Журналісты грузінскага каналу «Руставі-2» байкатуюць працу пасьля звальненьняў калегаў. ВІДЭА

Супрацоўнікі «Руставі-2», архіўнае фота

На грузінскім тэлеканале «Руставі-2» 21 жніўня не трансьляваліся перадачы навінаў «Кур’ер» — замест іх паказалі фільмы і сэрыялы, бо журналісты байкатавалі працу. Два вядоўцы вечаровага «Кур’ера» у жывым эфіры заявілі, што пакідаюць канал.​

Яе расказвае «Эхо Кавказа», грузінская служба Свабоды, журналісты байкатуюць працу, бо ня маюць гарантыяў неўмяшальніцтва новага кіраўніцтва каналу ў рэдакцыйную палітыку.

«Мясцовыя і міжнародныя арганізацыі неаднаразова заклікалі новае кіраўніцтва тэлекампаніі пазьбягаць ўмяшальніцтва ў рэдакцыйную палітыку каналу, — пішуць у супольнай заяве няўрадавыя арганізацыі Грузіі. — Кіраўніцтва, у сваю чаргу, паабяцала, што крытычная рэдакцыйная палітыка будзе захаваная. Нягледзячы на гэта, празь некалькі тыдняў новае кіраўніцтва прыняла неабгрунтаваныя рашэньні, зьвязаныя са звальненьнем супрацоўнікаў».

Ранейшы гендырэктар грузінскага незалежнага тэлеканалу «Руставі-2» Ніка Гварамія 17 ліпеня быў звольнены са сваёй пасады. Пасьля адстаўкі ён заявіў аб палітычных прычынах свайго звальненьня, і падкрэсьліў, што Ўладзімір Пуцін і кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў «патрабавалі» закрыць тэлеканал. Гэта адбылося адразу ж пасьля таго, як уладальнікам тэлеканала зноў стаў бізнэсовец Кібар Халвашы. Замест Гвараміі ён прызначыў кіраваць тэлеканалам свайго юрыста Паата Салію. Сярод звольненых журналістаў — Георгій Габунія, які ў жывым эфіры абразіў прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузінскага журналіста, які абразіў Пуціна, звольніла новае кіраўніцтва каналу «Руставі-2»