Цягам двух месяцаў онлайн-часопіс CityDog.by тлумачыць беларусам, як спрачацца на балючыя тэмы. Аўтары тэматычных відэа вучаць змагацца з гамафобіяй, падтрымліваць у дэпрэсіі, не баяцца анкалёгіі і — нечакана — прызнаць і перамагчы беларускую неталерантнасьць.
«Мне падаецца, што цяпер можна заўважыць высачэзную ступень агрэсіі падчас абмеркаваньняў чаго заўгодна, — тлумачыць Яся Каралевіч-Картэль, рэдактарка часопіса CityDog. — Мы спадзяваліся даць людзям аргумэнты, каб яны мелі магчымасьць адстойваць сваю пазыцыю і рэальна пераконваць іншага чалавека, а ня кідаць усё, расчароўвацца і ў гэтым чалавеку, і ў самой ідэі з кімсьці спрачацца».
Людзі зь дзецьмі кажуць што расстрэл для маньяка — лёгкая сьмерць, лепш катаваць
Найбольш праглядаў — у відэа пра ксэнафобію, больш за ўсё камэнтароў — пра гамафобію. У тры разы больш жанчын, чым мужчын, паглядзелі ролік пра хатні гвалт, а пра анкалёгію — у дзевяць разоў больш; мужчыны больш зацікавіліся ксэнафобіяй, чым здароўем. Падобная статыстыка — гэта люстэрка беларусаў. Прынамсі тых, што пішуць камэнтары.
«Кожны другі дзень бла-бла-бла сьмяротнае пакараньне. Слухайце, колькі тых сьмяротных пакараньняў? Вакол нас тысячы людзей з сурʼёзнымі захворваньнямі, якія дажываюць у жудасных пакутах, нейкая пякельная колькасьць жанчын, якіх лупяць кожны дзень. Што ў вас далей па раскладзе? Геі? Лесьбіянкі? Веласьцежкі?» (Камэнтар з Facebook. — РС).
Чым больш было праглядаў, тым больш заўважна мянялася аўдыторыя гледачоў, а рэакцыя ад удзячнасьці пераходзіла да агрэсіі.
«Прыходзіць жанчына, у яе на аватарцы немаўля на руках, і піша, што яна б гэтых маньякаў кастрыравала, чацьвертавала і адразала б у іх кавалкі мяса, — абураецца Яся. — Ці бацькі двух дзяцей, якія пішуць камэнтары пра тое, што яны б маньякоў не забівалі — бо гэта лёгкая сьмерць — а катавалі. І ты зьдзіўляесься, бо ня думаеш, што такія людзі побач з табой жывуць, а яны жывуць, і лічаць, што ня сорамна выказваць такое меркаваньне».
Некалькі чалавек адпісаліся ад старонкі назаўжды
Аказалася, што лепей за ўсё прымаюць тэму фэмінізму. Магчыма, таму што яна ўжо дастаткова доўга і паўсюдна асьвятлялася: пакрысе людзі прызвычайваюцца, што рух за правы жанчын — гэта карысна. А найбольшую ступень абурэньня выклікаў ролік пра гамафобію.
«А я за тое, каб нават адмянілі сьмяротнае пакараньне, але вярнулі артыкул за мужаложства. Вы адразу пабачыце, як іх у разы стане менш». (Камэнтар з Facebook — РС.)
Відэаролікі самі сталіся прычынай шматлікіх спрэчак. Некалькі чалавек пасьля публікацыі націснулі кнопку «Адпісацца ад старонкі назаўжды».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маці сказала, што лепш, каб я была адна». Беларускія лесьбіянкі пра камінг-аўтАле іншыя прыходзілі ў камэнтары і абаранялі фэміністак, выступалі супраць сьмяротнага пакараньня, шкадавалі тых, хто хварэе на рак і пакутуе ад дэпрэсіі. Толькі па адной тэме часопіс мусіў абараняцца сам-адзін.
«Пра ксэнафобію я ня памятаю, каб хто прыходзіў заступацца, — кажа Яся. — І такая рэакцыя дае вялікія падставы думаць, што талерантнасьць беларуская далёка ня так распаўсюджана, як нас са школы вучаць».
«Я нічога ня маю супраць іншых нацый, якія жывуць у Беларусі, але хацела б, каб мае дзеці стварылі пару зь беларусамі, каб захаваць нашу нацыю». (Камэнтар з Facebook. — РС.)
Сэрыя з 10 ролікаў закранае самыя «выбуховыя» для беларускага грамадзтва тэмы: фэмінізм, хатні гвалт, ксэнафобію, сьмяротнае пакараньне, рак, гамафобію, аборты, дэпрэсію, нежаданьне брацца шлюбам.
Тэма апошняга выпуску — дзедаўшчына ў войску. Аўтары кажуць, што раскрыць яе было амаль немагчыма: людзі ў пэўны момант проста замаўкалі, баючыся гаварыць на камэру. Магчыма, пасьля публікацыі яны знойдуць аргумэнты для выказваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фукуяма пра тое, у чым ён згодны з Лукашэнкам і як стрымаць Расею