Жыхары ўжо пачалі збор подпісаў супраць будаўніцтва. Адпаведны зварот да райвыканкаму разьмешчаны на плятформе petitions.bу. Новую царкву плянуецца пабудаваць у раёне Задняпроўе, на вуліцы Язэпа Драздовіча.
«Наяўных праваслаўных храмаў у горадзе, на нашу думку, цалкам досыць для вернікаў. Нават падчас сьвяточных службаў не ўсе аршанскія цэрквы добра запаўняюцца людзьмі. Такім чынам, новая царква, якую плянуецца збудаваць у Воршы, мяркуем, абсалютна не патрэбная гораду», — сказана ў пэтыцыі.
Паводле аўтараў пэтыцыі, тэрыторыя былога Куцеінскага манастыра «выглядае вельмі сьціпла, каб называць гэта азначэньнем „лаўра“, як у мінулыя стагодзьдзі», Таксама не аднаўляецца ацалелы корпус былога базылянскага манастыра. «Ідзе поўнае ігнараваньне зваротаў жыхароў Воршы і зьнявага гісторыі гораду, — гаворыцца ў пэтыцыі. — Кіраўніцтва япархіі РПЦ, адказнай за Аршаншчыну, неаднаразова ўнікала вырашэньня згаданых праблемаў, толькі спасылалася на „адсутнасьць фінансавых магчымасьцяў“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Салігорску хочуць пабудаваць сёмую царкву. Жыхары кажуць, што ўжо досыцьАднак у гістарычным цэнтры Воршы некалькі гадоў таму зьявілася праваслаўная царква з аўтамабільнай паркоўкай побач, будуецца царква на месцы згарэлай у раёне чыгуначнага вакзалу.
«А цяпер на нейкія грошы распрацавана праектная дакумэнтацыя на храм у Задняпроўі, і на іх жа плянуецца пабудова гэтай царквы. І гэта пры „замарозцы“ старых праектаў, за якія адказвае РПЦ на аб’ектах, што знаходзяцца ў яе ўласнасьці», — гаворыцца ў пэтыцыі.
Грамадзкае абмеркаваньне скончылася
25 жніўня скончылася грамадзкае абмеркаваньне «ў галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасьці» вакол праваслаўнай царквы на вуліцы Драздовіча, якое праводзіў Аршанскі райвыканкам. Заўвагі і прапановы разгледзіць архітэктурна-горадабудаўнічая рада Віцебскага аблвыканкаму.
Дырэктар дзяржаўнага праектна-будаўнічага цэнтра ў Воршы Валянцін Ткачоў расказаў карэспандэнту Свабоды, што фундатарам будаўніцтва новай царквы ёсьць «аршанец, які жыве ў гэтым раёне». Паводле дырэктара цэнтру, «ніякіх грошай уладаў там абсалютна ня будзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць «маскоўскіх цыбулін» на беларускіх цэрквах пачалі зьбіраць подпісыПраект царквы распрацоўваўся год і каштаваў 5 тысяч рублёў, а яе будоўля пацягне на 150 тысяч. Новая царква заплянаваная на пустцы ў канцы вуліцы Драздовіча. Паводле Валянціна Ткачова, «гэта будзе невялікі парафіяльны храм». «Пішуць на сайце orsha.eu, што гэта дзясяты храм будзе. Але два храмы ў Воршы знаходзяцца ў закрытых установах, то бок у турмах, туды абмежаваны доступ.
На вакзале будуецца царква Раства Хрыстовага. У Андрэеўшчыне, на выезьдзе з гораду, царква будуецца на ахвяраваньні. У цэнтры аднавілі адну царкву сьвятога Ільлі Прарока ХІХ стагодзьдзя. Царква ў Куцеінскім кляштары адноўленая дзяржаваю», — кажа Валянцін Ткачоў.
Паводле Валянціна Ткачова, вынікі грамадзкага абмеркаваньня пакуль невядомыя. Але сярод тых, хто супраць будаўніцтва царквы, «вернікаў мізэр». Прычым яны зьявіліся «ў апошні момант».
«Яны хочуць там зрабіць гостэль»
Дырэктар цэнтру, які таксама і праваслаўны прыхаджанін, адрэагаваў і на прапановы аршанцаў замест будоўлі новай царквы аднавіць базылянскі манастыр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сумны юбілей базыльянскага кляштару ў Воршы — 10 год бяз даху«Жылы корпус манастыра базылянаў адносіцца да іншага прыходу. Яны хочуць гостэль там зрабіць, шукаюць грошы. І ўсё там будзе зроблена, — кажа Валянцін Ткачоў. — Калі нехта хоча паўдзельнічаць у аднаўленьні — дзеля Бога. Але ёсьць пытаньне: а што аднаўляць?
Паводле даведкі Міністэрства культуры, якую мы атрымалі, помнікам архітэктуры ёсьць жылы корпус манастыра базылянаў. У свой час яго ледзь удалося адстаяць, калі там зьбіраліся зрабіць ізалятар часовага ўтрыманьня. У сувязі з тым, што будынак доўга не эскплюатаваўся, там абваліліся скляпеньне, дах і іншае. Рукі ні ў кога не даходзілі. А зь іншага боку — гэта помнік архітэктуры, туды ня кожнага пусьцяць. Але рамонтныя працы можна зрабіць», — кажа Валянцін Ткачоў.
Раней подпісы супраць будаўніцтва новай праваслаўнай царквы зьбіралі ў Салігорску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 знакавых будынкаў, якія варта аднавіць у Беларусі