Міністар эканомікі Беларусі Дзьмітры Круты даў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ, у якім расказаў пра супрацу з рознымі міжнароднымі арганізацыямі. Згадаў ён і Міжнародны валютны фонд.
Паводле Дзьмітрыя Крутога, правіла МВФ — ня весьці перамоваў пра крэдыты або новыя праграмы для дзяржаваў у пэрыяд выбарчых кампаніяў. А ў Беларусі акурат сёлета парлямэнцкія выбары, а налета плянуюцца прэзыдэнцкія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакуль перамовы з МВФ замарожаныя, Беларусь чакае грошай з Масквы і Пэкіну«Гэта для таго, зразумела, каб не аказваць ніякага палітычнага ціску, — растлумачыў міністар эканомікі. — Таму, думаю, на пэрыяд бліжэйшых году-паўтара мы засяродзімся на клясычных ацэначных місіях. Прадоўжыцца рэалізацыя грантавых і экспэртных пагадненьняў, якія маем у самых розных галінах, але нейкага прарыву што да праграмаў, думаю, чакаць ня варта».
На пытаньне пра магчымы крэдыт ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця Круты адказаў: перамовы на той жа стадыі, што і год таму, «яны чакаюць падпісаньня праграмы інтэграцыі з Расейскай Фэдэрацыяй».
Раней міністар фінансаў Максім Ермаловіч казаў, што Беларусь плянуе ў будучыні пашырыць супрацу зь міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, у тым ліку з МВФ. Гаворка аб перамовах, прыпыненых у 2017-м — афіцыйны Менск тады хацеў атрымаць крэдыт у 3,5 млрд даляраў, ды не пагадзіўся з хуткасьцю рэформаў у сацыяльнай сфэры, прапанаванай МВФ, у прыватнасьці — тэмпаў павышэньня тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі для насельніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эканамічныя рэформы для цяперашняй палітычнай улады Беларусі — гэта прамая пагроза»У 2019 годзе Беларусі трэба сплаціць 3,5 млрд даляраў дзяржаўнай запазычанасьці, у 2020-м — 3,7 млрд.
Як казаў Ермаловіч, 75% дзяржаўнай запазычанасьці зьбіраюцца рэфінансаваць — гэта значыць узяць крэдыты на выплаты крэдытаў. Міністар сьцьвярджаў: «Мы ідзем на новыя рынкі пазык».
25% дзяржаўнай запазычанасьці плянуецца сплаціць коштам даходаў дзяржаўнага бюджэту. Таксама ўлады плянуюць «выпрацаваць стратэгію», каб фінансаваць дзейнасьць дзяржаўных прадпрыемстваў без запазычанасьцяў.