Беларускія музыкі з ЗША Валянціна Пархоменка, Алесь Казак і іх дачка Вольга Казак распачалі амбітны беларускамоўны праект «Крыніца», у якім даюць новае, сучаснае гучаньне беларускім народным песьням, якія зьбіралі шмат гадоў таму па ўсёй Беларусі. У відэаінтэрвію Свабодзе музыкі распавядаюць, як здымалі на двух кантынэнтах кліп «Маменька» пра тое, як беларускіх хлапцоў забіралі ў расейскае войска, чым аўтэнтычныя песьні з Палесься цікавыя ў ЗША, і як ужо трэцяе пакаленьне сям’і Казакоў сьпявае ў ЗША па-беларуску.
Чым адметнае Kozak Family Trio
Заслужаная артыстка Беларусі Валянціна Пархоменка і яе муж, саліст беларускага радыё і тэлебачаньня Алесь Казак разам з дачкой Вольгай у 1990 годзе зьехалі ў ЗША. У Нью-Ёрку жыў дзядзька Алеся, беларускі мастак Мікалай Казак. Казакі прыехалі ў ЗША зь некалькімі валізкамі, «але наша сямʼя была багатая на песьні», кажа Вольга Казак.
Да адʼезду Валянціна і Алесь шмат гадоў езьдзілі ў фальклёрныя экспэдыцыі, запісвалі беларускія народныя песьні і выконвалі іх. Валянціну назвалі «залатым голасам Беларусі». Яна сьпявала ў Дзяржаўным акадэмічным народным хоры Беларусі, ансамблі народнай музыкі «Жывіца». Мае шмат ўзнагародаў, у тым ліку Гран-пры Міжнароднага конкурсу вакалістаў у ЗША. Сямейны ансамбаль выступаў на такіх прэстыжных пляцоўках, як Лінкальн-цэнтр, Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Кліўлендскай Нацыянальнай опэры, дабрачынных чарнобыльскіх ініцыятывах.
Кампазыцыі Вольгі Казак — гіты на амэрыканскіх радыёстанцыях
Вольга Казак вучылася ў менскай гімназіі імя Ахрэмчыка, удзельнічала ў канцэртах разам з бацькамі, свой першы тур правяла ў дзесяцігадовым узросьце. У ЗША вучылася музыцы, танцу, акторскаму майстэрству. Мае дыплём магістра навук у галіне міжнародных мэдыя Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьпявачка Вольга Казак у Нью-Ёрку: «Бацькі казалі: або размаўляеш па-беларуску, або шукай сабе іншае жытло»Вольга Казак, якую ў ЗША яе ведаюць як Olyia, робіць у Штатах пасьпяховую музычную кар’еру, стварае песьні, піша музыку, удзельнічае і перамагае ў конкурсах.
«Беларуская народная песьня заўсёды была ўва мне, — кажа Вольга, — я пішу песьні па-ангельску для розных артыстаў, пішу і на гішпанскай мове, але беларуская музыка заўсёды будзе частачкай мяне. Мае песьні на ангельскай і гішпанскай мове маюць корань зь беларускай песьняй. У мяне нарадзілася дачка, і я зразумела, як важна захаваць працу маіх бацькоў. Зараз я хачу канцэнтравацца на гэтым беларускамоўным праекце. Мая 4-гадовая дачка таксама сьпявае па-беларуску. Я б не сказала, што я — тыповая амэрыканка, але я і не тыповая беларуска. Мабыць, мая беларускасьць крышачку такая — чыстая, таму што ўсё, што памятаю пра Беларусь — вёска, бабуля, прыгажосьць, народная беларуская песьня».