Трамп не пагадзіўся зь лідэрамі G7 наконт Кітаю, Ірану, Паўночнай Карэі і Расеі

Лідэры дзяржаваў «Вялікай сямёркі» на саміце ў Францыі

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп настойвае, што дыскусіі на саміце «Вялікай сямёркі» ў Францыі ідуць пасьпяхова, нягледзячы на відавочныя рознагалосьсі зь іншымі лідэрамі ў такіх пытаньнях, як гандлёвая вайна з Кітаем, праблема Ірану, паўночнакарэйская пагроза і вяртаньне Расеі ў «сямёрку», расказвае «Голас Амэрыкі».

Так, чальцы «Вялікай сямёркі» выказалі заклапочанасьць эскаляцыяй напружанасьці між ЗША і Кітаем. У прыватнасьці, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон хацеў бы пераканаць усіх партнэраў у тым, што «напружанасьць, і асабліва ў гандлі, кепска адбіваецца на ўсіх». Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан зьняпраўджваў Трампавы словы пра тое, што іншыя лідэры нібыта не патрабавалі ад яго спыніць «гандлёвыя войны» з Кітаем.

Дональд Трамп на саміце пацьвердзіў наяўнасьць рознагалосьсяў сярод лідэраў «Вялікай сямёркі» ў пытаньні аб запрашэньні Расеі на саміт і сказаў, што праца ў гэтым пытаньні «працягваецца».

«У нас ёсьць шэраг людзей, якія хацелі б зноў убачыць Расею, — сказаў ён, не ўдакладніўшы, пра каго ідзецца. — Ніякага рашэньня пакуль не прынята».

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон падкрэсьліў, што паўторны прыём Расеі ў «сямёрку» без урэгуляваньня ўкраінскага крызісу стане сьведчаньнем слабасьці гэтай групы. Макрон назваў такі сцэнар «стратэгічнай памылкай і ўхваленьнем цяперашняй эпохі беспакаранасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп дапускае магчымасьць вяртаньня Расеі ў G7

Раней Нямеччына і Вялікая Брытанія таксама адхілілі ідэю запрасіць Расею ў «сямёрку». У суботу старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск заявіў, што ёсьць і іншыя прычыны, якія не дазваляюць вярнуць Расею ў «сямёрку», у тым ліку «расейская правакацыя ў Азоўскім моры» (леташняе затрыманьне ўкраінскіх маракоў).

Трамп ня стаў камэнтаваць прыезд у Францыю міністра замежных справаў Ірану, якога Макрон запрасіў, каб «аслабіць напружанасьць» у пытаньні амэрыканска-іранскай «ядзернай угоды», зь якой ЗША выйшлі.

Ён таксама сказаў, што «ня можа зразумець пачуцьцяў» прэм’ера Японіі што да ракетных пускаў КНДР. Японія лічыць тыя запускі «відавочным парушэньнем рэзалюцыяў Рады бясьпекі ААН», Трамп ня лічыць, што Пхэньян парушае пагадненьні, хоць і «ня цешыцца» з прычыны пускаў.