Сёньня 90 гадоў з дня творчага нараджэньня Міколы Ўлашчыка — беларускага гісторыка, дасьледчыка Вялікага Княства Літоўскага, які адным зь першых адкрываў праўду пра мінулае Беларусі.
Сталінскі вязень, якога не змагла зламаць сыстэма, ён у самых неспрыяльных умовах нястомна даказваў, што Беларусь і да кастрычніцкага перавароту была шляхетнай, высокакультурнай эўрапейскай краінай.
У канцы жніўня 1929 году, 90 год таму, пабачыла сьвет яго першая навуковая праца — «Беларускі друк у 1927−1928 гадах».
1. У дзяцінстве ледзь не забіў уласнага сабаку з падараванай стрэльбы
«...бацька прывёз мне стрэльбу і падараваў дзьве кулі: адну — з вострым канцом, а другую — з тупым, растлумачыўшы, што востраю куляю страляюць у лоб, а тупою — у жывот. ...Назаўтра... я, схапіўшы стрэльбу, быў на дварэ, шукаючы абʼекта, у які можна было б запусьціць кулю. Такім аказаўся сабака Мунік, і я, злажыўшыся, стрэліў. Мунік ніяк не адрэагаваў на мой стрэл, а куля загінула ў сьнезе. Усе стараньні знайсьці кулю не далі вынікаў. ...Ахвота страляць... адпала».
2. Школа была для яго пеклам
«Асноўны фон — шэры, нудны. У варожым абкружэньні, сярод вялікіх хлапцоў, якія ўсё меркавалі, каб даць па патыліцы, ці дражнілі немаведама чаму швэдзікам. Гэтае асяродзьдзе зьядала, душыла сьмех і радасьць, застаўляла перажываць увесь час крыўду. Местачковыя бугаі не давалі літаральна праходу, расказваючы мне такія рэчы пра адносіны гаспадыні зь яе кватарантам, якія я або не разумеў, або дзіка саромеўся. Усе, здаецца, былі ворагі адзін другому, усе стараліся адзін другога задзець, а на чале гэтае бурсы стаяў чалавек, які няшчадна біў і маленькіх дзяцей, і хлопцаў...»
3. Першым творам, які крануў да глыбіні душы, была «Новая зямля»
«„Новая зямля“ — гэта было найбольш сваё, што даводзілася мне чытаць у жыцьці. Людзі, прырода, характар, падзеі, паводзіны — усё было сваё, усё знаёмае, бяз кпін і насьмешак і без ідэалізацыі... Было апісана наша жыцьцё, апісана ўмела, цяжкаватым, старамодным вершам... З такой кнігаю нельга было ўрымсьціцца. Трэба было бегаць да ўсіх, усім чытаць урыўкі. Успрынята „Новая зямля“ была ўсімі добра».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 нечаканых фактаў пра Якуба Коласа
4. Сварыўся зь сямейнікамі, якія не прымалі ягонай беларускасьці
«Я не разумеў, чаму людзі... кпяць зь беларускага... Я гатоў быў з усімі сварыцца, біцца... Дома, прыехаўшы, я сказаў, што гаварыць па-расейску ня буду... На мяне пачалі сварыцца, я ўпёрся... найчасьцейшым апанэнтам быў бацька».
5. Лічыў, што ў 20-я гады Беларусь была самастойнай
Арсень Ліс успамінаў: «У часе адной з размоваў зь Мікалаем Мікалаевічам, калі ён казаў пра некаторыя рэаліі з жыцьця Савецкай Беларусі 20-х гадоў і заакцэнтаваў на нейкім факце сувэрэннасьць рашэньняў беларускага савецкага ўраду, я незнарок усьміхнуўся. Суразмоўца рэзка перапыніў мяне: „Не ўсьміхайцеся, малады чалавек, у 20-я гады мы мелі сваю дзяржаву. Так, так, мелі ўласную дзяржаву“, — паўтарыў ён цьвёрда».
6. У «амэрыканцы» яму было няёмка за калегаў, што супрацоўнічалі са сьледзтвам
«...варочаючыся... ён [Іван Цьвікевіч] казаў, што вось сёньня напісаў, як было сярод эмігрантаў, якая гэта была дрэнь, як яны сварыліся. ...я, слухаючы, адчуваў нейкую няёмкасьць — надта ўжо і без „дапамогі“ арыштаваных была выдумана фантастычная арганізацыя, і дадаваць палкоўнікам новых матэрыялаў не было патрэбы... у 1937 г. Цьвікевіч быў расстраляны. Можна думаць, што матэрыялы для абвінавачваньня ён даў сам сваімі запісамі ў 1930 г.»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як КДБ змагалася зь «беларускім буржуазным нацыяналізмам». Цытаты з рассакрэчанай ва Ўкраіне мэтадычкі
7. У савецкія часы даказваў, што беларусы да кастрычніцкага перавароту не былі адсталай нацыяй
«Звыкла папікаюць нас (беларусаў) цемнатой. Такія ўжо былі забітыя, адсталыя — ня вытрымаць. Ды і нашыя вучоныя пастараліся тут, як ніхто: адзін перад адным шчыравалі — хто лепш няграматную Беларусь (дакастрычніцкую) пакажа. Я спэцыяльна заняўся пытаньнем і даказаў: ня менш 40% насельніцтва краю было граматным...»
8. Кпіў з расейскага фальклёру, бо ў ім абагаўлялі цара
«Наколькі я ведаю фальклёр беларускі, там царэвіч і цар выступаюць надта рэдка. У рускіх абагаўленьне цара і царэвіча — норма. У нас цароў не было і, адпаведна, пакланеньня не было».
9. Быў раззлаваны на раман-эсэ Алега Лойкі «Як агонь, як вада», прысьвечаны Янку Купалу
«Гэта ж трэба — такое паскудзтва растыражаваць тысячамі экзэмпляраў! І паўсюдна — у Менску, у Маскве. Урэшце даведаліся, хто галоўныя душыцелі Купалавага таленту. Усё тыя ж „нацыяналісты“ — Луцкевічы, Ластоўскі. Перад Кірпоціным аўтар гатовы капялюш зьняць, а Луцкевіча, на чыіх сухотных плячах ці ня ўся газэта трымалася, з гразёй мяшае. Што ўжо казаць пра дробязі — адно невуцтва, хоць і напышлівае... Як бы ўзрадаваўся Бэндэ, калі б быў жывы!»
10. Яго абурала, што чужыя цары засланілі беларусам сваю гісторыю
«Але ж басякі, папрывыкалі: як што якое, дык скрозь ад Пятра І ці ад Кацярыны. Так ім, бачыце, цары чужыя засланілі сваю гісторыю. Нейкі цікаўны напісаў у газэту „Вячэрні Мінск“: калі ў Беларусі пачалі ўпарадкоўваць лясную гаспадарку? І што, думаеце, адказалі? — „При Петре І“. Вось вам і гісторыя. А ёсьць дакладная дата апісаньня лясоў Вялікага Княства Літоўскага — 1559 год».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторык, якога не жадалі ў Менску ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Многія даты беларускай гісторыі памылковыя — дасьледчыца летазьлічэньня Куль-Сяльверстава