Сьляды крыніц ілжывых электронных паведамленьняў пра небясьпеку вядуць за межы Беларусі, пры гэтым той, хто іх рассылаў, карыстаўся сэрвісамі для захаваньня ананімнасьці, паведаміў прадстаўнік МУС Кірыл Вяткін, піша БЕЛТА.
«Практыка паказвае, што ва ўсіх выпадках сьляды вядуць за межы Беларусі. Зыходзячы з геаграфіі супрацьпраўных дзеяньняў і тых кропак, якія былі вызначаныя, мы гаворым — гэта сумежныя дзяржавы і краіны Заходняй Эўропы», — сказаў Кірыл Вяткін.
Паводле МУС, ва Ўкраіне таксама фіксавалі ілжывыя паведамленьні аб «мінаваньні» ад імя групоўкі Orwell, падобныя да тых, якія прыйшлі на беларускія адрасы электроннай пошты. МУС Беларусі супрацоўнічае па гэтым пытаньні з украінскімі калегамі.
Тыя, хто рассылаў паведамленьні, карысталіся ананімайзэрамі Tor, VPN, ананімнымі сэрвісамі электроннай пошты, проксі-сэрвэрамі, дадаў прадстаўнік МУС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блякаваньне Tor у Беларусі падвысіла колькасьць ягоных карыстальнікаўАнанімайзэры, Tor і VPN-сэрвісы выкарыстоўваюцца якраз каб схавáць лякацыю карыстальніка (або атрымаць доступ да заблякаваных сайтаў).
З заявы не зразумела, ці беларускія праваахоўнікі выявілі рэальную лякацыю зламысьнікаў, зьвязаўшыся з прадстаўнікамі сэрвісаў, ці толькі прасачылі, што зламысьнікі карысталіся сэрвісамі, якія паказваюць лякацыю карыстальніка, напрыклад, як Польшчу ці Расею.
У 2018-2019 гадах, паводле МУС, усе паведамленьні аб «мінаваньні» былі ілжывымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што «мініравалі» ў Менску за паўгода і колькі гэта можа каштаваць. МАПА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе «замінаваныя» месцы Менску праверылі. Бомбаў не знайшлі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі каштавала «мінаваньне» будынкаў у Менску?Што важна ведаць пра «мінаваньне» будынкаў у Беларусі
Ад пачатку 2019 году за ілжывае мінаваньне будынкаў па ўсёй Беларусі завялі 35 крымінальных спраў. У ходзе іх расьсьледаваньня ўсталявалі 14 чалавек, датычных да падобных паведамленьняў, па шасьці крымінальных справах ужо прайшлі суды і вынесеныя прысуды. Расьсьледаваньні працягваюцца.
- 31 сакавіка невядомы паведаміў, нібыта замінаваны чыгуначны вакзал, а таксама гандлёвыя цэнтры Galileo і «Замак».
- 6 красавіка праз тэлефон сказалі, што ў гандлёвым цэнтры «Галерэя» закладзена выбухоўка.
- 27 красавіка абмежавалі рух менскага мэтро з прычыны «замінаваньня» станцыі «Ўручча». Пазьней увечары затрымалі чалавека, які меркавана зрабіў ілжывы званок.
- 29 красавіка паведамлялася пра «мінаваньне» аэрапорту, вакзалу і гатэля ў Менску.
У 2018 годзе ў Беларусі міліцыя зафіксавала 23 ілжывых «паведамленьня аб небясьпецы», піша МУС Беларусі.
Паводле арт. 340 Крымінальнага кодэксу заведама ілжывае паведамленьне аб небясьпецы можа карацца:
- штрафам ці арыштам;
- да 5 гадоў абмежаваньня волі;
- ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.