10 фактаў пра першага рэдактара «Нашай Нівы» і донжуана Аляксандра Ўласава

Аляксандар Уласаў зь сямʼёй у Мігаўцы

Сёньня 145 гадоў з дня нараджэньня легендарнага беларускага рэдактара і публіцыста Аляксандра Ўласава. Ён ніколі ня скардзіўся і ў найцяжэйшых варунках захоўваў бадзёры настрой.

Уласаў першым рэдагаваў газэту «Наша Ніва», заснаваў ізноў жа першы беларускі сельскагаспадарчы часопіс «Саха», стварыў часопіс для беларускай моладзі «Лучынка». Ніколі ня скардзіўся і ў самых цяжкіх варунках захоўваў бадзёры настрой. У 20-я гады займаўся палітыкай (быў сэнатарам ад Блёку нацыянальных меншасьцяў у польскім сэнаце). Спрыяў творчаму росту Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аляізы Пашкевічанкі (Цёткі), Зьмітрака Бядулі.

1. У дзяцінстве яго біў па галаве тата

«Помню, мой бацька, як вышшая ўлада ў доме, аграваў мяне лінейкай па галаве, тлумачачы пры гэтым, што быў адзін дурны хлопец, аднойчы яму разьбілі галаву і тагды ён стаў вельмі разумным да навукі. Але, відаць, мая галава была другой сыстэмы, бо ад бацькоўскага бою навука мая не палепшылася».

Іван Луцкевіч і Аляксандар Уласаў

2. Пакутаваў ад клізмаў

«Цэнтрам нашага жыцьця быў дзед, сельскі поп, каторы нас любіў і сам быў старое дзіця. ...Калі бабця, клапатлівая, ашчадная гаспадыня, яшчэ сьпіць па абедзе, дзед нас перакіне праз плот у сад, і мы лупілі ня ў свой дух ягады і яблыкі, а ён стаіць на варце. ...Нас часта лячылі ад абжорства рознымі дамовымі спосабамі, каля нас стараліся цэлы бабскі сынэдрыён: цёткі, бабуля. Помню, што мы крычалі дзікімі галасамі, калі нам закатвалі клізмы...».

Аляксандр Уласаў

3. Быў першым прафэсійным беларускім эканамістам

Паводле прафэсара Ўладзімера Конана, Уласаў — «першы прафэсійны эканаміст, які пісаў па-беларуску». «Толькі яго сацыяльна-эканамічная публіцыстыка склала б некалькі тамоў. Дарэчы, ідэя сялянскай каапэрацыі, якую ён распрацаваў у навукова-публіцыстычных артыкулах, і сёньня ня страціла сваёй актуальнасьці...».

Аляксандар Уласаў з родзічамі. 1920-я гады

4. З гумарам успамінаў, як уцякаў ад перасьледу царскіх уладаў

«Менск 1905/6 г. Пасля першых маіх мітынгаў у Радашкавічах, дзе я гаварыў страшэнныя штукі: «цара ня трэба» і т. п., — я, як кажуць далікатныя нашы местачковыя яўрэі, «трошкі» ўцёк, уначы, зімой, абсаджаным бярозамі старым трактам у Менск. Селянін падганяў каня свайго з пашаны да пасажыра: «Гэй, пралетарый усіх старон... саедзіняйся!».

Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Аляксандар Уласаў

5. Спойваў палітычных праціўнікаў

«Рэдактар чарнасоценнай газэты С., мой палітычны праціўнік, зь якім праз «Нашу Ніву» я ня раз палемізаваў, павінен быў прачытаць рэфэрат... Я... гэтак весела і бестурботна пачаў зь ім гутарыць, што ён зусім абмяк і падумаў: «Гэты Уласаў — сэпаратыст беларускі, але ў кампаніі цярпімы так-сяк. /.../ Старка... мае якасьці, пра якія ведаў я, а рэдактар С. на сваю бяду ня быў умудроны, што яна пʼецца як вада, а потым адымаець ногі і язык. Я змоладу меў алькагольны імунітэт і быў здароў. Я трактаваў рэдактара і чокаўся зь ім, што пад канец... мой сусед утрактаваўся гэтак, што ня мог зразумець, дзе ён знаходзіцца... сарваўся, спатыкаючыся, надзеў крыва шапку і ходу. /.../ С., праспаўшыся, зразумеў мой ядавіты жарт і напісаў грамавую стацьцю проціў «беларускіх сэпаратыстаў».

Аляксандар Уласаў, другая палова 20-х гадоў

6. Летам хадзіў у адных трусох, чым бянтэжыў сялян

Яго пляменьніца Вера Ніжанкоўская (будучая жонка Браніслава Тарашкевіча) успамінала: «Калі было горача, дзядзька хадзіў у адных трусох..., а такі волат, як ён, выглядаў досыць арыгінальна. ...Прыехаў нейкі беларус з ваколіц Вільні і зь дзядзькам пайшоў у сад. Тымчасам прыйшоў селянін па раду. Яго паслалі ў сад, але ён хутка вярнуўся адтуль перапалоханы: „Там нейкі голы варʼят ходзе, а каля яго, мусіць, фэльчар круціцца і ўсё яго ўгаворвае“. Раз прыйшла нейкая дзяўчына, і яе паслалі ў сад. Яна пайшла, клічучы: „Пане сэнатар!“, і раптам пачула недзе з гары: „Гоп, гоп!“ Падняла галаву, а там на дрэве нейкае вялізнае, амаль голае цела. Гэта дзядзька пілаваў сукі на дрэве. ...Дзеўка ледзь не самлела».

Аляксандар Уласаў з пляменьніцай Верай Ніжанкоўскай. 1920-я гады

7. Прымушаў моладзь займацца спортам

Вера Ніжанкоўская пісала: «Ад дзяцінства памятаю, як да нас на сваім „верным таварышу“ — ровары... зьяўляўся... брат маёй маці — Аляксандар Уласаў. Здалёк быў чуваць ягоны магутны бас і рогат і была відаць яго прыгожая атлетычная фігура. ...Ён ішоў у сад і глядзеў, якія посьпехі мы рабілі ў спорце на прыладах, зробленых у нас у асноўным пад каманду дзядзькі. /.../ Уся моладзь мусіла практыкавацца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асілак на дрэве. 145 гадоў з дня нараджэньня аднаго з бацькоў сучаснай беларушчыны

8. Адраджаў батлейку

«У 1915 годзе я ў рэдакцыі „Сахі“ і „Лучынкі“ арганізаваў батлейку. Колькі дзён пацягаўшыся па ўскраінах Менску, я адкапаў старых батлейшчыкаў... каторыя і батлейкавалі ў рэдакцыі нядзелі тры. ...Пры гэтым, пашукаўшы, я недзе спаткаў старэнькую мадыстку для лялек батлейкі, каторая з гэтага некалі жыла. Традыцыя вымагала, каб усе вопраткі былі нязьменна старасьвецкага фасону».

Беларускі пасольскі клюб. Сядзяць (зьлева направа): у 1-м шэрагу — Антон Аўсянік, Фабіян Ярэміч, Павал Валошын; у 2-м шэрагу — Вячаслаў Багдановіч, Міхаіл Кахановіч, Браніслаў Тарашкевіч, Аляксей Назарэўскі, Аляксандар Уласаў; стаяць: Васіль Рагуля, Сымон Якавюк, Адам Станкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Пятро Мятла. Варшава. 1923 г.

9. Спалучаў адраджэнцкую дзейнасьць з донжуанскімі залётамі

«Уся работа мая пераплялася з каханьнем. Носячыся па краю вэлясыпэдам, я спаткаў чорнавалосую, чарнавокую палескую „прынцэсу“. ...Зразу нас прыцягнула, як два магніты. ...Яна была Марыя Мнішак, а я Дзьмітры Самазванец, які ня квапіўся ні на якую карону. Бліскучы малы, але ў жыцьці нейкі рэдактар „Сахі“ і „Лучынкі“, а тут польская газэта ў Вільні ахнула заборыстую стацьцю проціў мяне і бунтаўшчыкоў-беларусаў. Бабулі, мамы расчыталі... і я дастаў палітычны гарбуз. ... Праз колькі часу ў мяне закахалася ізноў брунэтка (мне вязець шчасьце на брунэтак, бо мая мілая жонка таксама яшчэ брунэтка). Дамок у вішнёвым садзе, салавей, фантаны нявінных пацалункаў, вульканы каханьня... Но... Каталічка, ксёндз, разумныя бацькі, чым ён займаецца і г. д. Ізноў гарбуз паміж намі. ...Калі-небудзь раскажу пра свой раман з ангельскай багіняй Дыянай, але гэта мала ўходзіла ў беларускую сфэру, вярней сказаць, каханьне гэта магло б мяне вынесьці з гэтай сфэры. Усе мае ахвяры богу каханьня — Амуру былі ўсім вядомы, бо я ўсім стрэчным-папярэчным жывапісаў пра сваіх багінь».

Удзельнікі акруговага зьезду Таварыства беларускай школы ў Горадні. Другі зьлева ў першым шэрагу — паэт Міхась Васілёк, у цэнтры другога шэрагу — Аляксандар Уласаў, справа ад яго — Рыгор Шырма. 1928 г.

10. Паверыў савецкай уладзе, чым асудзіў сябе на гібель

«...17 верасьня 1939 году, калі ў Радашкавічы ўвайшла савецкая армія, ён прыйшоў да мяне, поўны энтузіязму, — прыгадвала Вера Ніжанкоўская. — Вось калі ён будзе пісаць і друкавацца як эканаміст. Ён сам едзе ў Маладэчна прапанаваць свае паслугі ў рэдакцыю газэты. Адтуль яго... пасылаюць у НКВД на зацьверджаньне. Там яму загадалі напісаць аўтабіяграфію. Дзядзька апісаў на 17 старонках усе свае заслугі... З НКВД ён ужо ня выйшаў, і, здаецца, аўтабіяграфія фігуравала як акт абвінавачаньня. Ён дастае ў Маладэчне пяць гадоў зьняволеньня, яго высылаюць недзе на ўсход, і ён памірае па дарозе ў Марыйскай акрузе».

Выкарыстаная літаратура

• А. Уласаў. Дні жыцьця // Шляхам гадоў. Вып. 2. 1990
• А. Уласаў. Якуб Колас і «Наша ніва» // Маладосць. 1992, № 11
• Вера Ніжанкоўская. Пра Аляксандра Уласава // Спадчына. 1995, № 3

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра Міколу Ўлашчыка — гісторыка, якога не зламала камуністычная сыстэма