На Зыбіцкай вуліцы ў Менску падлетак скінуў у ваду пракатны ровар «Колабайк». Ягоны сябар зьняў гэта на відэа, якое пазьней апублікавалі ў сацсетках. Заведзена крымінальная справа за хуліганства, піша Сьледчы камітэт.
Падлетка затрымалі, але мера стрыманьня не прымянялася, сказала Свабодзе прэс-сакратарка СК па Менску Кацярына Гарлінская.
Крымінальная адказнасьць за хуліганства наступае з 14 гадоў. Паводле ч.1 арт.339 КК вінаватаму могуць пагражаць:
- грамадзкія працы;
- штраф;
- да двух гадоў папраўчых прац;
- арышт;
- да трох гадоў турмы.
Згодна з заявай, якая паступiла ад кампаніі «Колабайк», кошт пашкоджанай маёмасьці склаў 728 рублёў.
Схема працы Kolobike адрозьніваецца ад звычайных пракатаў. Можна браць найбліжэйшы ровар, знойдзены праз мабільную праграму, і пакідаць у любым грамадзкім месцы ў межах Менску. Нельга звозіць іх з гораду або ставіць у памяшканьні. Цэны ніжэйшыя, чым у стацыянарных пунктах пракату, але мадэль усіх ровараў толькі адна.
З вандалізмам і крадзяжамі сутыкаецца і другая кампанія, якая працуе паводле такой схемы, — пракату самакатаў Eleven. Пракуратура нават загадала зрабіць налепкі з папярэджаньнем пра адказнасьць за парушэньне закону, бо «крадзяжы фіксаваліся сыстэматычна». Kolobike таксама зьбіраецца наляпіць на ровары такія папярэджаньні.
Зрэшты, кіраўнік Kolobike Вадзім Осіпчык казаў, што спадзяецца на лепшае: маўляў, пасьля некалькіх гучных крымінальных спраў усё спыніцца, дый ламаць ровары ўжо перасталі, бо «надакучыла».