Эсьфір зь Іўя, якая сфоткалася з Лукашэнкам: «Гульню тронаў» не глядзела, а прэзыдэнта гукнула сама, калі ён ішоў да картэжа

Аляксандар Лукашэнка побач з Эсфір і Авігеяй

Пасьля візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Іўе зьявіўся фатаздымак, на якім ён стаіць зь дзьвюма дзяўчаткамі зь незвычайнымі імёнамі: Эсьфір і Авігея. Дзяўчаткі зь дзяцінства марылі пра здымак з прэзыдэнтам.

Пасьля зьяўленьня здымка ў сацсетках пачалі жартаваць, што Эсьфір падобная да Сансы Старк з папулярнага сэрыялу «Гульня тронаў». Як выявілася, сэрыял Эсьфір не глядзела, але цяпер хоча пабачыць. Цяпер яна рыхтуецца вучыцца на журналістку ў Гарадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 374 даляры заробку, скарачэньне насельніцтва, закрыцьцё школ. Як жыве «беларускі рай», дзе так спадабалася Лукашэнку

Свабода распытала Эсьфір пра рай у Іўі і пра сустрэчу з кіраўніком Беларусі.

«Я сама гукнула яго»

— На фатаздымку з Лукашэнкам вы ўсьміхаецеся, нехта тады пажартаваў?

— Я проста радавалася, што будзе фатаздымак зь ім, і радавалася, што я яго так блізка пабачыла. Гэта такія эмоцыі, калі падыходзіш да кіраўніка дзяржавы, калі ён так блізка стаіць. Я расслабілася, бо ня ведала, што гэта так проста будзе.

— Вы да яго самі падышлі?

— Калі ён ішоў ужо ў картэж, я крыкнула: «Аляксандар Рыгоравіч», ня гучна, але і ня ціха. Ня думала, што ён азірнецца. Ён азірнуўся, быў за 10 мэтраў ад мяне. Ён адгукнуўся, я падышла да яго. Спытала, ці магу я яго абняць, пасьля падышла і мая сястра. Я сказала, што я Эсьфір. Ён яшчэ запытаўся, ці я яму пісала ліст на выпускны. Я сказала, што так. Ён падарыў нам шакалядкі, запытаўся, куды я паступіла. Я сказала, што на журфак, ён тады сказаў, што мы яшчэ сустрэнемся 100%.

«Я напісала Лукашэнку ліст у 4 клясе»

— А што за ліст на выпускны?

— Я напісала яму ліст яшчэ ў 4 клясе, хацела зь ім сустрэцца, бо калісьці мой брат сустракаўся зь ім на адкрыцьці лядовай арэны. У яго тады не атрымалася са мной асабіста сустрэцца, але нас запрасілі на ялінку, мы туды паехалі зь сястрой. Я бачыла прэзыдэнта за 10 мэтраў, але тады нас да яго не пусьцілі. Пасьля я яго запрашала на выпускны і пісала ліст, але тады ён ня змог, бо быў у камандзіроўцы.

Нам сказалі, што ён прыедзе 22 жніўня, але ён прыехаў 21-га. І нам проста пашанцавала. Мы ня думалі, што мы яго сустрэнем. Калі сказалі, што ён прыяжджае ў Іўе, ніхто не паверыў.

— У вас зь сястрой такія незвычайныя імёны, гэта бацькі прыдумалі?

— Бацькі ўзялі біблейскія імёны, каб кожнае несла свой сэнс. У нас яшчэ ёсьць брат Майсей. Маё імя значыць — зорка, якая ўзыходзіць, Авігея — гэта радасьць бацькі.

— Чаму вырашылі паступаць на журфак?

— Я плянавала паступаць у БДУ на журналістку, але мяне запрасілі ў Горадзенскі ўнівэрсытэт на «дзень адчыненых дзьвярэй». Мы туды паехалі, і там запрасілі паступаць да іх. І я туды паступіла, хоць не плянавала. У будучыні я хачу паступаць у Маскву. Хачу займацца разьвіцьцём маўленьня, навучыцца прыгожа размаўляць зь людзьмі. Цяпер мне 17, і там будзе складана адной, але, можа, я ў наступным годзе паспрабую.

— У сацсетках вас параўноўваюць з Сансай Старк з «Гульні тронаў», бачылі?

— Так, я гэта бачыла. Я ніколі не глядзела гэтае кіно. Стала цікава паглядзець, што за дзяўчына. Убачыла, што падабенства толькі з аднаго боку. Так я падабенства асабліва не знаходжу, можа, нейкія рысы.

Але я загарэлася паглядзець цяпер «Гульню тронаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пераблытаў Крупкі і Капыль. І папрасіў БТ выбачыцца за «грубую» памылку

— Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ў Іўі рай, згодныя?

— Шчыра, згодная. У нас вельмі шмат дрэваў, усё зялёнае, вакол чысьціня. Можа, таму ён меў на ўвазе, што ў нас рай. Такі маленькі прыгожы куточак. У нас ніхто ня сварыцца, ніхто нікога не абгаворвае.