Міліцыянта адправілі ў калёнію ўзмоцненага рэжыму за зьбіцьцё двух чалавек

Ілюстрацыйнае фота

Былы малодшы лейтэнант міліцыі Мікалай Раеў, які летась разам з калегамі зьбіў двух мсьціслаўцаў, асуджаны на тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму і пазбаўлены званьня, паведамляе Белсат.

Такі вырак для сілавіка за ўжываньне гвалту — рэдкі выпадак у беларускім правасудзьдзі.

Пацярпелы Аляксей Швядкоў кажа: «Я чакаў, што будзе не крымінальны тэрмін, а які хатні арышт. Ці якая іншая замена, але як выйшла — крымінальны тэрмін. Я вельмі рады».

Швядкоў сьцьвярджае, што асуджаны міліцыянт — не адзіны, хто зьбіваў яго і сябра Мікалая Купчына. Астатнія 7 міліцыянтаў праходзілі ў справе сьведкамі:

«Мяне трымалі, Купчына двое, хоць любы з працаўнікоў мог спыніць гэта ўсё. Мог ня даць наносіць удары. Неяк спыніць Раева. Але ніхто гэтага не зрабіў. І ніхто не панёс кары за гэта».

Але абскарджваць рашэньне суду ён не плянуе. Маўляў, задаволены і гэтым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцеец падаваў у суд на міліцыянтаў за зьбіцьцё, але сам атрымаў 2 гады калёніі

3 гады — найменшы магчымы тэрмін паводле 3 часткі 426 артыкулу Крымінальнага кодэксу «Перавышэньне паўнамоцтваў, спалучанае з гвалтам», па якім асудзілі міліцыянта.

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка лічыць, што ў гэтым выпадку галоўнае ня тэрмін, а сам факт таго, што міліцыянта асудзілі паводле крымінальнай справы за гвалт: «Па меншай меры судовая сыстэма цяпер адэкватна ставіцца да таго, што працаўнікі міліцыі могуць пераступаць закон і могуць прыцягвацца да крымінальнай адказнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Куды тэлефон падзела, с...ка?» 5 гучных гісторыяў аб гвалце, у якім абвінавачвалі сілавікоў

Праваахоўніка асудзілі празь некалькі дзён пасьля эмацыйнага «разносу» Аляксандрам Лукашэнкам сілавікоў. Бандарэнка мяркуе, што гэты выступ Лукашэнкі меў свой уплыў на рашэньне суда.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 галоўных парушэньняў праваахоўнікаў, якія заўважыў Лукашэнка. Коратка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка раскрытыкаваў сілавікоў за фальсыфікацыю наркатычных спраў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Некаторыя ў пагонах „прыбурэлі і абарзелі“ да таго, што яны проста не павінны іх насіць»