Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвязвае пачатак дзейнасьці новаабаранай Вярхоўнай Рады з хуткім правядзеньнем рэформаў у краіне, і перакананы, што новы яе склад выканае сваю гістарычную місію.
«Нядаўна мінула 100 дзён маёй прэзыдэнцкай кадэнцыі. Было шмат розных ацэнак, але паверце, што найбольш крытычную ацэнку я даю сам сабе. Гэты пэрыяд можна назваць ціхім шпацырам на зьмярканьні, з выключанымі фарамі ды на першай хуткасьці. Я ўпэўнены, што зараз, нарэшце, краіна зможа ўключыць пятую хуткасьць і ўпэўнена рухацца шляхам зьменаў», — заявіў Уладзімір Зяленскі, выступаючы сёньня ў парлямэнце.
Прэзыдэнт Украіны заклікаў дэпутатаў ухваляць законы, накіраваныя на рэфармаваньне краіны.
«Я шчасьлівы, што найбліжэйшым часам зьявіцца найбольш эфэктыўны ўрад, які прадставіць праграму дзеяньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік «Слугі народу» ачоліў Вярхоўную Раду Ўкраіны. Фракцыя Парашэнкі сышла ў апазыцыюПаводле Зяленскага, парлямэнт найперш мае ўхваліць законы аб народаўладзьдзі, аб скасаваньні дэпутацкай недатыкальнасьці, аб імпічмэнце прэзыдэнту, аб рэформе судовай сыстэмы і працягу дэцэнтралізацыі, а таксама будзе працаваць, каб спыніць вайну і вярнуць анэксаваны Расеяй Крым:
«Насамрэч, скажу вам шчыра. Віншаваць вас было б пэўным зларадзтвам. Узровень даверу да новага парлямэнту — вялічэзны. А вось узровень адказнасьці ды чаканьняў — яшчэ большы. Перад вамі шмат выклікаў і задач».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне назвалі дату сустрэчы Зяленскага з Лукашэнкам«Ужо зараз зразумела — Рада гэтага скліканьня увойдзе ў гісторыю, — сказаў далей Зяленскі. — Пытаньне адзінае — якім чынам? Вы маеце шансы трапіць у падручнікі, як парлямэнт, што зрабіў неймавернае, які ажыцьцявіў усё, што не змаглі зрабіць папярэднія 29 гадоў. Або, ня дай Божа, вы ўвойдзеце ў гісторыю, як парлямэнт, які праіснаваў найменш — адзін год. Гэта наш выпрабавальны тэрмін. Я ўжо ведаю, што распускаць Вярхоўную Раду ня так страшна. Але я шчыра веру і спадзяюся, што гэтага не адбудзецца. Давайце зробім усё разам!. Слава Ўкраіне!», — заявіў прэзыдэнт Украіны.