Пяць гадоў таму, у другой палове жніўня 2014 году, «Ілавайскі кацёл» стаў першым выпадкам за час вайны на ўсходзе Ўкраіны, калі Расеі давялося выкарыстоўваць рэгулярныя войскі. Сэпаратысты ў той час цярпелі паразу за паразай.
Нягледзячы на тое, што на афіцыйным узроўні Расея па-ранейшаму адмаўляе дачыненьне сваёй арміі да падзеяў на Данбасе, шматлікія фота і відэасьведчаньні ў інтэрнэце кажуць пра адваротнае.
Брытанская дасьледчая група Forensic Architecture да пяцігодзьдзя «Ілавайскага катла» — акружэньня ўкраінскіх войскаў пад горадам Ілавайскам за 50 кілямэтраў ад Данецку — апублікавала маштабнае дасьледаваньне пра ўдзел у гэтай падзеі рэгулярнай расейскай арміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці далучэньне Беларусі да NATO — фантастыка?Экспэрты Forensic Architecture ўзялі за аснову свайго дасьледаваньня спадарожнікавыя фатаграфіі і відэазапісы з зоны баявых дзеяньняў на ўсходзе Украіны, на якіх відаць танк Т-72Б3: мадэрнізаваны савецкі танк, які ў 2014 годзе знаходзіўся толькі на ўзбраеньні расейскай арміі. Т-72Б3 лёгка ідэнтыфікаваць па яго ўнікальных адметных рысах, напрыклад, па ўсталяваным на вежы шматканальным прыцэле «Сосна-У» і мадэрнізаванай дынамічнай абароне «Контакт-5».
Аглядальник Радыё Свабода Марк Крутаў нагадвае пра іншыя ўзоры расейскага ўзбраеньня, якія ніколі не пастаўляліся ва Ўкраіну і могуць сьведчыць пра непасрэдны ўдзел расейскай рэгулярнай арміі ў вайне на Данбасе. Сьведчаньні зьбіралі валянтэры і экспэрты міжнародных дасьледчых груп, такіх, як InformNapalm і Bellingcat.
Танк Т-90А
Яшчэ адна расейская распрацоўка на базе савецкага танка Т-72 — танк Т-90А. Яго унікальнымі рысамі зьяўляюцца клінаватыя элемэнты дынамічнай абароны, разьмешчаныя роўна ў шэраг дзякуючы зваранай зь некалькіх частак вежы, а таксама, да прыкладу, цеплавізары другога пакаленьня «ЭССА».
Т-90А, як і Т-72Б3, ніколі не пастаўляўся на экспарт ва Украіну. Як і Т-72Б3, Т-90А былі заўважаныя ў Луганскай вобласьці ў канцы баёў за Ілавайск. Відэа ніжэй, як мяркуецца, было зьнята 25 жніўня 2014 году. Валянтэры InformNapalm і карыстальнік Твітэру Askai707 змаглі вызначыць месца здымак як чыгуначны пераезд на паўднёвы ўсход ад вёскі Лысае.
Яшчэ адным пацьвярджэньнем удзелу расейскіх Т-90А ў вайне на ўсходзе Ўкраіны стаў профіль у сацыяльнай сетцы ВКонтакте, які належыць танкісту 136-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгады з Буйнакску Віталію Маракасаву. Сярод разьмешчаных ім фатаграфій (пасьля яны былі выдаленыя, аднак архіўная копія профілю захавана тут) былі здымкі на фоне дарожнага ўказальніка ў Луганскай вобласьці, непадалёк ад аэрапорту Луганску, а таксама фота калёны Т-90А. Гэта можа сьведчыць пра тое, што Т-90А ўдзельнічалі ня толькі ў баях за Ілавайск, але і ў штурме Луганскага аэрапорту — адной з першых маштабных апэрацый падчас вайны, дзе бок аб бок ваявалі найміты «ЧВК Вагнера» і кадравыя расейскія вайскоўцы.
Цяжкая агнямётная сыстэма «Буратино»
Адзін з самых магутных відаў зброі сучасных войнаў, цяжкія агнямётныя сыстэмы (ЦАС) — савецкая распрацоўка канца 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Першыя экспэрымэнтальныя ўзоры былі выраблены ў Омску ў 1978-1979 гадах. Цяпер такія сыстэмы вырабляе расейскае прадпрыемства «Уралвагонзавод». Комплекс складаецца з двух асноўных частак: шасі (на базе танка або цяжкага грузавіка) і прыстасаваньня зь якога вядзецца стральба некіраванымі рэактыўнымі снарадамі.
Галаўная частка снарада ўтрымлівае запальную альбо тэрмабарычную сумесь. Працуе гэта так: калі снарад трапляе ў цэль, гаручае рэчыва распыляецца ў выглядзе аэразолю, атрыманае газавае воблака падрываецца. Боепрыпасы аб’ёмнага выбуху вялікіх калібраў, гаворыцца ў публікацыі расейскага часопісу «Популярная механика» за 2009 год, па магутнасьці параўнальныя са звышмалыми тактычнымі ядзернымі боепрыпасамі, з той толькі розьніцай, што ў іх адсутнічае радыяцыйны эфэкт.
Расейская ЦАС «Буратино» зробленая на базе ўсё таго ж танка Т-72. Гэтыя сыстэмы ёсьць на ўзбраеньні ў некаторых постсавецкіх краінах, напрыклад у Армэніі, Казахстане і Азэрбайджане, аднак ва Щкраіне яны на ўзбраеньне ня ставіліся. У кастрычніку 2015 году ЦАС «Буратино» заўважылі ў раёне сяла Круглік Луганскай вобласьці Ўкраіны назіральнікі АБСЭ, зафіксаваўшы гэты факт у сваёй справаздачы.
Пра ўжываньне ЦАС «Буратино» ва Ўкраіне таксама ўскосна сьведчыць апублікаваная ўкраінскімі хакерамі перапіска памочніка прэзыдэнта Расеі Ўладзіслава Суркова. На адрас электроннай пошты прыёмнай Суркова рэгулярна прыходзілі пляны мерапрыемстваў па выкананьні Менскіх пагадненьняў. У канцы студзеня 2015 году ў адным іх такіх плянаў гаварылася аб адводзе ад лініі разьмежаваньня цяжкіх агнямётных сыстэм, аднак у канчатковай ўзгодненай бакамі вэрсіі дакумэнта (гэтыя дамоўленасьці атрымалі нефармальнае назву «Менск-2») пра такія сыстэмы ўжо нічога не сказана.
Сродкі радыёэлектроннай барацьбы
Прыведзеныя вышэй прыклады — хутчэй выключэньне з правілаў, бо пераважная большасьць баявой вайсковай тэхнікі, якая ўжывалася ў вайне на ўсходзе Украіны, мелася на той момант як у расейскай, так і ва ўкраінскай арміі. Куды прасьцей ідэнтыфікаваць кадравых расейскіх вайскоўцаў па сучасных сыстэмах РЭБ — радыёэлектроннай барацьбы. Гэтыя сыстэмы, як вынікае з адкрытых крыніц, фактычна праходзілі ва Ўкраіне «абкатку» перад афіцыйным прыняцьцем на ўзбраеньне ў Расеі. Афіцыйна яны ніколі не пастаўляліся ва Ўкраіну, а большасьць такіх сыстэм — і ў іншыя краіны.
Калі на сваёй тэрыторыі расейскія ўлады могуць паспрабаваць дамовіцца з апэратарамі сотавай сувязі аб яе часовым адключэньні на час апазыцыйнага мітынгу, то на тэрыторыі праціўніка для падаўленьня сетак GSM прыходзіцца выкарыстоўваць спэцыяльную тэхніку — такую, як комплекс РБ-341В «Леер-3». Як гаворыцца ў публікацыі на сайце расейскага выданьня «Военное обозрение», «Леер-3» «прызначаны для падаўленьня GSM-сувязі пры дапамозе перашкод, што перадаюцца спэцыяльным бесьпілётным лятальным апаратам». «Спэцыяльны перадатчык, усталяваны на лёгкім БПЛА, імітуе працу базавай станцыі сотавай сеткі і тым самым перашкаджае нармальнай працы абанэнцкіх тэрміналаў».
Комплекс «Леер-3» быў распрацаваны пецярбургскім ТАА «Специальный технологический центр». Упершыню яго паказалі публіцы ў пачатку кастрычніка 2015 году на выставе «Дзень інавацый Паўднёвай вайсковай акругі». Ён умее не толькі падаўляць мабільную сувязь, але і выяўляць каардынаты падлучаных да сеткі сотавых тэлефонаў і пляншэтаў, перадаючы гэтыя дадзеныя артылерыйскім разьлікам для нанясеньня ўдару. Упершыню «Леер-3» быў заўважаны ў Данецку яшчэ да афіцыйнай прэм’еры, улетку 2015 году. Пасьля ён трапіў на відэа, зьнятае ў Данецкай вобласьці ўвесну 2016 году.
Кропку ў пытаньні аб прысутнасьці расейскіх сыстэм РЭБ ва Ўкраіне паставіла ўсё тая ж назіральная місія АБСЕ. У справаздачы, апублікаванай 11 жніўня 2018 году, гаворыцца аб прысутнасьці ў раёне населенага пункта Чарнухіна (кантраляваная сэпаратыстамі тэрыторыя за 64 кілямэтры на паўднёвы захад ад Луганску) расейскіх сыстэм радыёэлектроннай барацьбы «Леер-3» РБ-341В, 1Л269 «Красуха-2», РБ-109A «Былина» і комплексу радыёэлектроннай барацьбы «Репеллент-1». Усе гэтыя сыстэмы ніколі афіцыйна не пастаўляўся ні ва Ўкраіну, ні ў іншыя краіны сьвету.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кантактная група дамовілася аб разьмінаваньні ў станіцы Луганская