Расейскія станцыі маніторынгу спынілі працу пасьля выбуху пад Северадзьвінскам

Северадзьвінск

Расейскія станцыі маніторынгу ў Дубне і Кіраве праз два дні пасьля выбуху на вайсковым палігоне пад Северадзьвінскам перасталі перадаваць дадзеныя.

Пра гэта паведамляе сакратар Арганізацыі Дамовы аб забароне ядзерных выпрабаваньняў Ласіна Зэрба. Расейскія чыноўнікі патлумачылі гэта праблемамі зь сеткай і сувязьзю. Зэрба не ўдакладніў, што менавіта магло прывесьці да збою.

Як піша выданьне The Wall Street Journal, расейскія станцыі маніторынгу ўваходзяць у міжнародную сетку. Яна складаецца з сотняў станцый, якія адсочваюць сэйсьмічныя зрухі, гукавыя ваганьні і іншыя зьмены, якія тычацца ядзерных выпрабаваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Таямнічы выбух у Расеі. Загінулі пяць супрацоўнікаў карпарацыі, якая будуе Астравецкую АЭС

Выбух на палігоне ў Архангельскай вобласьці адбыўся 8 жніўня. Загінулі як мінімум пяць супрацоўнікаў дзяржаўнай карпарацыі «Расатам». Міністэрства абароны Расеі не раскрыла падрабязнасьцяў выпрабаваньняў. «Расатам» настойвае, што гэты выбух адбыўся падчас работ з рэактыўнай устаноўкай. Расгідрамэт паведаміў, што ў дзень выбуху радыяцыйны фон у Северадзьвінску кароткачасова вырас у 16 разоў, але на працягу дня нармалізаваўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекараў не папярэдзілі пра радыяцыю пры лячэньні пацярпелых ад выбуху на поўначы Расеі

Газэта The Moscow Times паведаміла, што лекараў, якія прымалі пацярпелых, не папярэдзілі аб заражэньні радыяцыяй. Выданьне The New York Times са спасылкай на дадзеныя Пэнтагону пісала, што аварыя адбылася падчас выпрабаваньняў прататыпа ракеты «Буревестник» зь ядзернай устаноўкай, якую расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін прэзэнтаваў летась падчас пасланьня Фэдэральнаму сходу.