У Радзе Бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў адбылося экстранае пасяджэньне, скліканае з ініцыятывы Расеі і Кітаю ў сувязі зь нядаўнім выпрабаваньнем ЗША крылатай ракеты звычайнай канфігурацыі. Трансьляцыя зь Нью-Ёрку вялася на сайце ААН.
На думку расейскіх і кітайскіх уладаў, дзеяньні Вашынгтону нясуць пагрозу міжнароднай бясьпецы.
Выканаўца абавязкаў пастаяннага прадстаўніка Расеі пры ААН Дзьмітрый Палянскі заявіў, што сьвет стаіць у адным кроку ад гонкі ўзбраеньняў празь геапалітычныя амбіцыі ЗША. Паводле яго, абвінавачваньні Вашынгтону на адрас Масквы ў парушэньні Дамовы аб ракетах сярэдняй і малой далёкасьці ёсьць галаслоўнымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея і Кітай ініцыявалі паседжаньне Рады Бясьпекі ААН з нагоды тэставаньня крылатай ракеты ў ЗШАПастаянны прадстаўнік Кітаю ў ААН Лю Цзэі адзначыў, што Дамова была важная для стрымліваньня гонкі ўзбраеньняў. Ён заклікаў ЗША і Расею да дыялёгу і адзначыў нэгатыўныя наступствы пасьля выхаду Вашынгтона з Дамовы. Лю Цзэі заявіў, што абвінавачваньні ЗША на адрас Кітая ёсьць неабгрунтаванымі.
Выканаўца абавязкаў пастаяннага прадстаўніка ЗША пры ААН Джонатан Коэн у час паседжаньня абвінаваціў Расею ў парушэньні ўмоваў Дамовы і распрацоўцы ракет, далёкасьць якіх была забароненая. Коэн таксама заклікаў Маскву растлумачыць абставіны інцыдэнту, які адбыўся 8 жніўня пад Северадзьвінскам. Акрамя таго, ён абвінаваціў Кітай у нарошчваньні ракетнага патэнцыялу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША выпрабавалі крылатую ракету наземнага базаваньняВашынгтон 19 жніўня паведаміў аб першым выпрабаваньні крылатай ракеты пасьля выхаду ЗША і Расеі з Дамовы пра ракеты. Снарад праляцеў больш за 500 км і трапіў па цэлі. Раней Злучаныя Штаты не маглі распрацоўваць ракеты наземнага базаваньня далёкасьцю ад 500 да 5500 км.
Што важна ведаць пра дамову аб ліквідацыі РСМД
ЗША 2 лютага пачалі выходзіць з Дамовы аб ліквідацыі РСМД. У адказ на гэта Ўладзімір Пуцін 2 лютага заявіў, што Расея прыпыняе ўдзел у дамове.
- Вашынгтон сьцьвярджае, што Масква парушыла дамову аб РСМД, стварыўшы і разгарнуўшы ракетную сыстэму 9М729. Цяпер Расея валодае 100 такімі ракетамі.
- Масква абвяргае ўсе абвінавачаньні, заяўляючы, што далёкасьць палёту ракеты 9М729 складае 480 кілямэтраў, што на 20 кілямэтраў менш за ніжнюю мяжу, вызначаную дамовай.