таму, што паша ўжо не такая сакавітая.
Алена Сьцепаноўская патлумачыла, што ў такіх выпадках жывёлу, здараецца, адстрэльваюць і пускаюць на мяса. У Горадні дазвол на адстрэл далі, а вось Міністэрства сельскай гаспадаркі адмовіла.
«Калі шчыра, то я ўсьцешылася, што ня будуць страляць цялушак», — з усьмешкай кажа заатэхнік.
Яна мяркуе, што жывёлы самі могуць вярнуцца ў гаспадарку, калі пахаладае і зьнікне трава ў лесе.
Заатэхніка і вэтлекара зьнялі з пасадаў
Пракурор Івейскага раёну Аляксандар Шушлякоў расказаў, што пасьля зьнікненьня 26 кароваў пракуратура праводзіла праверку. У выніку звольнілі са сваіх пасадаў галоўнага заатэхніка і галоўнага вэтлекара на прадпрыемстве «Агра-Ліпнішкі».
Як патлумачыў Шушлякоў, пытаньне аб кампэнсацыі шкоды яшчэ разглядаецца. Яе памер пакуль ня вызначаны, бо ня ўсіх зьбеглых кароваў знайшлі. Хто будзе кампэнсаваць шкоду, таксама не да канца вырашана.
Ён дадаў, што сваю праверку праводзіў Івейскі РАУС. Крымінальную справу ўрэшце не завялі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Халера яго ведае, што тут дапаможа». Рэпартаж з калгасу, у які адмовіўся ехаць Яраслаў Раманчук ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыла на вакзале, паліла вогнішча ў лесе. Як уладкавалася 70-гадовая ўкраінка пасьля дэпартацыі зь Беларусі