Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ЗША маглі б перадухіліць анэксію Крыму ў 2014 годзе, але ня змог сказаць, якім чынам гэтага ўдалося б дасягнуць. Рэпліка прагучала ў адказ на пытаньне журналісткі амэрыканскага тэлеканалу PBS.
Гаворачы пра незаконную спробу анэксіі Крыму, Дональд Трамп адзначыў, што «гэта можна спыніць пры дапамозе належнага... чагосьці».
«(Анэксію Крыму. — РС) можна было спыніць, але прэзыдэнт Абама быў ня ў стане гэта спыніць. Вельмі шкада», — дадаў Трамп.
Прэзыдэнт ЗША апошнім часам колькі разоў заяўляў, што выключэньне Расеі з «Групы васьмі» было рэакцыяй Барака Абамы на тое, што Ўладзімір Пуцін здолеў «перагуляць» яго, анэксаваўшы Крым падчас прэзыдэнцтва Абамы.
Выступаючы перад журналістамі ў Францыі, Трамп заявіў пра анэксію Крыму:
«Ён (Крым) быў анэксаваны ў часе прэзыдэнцтва Абамы. Калі б ён быў анэксаваны падчас майго прэзыдэнцтва, я б сказаў: «Прабачце, я зрабіў памылку, прабачце! (...) Яны захапілі Крым падчас тэрміну Абамы. Гэта было дрэнна. Можна было спыніць, але прэзыдэнт Абама быў ня ў стане гэта спыніць», — заявіў Трамп.
Раней Трамп заяўляў, што калі б спроба анэксаваць Крым прыпала на час ягонага прэзыдэнцтва, яго рэакцыя магла б быць не такою, як у Абамы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп дапускае магчымасьць вяртаньня Расеі ў G7Трамп раней некалькі разоў выступаў за вяртаньне да фармату «Вялікай васьмёркі» з удзелам Расеі, які спыніў існаваньне пасьля анэксіі Расеяй Крыму ў 2014 годзе. Супраць, аднак, выступалі лідэры іншых краінаў.
На тэрыторыі Крыму і Севастопаля 16 сакавіка 2014 году прайшоў так званы «рэфэрэндум» аб статусе паўвострава, па выніках якога Расея ўключыла Крым у свой склад. Міжнародныя арганізацыі прызналі анэксію Крыму незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі, краіны Захаду ўвялі супраць яе эканамічныя санкцыі. Крэмль адмаўляе анэксію паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці». Вярхоўная Рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла датай пачатку часовай акупацыі Крыму 20 лютага 2014 году.