Рашэньне Аляксандра Лукашэнкі ня ехаць у Польшчу на афіцыйныя мерапрыемствы 1 верасьня ў гадавіну пачатку Другой сусьветнай вайны «можна толькі паважаць», заявіла сябра міжнароднага камітэту Савету фэдэрацыі Расеі, сэнатарка з Севастопалю Вольга Цімафеева, піша РИА Новости.
Афіцыйна прычына адмовы Лукашэнкі ад паездкі ў Польшчу не называлася. Міністэрства замежных справаў толькі тлумачыла, што туды паедзе амбасадар, і адзначала, што на мерапрыемствы не запрасілі прадстаўнікоў Расеі, Казахстану і краінаў Сярэдняй Азіі, а «падзяляць уклад саюзных рэспублік у агульную перамогу як мінімум гістарычна няправільна».
Расейская сэнатарка назвала пазыцыю кіраўніцтва Беларусі «крайне важнай» — «годным стаўленьнем да нашай агульнай памяці пра Вялікую айчынную вайну, павагай да памяці і подзьвігу савецкага салдата».
«Гісторыя паказвае, што звонку нас перамагчы нельга, — дадала Цімафеева. — Трэба не дазваляць нашым заходнім партнэрам маніпуляваць нашымі адносінамі, нашай агульнай памяцьцю».
Пра тое, што Лукашэнка не паедзе на ўрачыстасьці ў Варшаву і што Беларусь будзе прадстаўленая паслом, першым паведаміла польскае выданьне Rzeczpospolita. Яно спаслалася на добра інфармаваную крыніцу ў МЗС Беларусі і сьцьвярджала, што прычынай адмовы стала тое, што ў Варшаву ня быў запрошаны Пуцін. МЗС Беларусі прасіла «не займацца кансьпіралёгіяй».