16 жніўня 2019 году спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэньня заснавальніка-выдаўца і першага рэдактара газэты «Наша Нiва», сэнатара польскага сэйму і заснавальнiка Радашкавiцкай беларускай гiмназii Аляксандра Ўласава.
Ёсьць такі рэдкі тып людзей, да якіх пранікаесься сымпатыяй ужо завочна. Дастаткова нейкай гісторыі з жыцьця альбо аднаго фатаздымку, i ўжо ніякая розьніца ў эпохах не адыгрывае ролі. Няхай сымпатычны табе чалавек сышоў задоўга да твайго нараджэньня, цябе ўсё адно прывабліваюць тыя мясьціны, дзе ён жыў. I дзе дзякуючы ягонай колішняй прысутнасьці ўсё павінна быць крыху ня так, як паўсюль. Рукапісы гараць, людзкая памяць сьціраецца, але нешта ня можа не застацца. Лягчэй за ўсё назваць гэтае «нешта» аўрай. Мне здаецца, у нашым выпадку гэта — Беларусь, пра якую мы марым, працягваючы мары й справы тых, хто верыў у яе задоўга да нашага прыходу.
Пра асобу першага рэдактара «Нашай Нiвы», пасьля — сэнатара польскага сэйму і заснавальнiка Радашкавiцкай беларускай гiмназii я ўпершыню даведаўся са старонак раману Якуба Коласа «На ростанях». З той кнiжкi шмат чаго пасьпеў забыць, але толькi не эпiзод зьяўленьня Аляксандра Уласава, у Коласавым варыянце — Мікіты Ўласюка.
«Якраз у самы разгар Ясевага ўзьнёслага красамоўства з другiх дзьвярэй высунуўся Мiкiта Аляксандравiч, босы, у адной толькi нiжняй кароценькай сарочцы. Уся яго постаць нагадвала дзябёлую чыгунную тумбу. Нельга было бязь сьмеху глядзець на гэтую амаль зусiм голую фiгуру. Пад носам Уласюка красавалiся навусьнiкi, канцы якiх былi завязаныя на патылiцы. Такi „ўрачысты“ выхад рэдактара абразiў эстэтычны густ Яся Лiскоўскага. Нiчога ня кажучы, ён шпарка выйшаў у свой пакой, зьняў са сьцяны адну са старасьвецкiх шабель. Не вымаючы клiнка, пляснуў разоў пару ножнамi па рэдактарскаму заду. Рэдактар нiколечкi не пакрыўдзiўся i толькi сказаў: — Не паненкi ж тут сядзяць! — павярнуўся i пайшоў у свой пакой. Там у яго былi гiры i штанга, i ён прыступiў да гiмнастычных практыкаваньняў, а потым заняўся туалетам».
Гэта эпізод зь віленскага пэрыяду жыцьця Ўласава. Колькі пасьля я ні чытаў пра гэтага вусатага велікана, якi з усьмешкай у вачах пазiрае з кожнага фатаздымку, сымпатыi да яго толькі большала. Вось што ўспамiнае пра Ўласава ягоная пляменьнiца Вера Нiжанкоўская. Тут ужо дзея адбываецца ў фальварку Мігаўка ў тагачаснай Заходняй Беларусі, з польскага боку польска-савецкай мяжы:
«Калi было горача, дзядзька хадзiў у адных шортах (тады гэта была рэдкасьць), а такi волат, як ён, выглядаў досыць арыгiнальна. Нават здаралiся зь iм анэкдоты. Прыехаў неяк зь Вільні да яго нейкі дзяяч беларускі, пагаварыць па справах. Пайшлі яны зь дзядзькам у сад. Тым часам прыйшоў мясцовы селянiн па раду. Яго накіравалі ў сад. Неўзабаве ён вярнуўся перапалоханы ды кажа: „Там нейкi голы вар’ят ходзiць, а каля яго, мусi, фэльчар круцiцца i ўсё яго ўгаворвае!“ Аднаго разу прыйшла нейкая дзяўчына, i яе паслалi ў сад. Яна пайшла й паклiкала: „Пане сэнатар!“ I раптам пачула аднекуль з гары: „Гоп, гоп!“ Узьняла галаву, а на дрэве нейкае вялiзнае праве голае цела. Ад нечаканасьцi амаль не самлела».
Вёска Мiгаўка, дзе прайшлi апошнiя гады жыцьця Аляксандра Ўласава, месьціцца адразу за Радашкавiчамi. Ад Вiленскай шашы да яе вядзе грунтоўка, шляхотна абсаджаная таполямi. На гэтыя прысады мiжволi зьвяртаеш увагу як на жывую прыкмету колiшняй несавецкай тэрыторыi.
Падпісант «Лё Фігаро»
Я вельмi шкадую, што ня збочыў на Мiгаўку выпадкова. Напрыклад, напiцца вады цi набыць малака. Я б усё роўна пагрукаў у самую старую хату. А насустрач мне выйшаў бы стары хутаранiн, твар, пастава i гаворка якога ўсё роўна прымусiлi б затрымацца ў Мiгаўцы крыху даўжэй, чым толькi каб папіць. Карэнная беларуская шляхотнасьць, не прыдбаная з кнiжак, а перададзеная з крывёй, адклiкалася ў кожным позiрку, жэсьце ды слове прыгожага чалавека зь нямецкiм прозьвiшчам Шнэйдэр i беларускiм iмем Мiхал. «У Беларусi, — сказаў ён, — ня прынята па отчаству».
— Уласава? Вядома, памятаю. Росту прыкладна мэтар дзевяноста. Сама яго рука — даланю ўзяць — дык нармальнага чалавека слажыць дзьве даланi. Сiлiшчы быў незвычайнай. Памятаю, рэзалi бярвеньне на дошкi. Козлы былi высачэнныя. I калi трох парабкоў не маглi калоду падняць туды, дык ён кажа: «Вы адыйдзiцеся, хлопцы». I адзiн закiнуў тую калодку. Жыў ён вунь на тым узгорку. Хата была прыкладна дзесяць на чатырнаццаць. Але на ўласны конт эканамiчаскi ня быў заiнтарасаваны. За свае крэўныя ладзiў вечарыны, пастаноўкi. Каб, ну як гэта сказаць, мець задавальненьне сабе й сялянам. Прама на ўласным падворку. Як апранаўся? Ён не любiў гальштучка. Кашуля там прырасшпiленая цi жакетка. Яго за гэта не любiлi некаторыя памешчыкi, за гэтую «паказуху». За гэты стыль адзежы сялянскi.
Арышт Уласава, кажа Шнэйдэр, усе перажывалі цяжка. Але ўсе маўчалі. «Мы й да iх прыходу ведалi, чым пахне сталiнская свабода. А як яны перайшлi гранiцу, мы ўсе былi падаўленыя маральна. Хто хадзiў пад гальштукам, дык пачалi скiдаць».
Я слухаў колiшняга сына арандатара, колiшняга варшаўскага студэнта, падпiсанта «Лё Фiгаро», стажыста ў гiтлераўскай Нямеччыне. Колiшняга сталiнскага вязьня, колiшняга пчаляра. Беларуса зь незвычайным беларускім лёсам.
— Вы не сумуеце па тым шчасьлiвым часе?
— Па часох сумуюць толькi няверуючыя.
Рагоча ўся камэра!
Аднаго я зразумець ня мог. Стары мне расказваў, што ў Мiгаўцы цудоўна ведалi пра парадкi па той бок мяжы. Уцекачоў са сталiнскага раю з кожным годам большала. Дык няўжо Ўласаў не даваў iм веры? Цi, можа, хавацца й панiкаваць было не ў ягоных правiлах? Вось як выглядае фатальны верасень ва ўспамiнах Веры Нiжанкоўскай:
«17 верасьня 1939-га, калi ў Радашкавiчы прыйшла Красная армiя, ён прыйшоў да мяне поўны энтузiязму, маўляў, вось калi ён будзе пiсаць i друкавацца як эканамiст! Аляксандар Мiкiтавiч паехаў у Маладэчна прапанаваць свае паслугi ў рэдакцыю тамтэйшай газэты. Стуль яго накiравалi ў НКВД на зацьверджаньне як супрацоўнiка. У НКВД яго папрасiлi напiсаць аўтабiяграфiю. Дзядзька на 17 старонках апiсаў усе свае заслугi ў беларускiм i рэвалюцыйным руху… З НКВД ён ужо ня выйшаў, i, здаецца, напiсаная iм аўтабiяграфiя фiгуравала як акт абвiнавачаньня… Калi жонка вазіла яму ў Маладэчна падаянкi й пыталася ў турэмнага вартаўнiка, цi здаровы ейны муж, той адказваў: „Такі вялiкi, вусаты? Дык жа ад ягоных расказаў рагоча ўся камэра!“».
Я ўзьняўся на пагорак, дзе ўжо нiчога не нагадвае пра сядзiбу заснавальнiка «Нашай Нiвы». Але адна карцiна прамiнулага часу намалявалася маёй фантазіяй так ярка, нібы я быў сьведкам. Летняе зьмярканьне. Ружовае беларускае сонца паволi хаваецца ў заходнiх лясах. Зь вялiкага падворку пана сэнатара ва ўсе бакі разносiцца «Чаму ж мне ня пець». Падтрыманая гаспадаром дому, песьня сьпяваецца лёгка, на поўны голас. Каб песьню гэтай зямлi на гэтай зямлi чуваць было як мага далей па абодва бакi мяжы. Польскiя стражнiкi на хвiлю адарвалiся ад прэфэрансу, расейскiя пагранічнікі, парушаючы правiлы маскiроўкi, закурылi папяросы. Да верасьня засталося ня так i шмат часу. Але ўсiм здаецца, што песьня будзе гучаць бясконца. «Калi ў нашай хатачцы парадак iдзець»…
Чаму Аляксандар Уласаў радасна вітаў Чырвоную армію ў 1939-м? Ускосны адказ на гэтае пытаньне я знайшоў ва ўспамінах жонкі Ўласава, якія запісаў Сяргей Дубавец у сярэдзіне 1980-х у Гомлі, дзе яна жыла. У гутарках зь сялянамі, згадвала спадарыня Аляксандра, Уласаў пераканана казаў, што «Польшча хутка здохне, і палі будуць араць трактары. Будуць калгасы, саўгасы. Адкрыецца праклятая мяжа, і будзем жыць у адной сям’і».
Проста нейкая ілюстрацыя да любімай сталінскай песьні «Hад стpаной весенний ветеp веет, С каждым днем всё pадостнее жить». Напэўна, уявіць сабе рэальную карціну таго пекла, якое несьлі з сабой бальшавікі, былы рэдактар «Нашай Нівы» ня мог. Альбо сам сябе спрабаваў пераканаць у адваротным.
P. S. Кожнага разу, праяжджаючы каля ўказальніка на Мігаўку, я ўяўляю на даляглядзе постаць высокага чалавека, які выйшаў насустрач Чырвонай арміі. Адзін з тых многіх, хто зьвязаў яе прыход з узьяднаньнем Беларусі. І адзін з тых многіх, чыімі жыцьцямі было аплачана тое ўзьяднаньне.
Першая публікацыя 11 жніўня 2018 году.
***
У 2018 годзе ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшла новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.