На саміце «Вялікай сямёркі» Макрон паспрабуе адгаварыць ад «гандлёвых войнаў»

Дональд Трамп і Эманюэль Макрон

У францускім Біярыцы ў суботу пачалася сустрэча лідэраў сямі сусьветных дзяржаваў. Удзельнікі саміту «Вялікай сямёркі» — Вялікабрытанія, Нямеччына, Італія, Канада, ЗША, Францыя і Японія. Форум працягнецца да панядзелка. Перад афіцыйным адкрыцьцём сустрэчы прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон паабедаў з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і заклікаў манифэстантаў- «антыглябалістаў» якія прыехалі ў Біярыц, да дыялёгу.

Саміт у Біярыцы адкрыўся на тле эскаляцыі гандлёвай вайны паміж ЗША і Кітаем. Адначасова Дональд Трамп прыгразіў павысіць пошліны на францускія віны, калі Парыж увядзе падатак на прыбыткі найбуйнейшых амэрыканскіх лічбавых кампаніяў. Праўда, падчас абеду з Макронам прэзыдэнт ЗША зьмякчыў тон, адзначыўшы, што ў яго шмат агульнага з прэзыдэнтам Францыі. Пра гэта паведаміла Міжнароднае францускае радыё.

Старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск паабяцаў, што ЭЗ люстрана адкажа на магчымае ўвядзеньне пошлін. «Я буду рашуча абараняць францускае віно», — адзначыў палітык.

11 ліпеня францускі Сэнат ухваліў увядзеньне падатку на дзейнасьць буйных амэрыканскіх інтэрнэт-кампаніяў у Францыі. Арганізацыі, чый агульны даход перавышае 750 мільёнаў эўра, зь якіх 25 мільёнаў атрыманыя ў Францыі, павінны будуць заплаціць 3% ад выручкі ў францускі бюджэт. Дональд Трамп назваў гэтае рашэньне «глупствам Макрона».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп зноў заклікаў вярнуць Расею ў «Вялікую сямёрку». Нямеччына і Францыя супраць

А да абеду з Трампам Эмманюэль Макрон зьвярнуўся да французаў, патлумачыўшы свае галоўныя задачы на саміце. Ён сказаў, што на працягу бліжэйшых дзён паспрабуе «пераканаць» сваіх партнэраў па «сямёрцы» пазьбягаць гандлёвых войнаў.

Саміты G7 заўсёды суправаджаюцца акцыямі пратэсту. У камунах вакол Біярыца яшчэ за некалькі дзён да форуму свае палаткі разьбілі левыя актывісты, антыглябалісты, экалягісты. У пятніцу ўвечары спроба актывістаў заблякаваць скрыжаваньне аўтадарогі вылілася ў сутыкненьні з паліцыяй. 17 чалавек затрымалі. Чацьвёра паліцэйскіх і сем актывістаў пацярпелі, паведамілі ў мясцовай прэфэктуры. Арганізатары «контрсаміту» паведамілі, што мэдычную дапамогу аказалі 23 пратэстоўцам. Усяго ў гэты рэгіён накіравалі больш за 13 тысяч паліцыянтаў і жандараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дональд Трамп загадаў амэрыканскім кампаніям пакінуць Кітай