Ня толькі ў Менску. Магілёўцы пратэстуюць супраць ушчыльненьня забудовы

Пляцоўка, якую абралі для ўшчыльненьня

Апошнім часам жыхары абласнога цэнтру ўсё часьцей заяўляюць сваю нязгоду з палітыкай гарадзкіх уладаў, якія ўшчыльняюць жыльлёвую забудову. Супраць чаго яны пратэстуюць і як могуць паўплываць на рашэньні ўладаў?

Жыхары некалькіх дамоў у магілёўскім мікрараёне Саломенка не згаджаюцца з узьвядзеньнем шматпавярховіка. Людзі кажуць, што праект не прадугледжвае разьвіцьця сацыяльнай ды транспартнай інфраструктуры і пагоршыць умовы пражываньня.

Пра мікрараён: на 15 тысяч насельніцтва — адна школа і два садкі

  • Да гарадзкога цэнтру — 20 хвілін грамадзкім транспартам.
  • Насельніцтва больш за 15 тысяч чалавек.
  • Адна перапоўненая школа № 40. Дзеці вучацца ў тры зьмены.
  • Два загружаныя дзіцячыя садкі. Узьвядзеньне новых у пэрспэктыве.
  • Машынам хуткай дапамогі, пажарнай службы і камунальнага абслугоўваньня дабірацца да дамоў у раёне цяжка, бо праезды кепска сплянаваныя.

Жыхары пра ўшчыльненьне: Чыноўнікі вырашаюць жыльлёвую праблему, шкодзячы навакольлю

Пра ўзьвядзеньне шматпавярховіка жыхары даведаліся два тыдні таму ад геадэзістаў, якія бралі пробы грунту. Пазьней іх зьвесткі пацьвердзілі іншыя крыніцы. Каб не дапусьціць будоўлі, сабралі ўжо 400 подпісаў.

Геадэзісты, ад якіх жыхары даведаліся пра ўшчыльненьне

Дзесяціпавярховік з 120 кватэрамі ўзьвядуць на пляцоўцы шырынёю менш як 100 мэтраў паміж домам на вуліцы Каштанавай, 24-А і школьным стадыёнам.

Жыхары навакольных дамоў абураныя, што «будоўля будзе весьціся над галовамі школьнікаў». Расьліны, высаджаныя імі 20 гадоў таму, зьнішчаць. Самі ж яны апынуцца ў «бэтонным мяху». Школа і дзіцячыя садкі будуць загружаныя яшчэ болей, праезды заблякуе транспарт. Жыхары лічаць: улада спрабуе вырашыць жыльлёвыя праблемы, зьніжаючы якасьць пражываньня і шкодзячы навакольнаму асяродзьдзю.

Чыноўнікі: у горадзе не хапае свабодных пляцовак для будаўніцтва

Ва ўпраўленьні капітальнага будаўніцтва Магілёўскага гарвыканкаму сказалі, што рашэньне аб узьвядзеньні дому ўжо прынятае і ў 2020 годзе яго пачнуць будаваць. Акрамя гэтага дому, на Саломенцы ўзьвядуць яшчэ 5 шматпавярховікаў. Ушчыльненьне тлумачаць адсутнасьцю новых пляцовак пад будаўніцтва.

Паміж стадыёнам, на які прызямляўся ў 2010 годзе гелікоптэр Лукашэнкі, і домам удалечыні паставяць шматпавярховік

«У нас ёсьць неабходныя ўзгадненьні, на грамадзкім абмеркаваньні людзі не пярэчылі будаўніцтву. На падставе гэтага працэдура праектна-каштарыснай дакумэнтацыі запушчаная, і мы яе адмяніць ня можам», — кажа супрацоўнік упраўленьня Алег Бараболя.

Пратэстоўцы сьцьвярджаюць: пра грамадзкае абмеркаваньне ня чулі. Ва ўпраўленьні капітальнага будаўніцтва яны даведаліся, што ў ім бралі ўдзел жыхары іншых дамоў, якіх праблема ўшчыльненьня закранае менш. Пратэстоўцы напісалі старшыні гарвыканкаму, каб той прызначыў паўторнае абмеркаваньне. Заяўляюць: калі свайго не дамогуцца, то зьвернуцца да Лукашэнкі.

Як пратэстуюць у Магілёве супраць ушчыльненьня

У лютым 2019 году жыхары спальнага раёну «30 год Перамогі» выступілі супраць будаўніцтва на школьным стадыёне шматпавярховіка. Гарвыканкам «з улікам думкі бальшыні насельніцтва» адклікаў праект, і «цяпер разглядаецца пытаньне аб мадэрнізацыі стадыёну».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілёўцы выступілі супраць забудовы школьнага стадыёну

У 2019 годзе, нягледзячы на пратэст жыхароў, пачалі ўзводзіць васьміпавярховік з чатырма пад’ездамі на праспэкце Міру побач з ракой Дубравенкай. Гэта цэнтар гораду і мяжа ахоўнай гістарычнай часткі. Грамадзкі пратэст не паўплываў на гарвыканкам. Дом будуе прыватная арганізацыя.

Такой абвесткай зьбіралі жыхароў на падрыхтоўку да сустрэчы з супрацоўнікамі Ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва

У мікрараёне «Спадарожнік» жыхары пратэстуюць супраць узьвядзеньня трох шматпавярховых дамоў замест заплянаванай школы. У адзінай мясцовай школе, разьлічанай на 1020 месцаў, вучыцца 2400 дзяцей. Улады абяцаюць адмовіцца ад аднаго дома і пабудаваць дзіцячы садок.
У 2019 годзе пачалі ўшчыльняць жылы масіў на завулку 1-м Паўднёвым. На дзіцячай пляцоўцы каля дому 16 узводзяць шматкватэрны дом. Жыльцы сабралі 150 подпісаў супраць будоўлі. Пісьмова зьвярталіся ў гарвыканкам, але марна.

У 2018 годзе жыхары некалькіх дамоў на праспэкце Дзімітрава не дазволілі ўшчыльніць пляцоўку крамай «Санта-Брэмар». Сабралі больш за 200 подпісаў. Праект адклікалі, а краму збудавалі ў іншым мікрараёне.

Што рабіць жыхарам?

Паводле каардынатара таварыства «Горад для гараджан» Дзяніса Кобрусева, грамадзкае абмеркаваньне — самы спрыяльны час, каб паўплываць на рашэньне чыноўнікаў. Змарнаваўшы гэтую магчымасьць, давядзецца прыкладаць нашмат больш высілкаў, каб дамагчыся свайго.

Гэтая дарога стане агульнай для двух дамоў пасьля ўшчыльненьня

Дзяніс Кобрусеў раіць:

  • Сачыць за паведамленьнямі на сайце мясцовай улады аб правядзеньні грамадзкіх абмеркаваньняў. Іх публікуюць за дзесяць дзён да пачатку.
  • Шукаць падтрымкі ў грамадзкіх арганізацыях і сярод экспэртаў, якія маюць досьвед супрацьстаяньня ўшчыльненьню. Да іх трэба зьвяртацца загадзя, каб быў час разабрацца ў сытуацыі.
  • Прыходзіць на грамадзкія абмеркаваньні падрыхтаванымі. Вучыцца аргумэнтавана даводзіць сваю пазыцыю. Самім шукаць і вывучаць неабходныя дакумэнты. Пазьбягаць эмоцыяў.
  • Вучыцца пісаць калектыўныя звароты ў наглядныя органы (пракуратуру, інспэкцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя), якія могуць стаць хаўрусьнікамі ў змаганьні супраць ушчыльненьня.
  • Зьвяртацца да сродкаў масавай інфармацыі. Чым больш пра праблему пішуць, тым больш плёну.

Сабраныя подпісы супраць ушчыльненьня

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.