Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа на сустрэчы з палітолягамі абмеркаваў магчымыя зьмены ў двухбаковых адносінах з Беларусьсю. Пра гэта паведамляе партал DELFI са спасылкай на агенцтва BNS.
Па дадзеных BNS, у сустрэчы, праведзенай па ініцыятыве прэзыдэнта, узялі ўдзел міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, а таксама Гедрус Чеснаускас, Кястуціс Гірнюс, Юлія Яховіч, Томас Янелюнас, Лаўрынас Ёнавічус, Віціс Юрконіс, Лінас Каяла і Анджэй Пукшто.
Удзельнікі сустрэчы абмяняліся думкамі з нагоды адрасаванага афіцыйнаму Менску запрашэньня ў Вільню на цырымонію перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў паўстаньня 1863-1864 гадоў. Гэтая цырымонія адбудзецца ў лістападзе.
Таксама абмяркоўвалася і сытуацыя вакол Беларускай АЭС, якая будуецца, пытаньні беларускай ідэнтычнасьці і адносіны Менску з Масквой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наўседа: спыніць Астравецкую АЭС толькі эканамічнымі рычагамі запознаУ мінулым месяцы прэзыдэнт Наўседа заявіў, што гатовы дамагацца паляпшэньня адносінаў з Беларусьсю, але адначасова падкрэсьліў, што будзе прытрымлівацца строгай пазыцыі па блякаваньні імпарту электраэнэргіі з БелАЭС.
«Я перакананы, што мы не павінныя купляць электраэнэргію з небясьпечна пабудаванай электрастанцыі, паколькі гэта пагроза нашым жыхарам, гэта пагроза нашай бясьпецы» — сказаў журналістам Науседа 16 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы выказаўся пра БелАЭС і запрашэньне Лукашэнкі на перапахаваньне КаліноўскагаТады ён сказаў, што пакуль не прыняў рашэньне, ці магчымы дыялёг з Беларусьсю на самым высокім узроўні. Ён тады паведаміў, што Літва яшчэ думае, каго з прадстаўнікоў беларускіх уладаў запрасіць на цырымонію перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў паўстаньня 1863-1864 гадоў.
Экс-прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ падчас свайго першага тэрміну паўнамоцтваў некалькі разоў сустракалася з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Потым яна зьмяніла сваю пазыцыю і спыніла дыялёг на вышэйшым узроўні з Беларусьсю, заявіўшы, што ён немагчымы з прычыны шчыльных сувязяў Беларусі з Расеяй і пабудовы БелАЭС. Летась Літва блякавала заключэньне пагадненьня аб асновах адносінаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.
Што варта ведаць пра БелАЭС
- Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
- Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
- Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
- БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
- На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
- Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
- Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
- Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
- Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
- У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
- Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
- Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
- Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
- З 26 ліпеня другі блёк АЭС спынілі дзеля рамонту, які назвалі плянавым. Ранейшыя рамонты на доўгія месяцы спынялі працу станцыі. Першы блёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэтаў на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
- У жніўні новым міністрам энэргетыкі замест Віктара Каранкевіча стаў Аляксей Кушнарэнка. А былога намесьніка Каранкевіча Міхаіла Міхадзюка, які непасрэдна кантраляваў АЭС, у гэтым жа месяцы пачалі судзіць за атрыманьне хабару.
- 26 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз заявіў пра падрыхтоўку ведамствам справаздачы перад урадам аб мэтазгоднасьці пабудовы другой АЭС.