Анатоль М. паведаміў судзьдзі, што ніколі не чуў пра сыстэму байкшэрынгу.
Суд Ленінскага раёна Менску пачаў слухаць справу аб крадзяжы пракатнага ровара. На лаве падсудных 43-гадовы кіроўца з Баранавічаў Анатоль М. Ён працуе ў індывідуальнага прадпрымальніка, час ад часу прыяжджае ў Менск на грузавым аўтамабілі за таварам.
Паводле матэрыялаў справы, крадзеж пракатнага ровара адбыўся каля апоўначы 21 ліпеня на Ігуменскім тракце. Абвінавачаны ў суд прыйшоў сам, ад паслугаў адваката адмовіўся, віну прызнаў цалкам.
«Чысло не памятаю, калі гэта здарылася, — расказаў абвінавачаны. — Стаяў ровар на Ігуменскім тракце, каля кальцавой. Дзень стаяў. На другі дзень праяжджаю — зноў стаіць. Два дні стаіць, нікому не патрэбны. Стаіць і стаіць. У нас такіх няма ў Баранавічах. Ну я і вырашыў забраць. Спыніўся, кінуў у машыну і паехаў назад у Баранавічы. Я ровар хацеў сыну падарыць. Пра байкшэрынг ніколі не чуў. Калі б чуў, то лепш бы я сыну ровар сам купіў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Kolobike пакрыўдзіўся: завялі 6 крымінальных справаў на зладзеяў і вандалаўРовар М. пратэставаў праз некаторы час, ён быў заблякаваны. Па словах абвінавачанага, ён зьбіраўся пазьней вырашыць гэтую праблему, аднак перашкодзілі сьледчыя, якія спынілі грузавік М. і знайшлі скрадзены ровар у яго кузаве. Яго сыну 18 гадоў.
Сьведкам на працэсе выступіў інжынэр кампаніі «Колабайк», якой належыць ровар. Ён расказаў, што праз сыстэму спадарожнікавага сачэньня ў кампаніі змаглі пабачыць, што іх ровар знаходзіцца ў Фаніпалі, а потым пачаў рухацца ў кірунку Стоўбцаў. Пасьля ў «Колабайку» вырашылі зьвярнуцца ў міліцыю.
Ровар, які паводле сьледзтва скраў М., быў вернуты ўласьніку цэлым. Паводле матэрыялаў суда, ён каштуе 728 рублёў 36 капеек. Гэта дазваляе разглядаць справу аб крадзяжы пракатнага ровара па частцы 1 артыкулу 205 Крымінальнага кодэксу (крадзеж). Яна прадугледжвае пакараньне ад штрафу да пазбаўленьня волі тэрмінам 3 гады.
Як паведаміў у залі суда прадстаўнік кампаніі «Колабайк», на дадзены момант вядома восем выпадкаў крадзяжоў пракатных ровараў.
Суд вырашыў, што М. мае выплаціць штраф у памеры 1275 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 14-гадовы хлопец патапіў ровар «Колабайк». Завялі крымінальную справу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як менчукі сустрэлі «жоўтыя ровары» і што зь імі робяць