Якія асноўныя міты пра вакцынацыю? Чым адрозьніваюцца цэльнаклетачная і ацэлюлярная вакцына? Якія прышчэпкі варта зрабіць абавязковымі, а якія можна праігнараваць? Разьбіраемся з пэдыятаркай, лекаркай дзіцячага мэдычнага цэнтру «Ладэ» Марыяй Дугмоніч.
Прышчэпкі жыцьцёва неабходныя і на выбар
— Якія прышчэпкі жыцьцёва неабходныя? А якія можна пакінуць на выбар пацыента?
— Неабходна рабіць тыя прышчэпкі, якія ўваходзяць у абавязковы каляндар прышчэпак. Самыя неабходныя для дзяцей — супраць коклюшу, дыфтэрыі, слупняку, гепатыту В, поліяміэліту, гемафільнай палачкі тыпу В. Пнэўмакокавая вакцына і вакцына ад вятранкі пакуль не ўваходзяць у абавязковы пералік, бацькі па жаданьні могуць зрабіць іх. Яшчэ прышчэпкі ад адру, паратыту і краснухі абавязкова. Прышчэпка супраць грыпу пажаданая штогод.
Астатнія прышчэпкі — па паказаньнях. Вакцынацыю супраць клешчавага энцэфаліту трэба рабіць людзям, якія жывуць у раёнах, дзе ёсьць рызыка заразіцца праз кляшчоў энцэфалітам (на Палесьсі, напрыклад). Тыя, хто працуе ў лесе, абавязкова атрымліваюць гэтыя прышчэпкі. Але калі вы ня ходзіце ў лес і не жывяце ў такіх раёнах, то прышчэплівацца не абавязкова. Ёсьць прышчэпка ад жоўтай ліхаманкі для тых, хто едзе ў пэўныя краіны. Для паездак у Індыю, у афрыканскія краіны, некаторыя ўсходнія краіны трэба зрабіць шэраг прышчэпак. А для тых, хто едзе ў Эўропу, мы гэта не рэкамэндуем.
Міты і праўда пра вакцынацыю
— Якія самыя галоўныя міты існуюць наконт вакцынацыі і як дактары іх абвяргаюць?
- — Міт пра аўтызм у выніку вакцынацыі. Гэта абсалютна з прышчэпкамі не зьвязана. Амэрыканскія і эўрапейскія дасьледаваньні паказваюць, што прышчэпкі не правакуюць аўтызм.
- Міт пра ДЦП як наступства прышчэпкі. Гэта таксама ніяк не зьвязана, і гэтаму ёсьць доказная база.
- Міт пра цяжкія мэталы ў вакцынах. Яны там ёсьць у вельмі невялікай колькасьці, у якасьці пераважна кансэрвантаў, яны істотна не ўплываюць. Мы больш цяжкіх мэталаў атрымліваем, калі жывем у мэгаполісе і дыхаем смогам. Калі ідзеш па праспэкце, значна большая верагоднасьць іх атрымаць, чым праз прышчэпку.
- Аднойчы адзін бацька мне расказваў пра тэорыю глябальнага зьнішчэньня людзей праз вакцынацыю. Гэта нейкае трызьненьне. Наадварот, прышчэпкі робяцца дзеля таго, каб ратаваць жыцьці людзей.
Чаму ўзьнікаюць рухі бацькоў па адмове ад прышчэпак
— Апошнія гады даволі актыўныя пэўныя рухі бацькоў, інтэрнэт-суполкі, якія аб’ядноўваюць тых, хто супраць прышчэпак. Наколькі гэта распаўсюджана ў Беларусі? Як дактары ставяцца да гэтага?
— Ёсьць такія рухі, ёсьць і маці, і бацькі, ёсьць розныя інтэрнэт-супольнасьці, розныя форумы. Ня ведаю, што кіруе гэтымі людзьмі, напэўна, неінфармаванасьць пра наступствы перанесеных інфэкцый. Часта, магчыма, мэдработнікі не даносяць важнасьць прышчэпак, не разьвейваюць міты, якія мы згадвалі. Тут ускосная віна і мэдработнікаў. Але калі чалавек ня хоча вакцынацыі, прымусіць яго вельмі цяжка.
Я заўсёды на прыёме тлумачу бацькам наступствы ад хваробаў. Былі ў мяне ў практыцы такія выпадкі. Вельмі крыўдна, калі дзіця хварэе вельмі цяжка ад інфэкцыі, калі можна было прышчапіцца і ўсяго гэтага ня мець. Гэтыя рухі па адмове ад прышчэпак нават небясьпечныя цяпер, бо мы маем і ўспышку адру, і ўжо ўспышку дыфтэрыі ва Ўкраіне. І калі мы, мэдыкі, напагатове што да адру, то дыфтэрыі ў нас не было ўжо шмат гадоў, мы даўно пра яе забылі. Я ў сваёй практыцы ніколі ня бачыла. Калі я вучылася ў інстытуце, нам нават не паказвалі хворых на дыфтэрыю, бо даўно выпадкаў не было.
Сёлета ў Беларусі найбольшая колькасьць захворваньняў на адзёр за апошнія гады
— Якія высновы трэба зрабіць з росту захворваньня на адзёр ва Ўкраіне? Як паведамляецца, гэта было выклікана і кепскай арганізацыяй сыстэмы аховы здароўя Ўкраіны ў справе вакцынацыі, і адмовай бацькоў ад прышчэпак супраць адру.
— Гэта праблема ня толькі Ўкраіны. Дыфтэрыя — гэта, на жаль, з Украіны, а адзёр не з Украіны прыйшоў, а з Польшчы і Італіі. Наколькі я ведаю, там даволі дэмакратычна ставіліся да прышчэпак, і там былі моцныя рухі супраць вакцынацыі, і частка дзяцей, якія не былі прышчэпленыя, ужо вырасьлі. І ў нас такія дзеці ёсьць, і таму мы маем гэтыя ўспышкі. Гэта небясьпечна.
Першай пацярпела Берасьцейская вобласьць, дзе пачаліся ўспышкі адру яшчэ ў 2016–2017 гадах. Там і мігранты былі, невядома, прышчэпленыя ці не. Цяпер у Італіі зьявіліся нарматыўныя дакумэнты, якія прадугледжваюць большую вакцынацыю дзяцей. Але сытуацыя ў любым разе выйшла з-пад кантролю. Адзёр — небясьпечная хвароба, можна па-рознаму хварэць.
Брытанскія мэдыкі заявілі пра эпідэмію адру ў краіне. А што ў Беларусі?
Бацька немаўляці, якое памерла пасьля прышчэпкі ў Ганцавічах: «Проста забілі дзіця»
Чым адрозьніваюцца вакцыны
— Ці мае значэньне, чыёй вытворчасьці прышчэпкі? Чаму многія ня хочуць рабіць прышчэпкі беларускай і расейскай вытворчасьці? Ці больш эфэктыўныя прышчэпкі заходняй вытворчасьці?
— Тут пытаньне не ў вытворцы, не ў краіне-вытворцы, а ў складзе вакцыны. Мы працуем з замежнымі вакцынамі, але асноўнае адрозьненьне і асаблівасьць у тым, што яны не цэльнаклетачныя. Расейская ці карэйская вакцыны — цэльнаклетачныя. А ў нас аблегчаныя ацэлюлярныя (бясклетачныя) вакцыны. Там няма клетачнай сьценкі бактэрыі коклюшу, якая можа выклікаць пабочныя дзеяньні — тэмпэратуру, дрэнную пераноснасьць, ёсьць шэраг іншых пабочных эфэктаў. І гэта галоўнае, а не краіна-вытворца. Яны проста абсалютна іншыя. Але ж пры гэтым яны маюць аднолькавую эфэктыўнасьць.
Бацькі павінны мець альтэрнатыву і выбар
— А ці ёсьць выбар у бацькоў?
— Я думаю, што ёсьць. Усё пытаньне ў інфармаванасьці. Тыя, хто хоча ведаць, яны чытаюць і прыходзяць. Напрыклад, людзі ня хочуць рабіць прышчэпку, і калі ім тлумачыш, што і як, то яны пагаджаюцца на ацэлюлярную вакцыну. Многія з тых, хто адмаўляцца ад прышчэпак, яны — за бясьпеку, але такія прышчэпкі забясьпечваюць лепшую пераноснасьць.
— Дык бацькі маюць права адмовіцца ад прышчэпкі?
— Так. У нас добраахвотна ўсё. Ніхто ж не забірае дзіця, не вакцынуе гвалтоўна. Гэта рашэньне бацькоў. Усьвядомленае ці не — іншая справа. Калі я бачу, што дзіця з абвастрэньнем хранічнай хваробы, не такое, як звычайна, я ніколі не прымушаю рабіць прышчэпку. Павінен быць індывідуальны падыход.
Калі ёсьць хоць малы сумнеў, ніколі не кажу: «Давайце зробім на ўсялякі выпадак, бо так трэба». Калі ў сямʼі ёсьць цяжкая рэакцыя, у тым ліку алергічная рэакцыя на вакцыну, то лепей не настойваць. Дэмакратычны падыход павінен быць. Агулам разглядаць дзяцей нельга. Для статыстыкі мы галовы лічым — столькі і столькі вакцынавалі, а для кожнай маці гэта яе ўласнае дзіця. Важны індывідуальны падыход, і ня толькі ў прышчэпках. Я б ня стала казаць: «Давайце ўсіх дзяцей вакцынаваць аднолькава». У кагосьці могуць быць і наступствы. Але ведаць наперад гэта немагчыма, як і ў выпадку з алергіяй на лекі.
Ці трэба рабіць прышчэпку ад грыпу
— Існуюць спрэчкі наконт эфэктыўнасьці прышчэпак ад грыпу. Якая пазыцыя мэдыкаў? Ці няма часам эфэкту плацэба ў такіх прышчэпак?
— Плацэба — не. Калі б было плацэба, былі б ужо нейкія дасьледаваньні. Тыя вакцыны, якія мы маем, зь мінімумам пабочных эфэктаў, яны выклікаюць дастаткова добры імунны адказ і абараняюць у сэзон захворвальнасьці і дарослага, і дзіця ад грыпу. Я лічу, што трэба рабіць. Неяк быў H1N1, такі сурʼёзны грып, ад якога шмат людзей сышло. Тыя, хто сустракаўся з гэтай інфэкцыяй, у каго паміралі родныя, хто сам вельмі цяжка хварэў у 2011 годзе, у 2012 годзе прыйшлі на вакцынацыю. Людзі зразумелі, што ёсьць небясьпека.
Любая эпідэмія мае спад, і тады становіцца меней людзей, якія робяць прышчэпкі. Прышчэпка ад грыпу пераносіцца добра. Гэта не жывая вакцына. Ёю можна вакцынаваць дзяцей ад 6 месяцаў і нават цяжарных. У некаторых эўрапейскіх краінах цяжарных, не пытаючыся нават, на позьніх тэрмінах прышчэпліваюць, калі яны трапляюць у сэзон прышчэпак. У розных краінах гэта адбываецца па-рознаму, але ў некаторых эўрапейскіх краінах да людзей пажылога ўзросту нават выяжджаюць на дом і бясплатна робяць гэтыя прышчэпкі. Ёсьць у гэтым сэнс.
Заходні досьвед вакцынацыі
— Што з заходняга досьведу вакцынацыі варта пераняць Беларусі?
— Як пэдыятар скажу, што ад ротавірусу было б нядрэнна ўводзіць вакцыны, ад пнэўмакоку ўсім уводзіць вакцыны ад нараджэньня, як гэта робяць Нямеччына, Вялікая Брытанія і ЗША. Ад гемафільнай палачкі рабіць усім прышчэпкі ацэлюлярнымі вакцынамі, якія лягчэй пераносяцца.
Калі пабочныя эфэкты вельмі сурʼёзныя
— Як часта бываюць пабочныя эфэкты пасьля вакцынацыі і наколькі яны могуць быць сурʼёзныя?
— На любыя прэпараты бывае алергічная рэакцыя, ад гэтага ніхто не застрахаваны. Менавіта таму гэта трэба рабіць у мэдычнай установе, дзе за пацыентам назіраюць 30 хвілін пасьля вакцынацыі. Так, могуць быць анафіляктычныя рэакцыі раптоўныя, яны найбольш небясьпечныя. Астатнія — падвышэньне тэмпэратуры, вяласьць, слабасьць, капрызнасьць, прыпухласьць ручкі ці ножкі ня больш за 3–5 дзён — я не лічу цяжкімі наступствамі.
Лекар-інфэкцыяніст пра небясьпеку дзіцячых прышчэпак: Бязь іх не абысьціся
Узрост мае значэньне, калі робіцца прышчэпка (маецца на ўвазе прышчэпка ад коклюшу, дыфтэрыі, слупняку і поліяміэліту). Чым старэйшае дзіця, тым больш адрозьніваецца рэакцыя. Калі пачынаюць першапачатковую вакцынацыю пасьля году, то ёсьць рызыка не ўскладненьняў, а менавіта рэакцый — тэмпэратура, ушчыльненьне, пачырваненьне ў месцы ўколу. Чым старэйшае дзіця, тым больш шанцаў, што гэта зьявіцца. Дзіця да 6 месяцаў і дзіця пасьля году — гэта два розныя арганізмы, натуральна, і рэакцыі бываюць розныя.
Бывае, бацькі палохаюцца: «Ой, мы не рабілі прышчэпкі, можа і добра». Але людзі проста не разумеюць, што калі б зрабілі прышчэпку да 6 месяцаў, то такой рэакцыі не было б.
Прышчэпкі для дарослых
— Якія прышчэпкі неабходныя даросламу чалавеку?
— Супраць грыпу і віруснага гепатыту В. Вірусны гепатыт вельмі распаўсюджаны цяпер, вельмі вялікая захворвальнасьць. Гэта такая інфэкцыя, якой можна заразіцца, нават не заўважыўшы гэтага. Ёсьць пэўны шлях заражэньня — праз кроў і праз палавыя кантакты. Лепей прышчапіцца, таму што гэта дакладна зьніжае разьвіцьцё цырозу пячонкі нават пры заражэньні вірусным гепатытам.
АДС, прышчэпку супраць дыфтэрыі і слупняку трэба рабіць кожныя 10 гадоў пасьля 16 гадоў. Можна праверыць свае антыцелы на адзёр. Адзёр як вятранка — лічыцца, што дарослыя хварэюць на гэта вельмі цяжка. Таму лепей праверыць антыцелы праз аналіз крыві.
— Наколькі ў Беларусі разьвітая культура прышчэпак, разуменьне неабходнасьці гэтага? Які працэнт дарослага насельніцтва гэта робіць?
— Невялікі, на жаль. Ёсьць людзі, якія займаюцца сваім здароўем, ходзяць на якасныя прафагляды, аналізы здаюць, робяць дасьледаваньні, якія трэба рабіць у пэўным узросьце, каб выявіць розныя захворваньні на раньняй ступені. Але ёсьць і шмат такіх, каму ўсё роўна. Яны не давяраюць ані мэдработнікам, ані мэдыцыне. Калі б было крыху іншае стаўленьне, і ўспышак адру не было б.
Каб была абавязковая прышчэпка ад папілёмы
— Мэдыцына ўвесь час разьвіваецца. Вакцыны супраць якіх хваробаў могуць быць знойдзеныя ў будучыні? Чаго чакаюць і на што спадзяюцца дактары ў справе разьвіцьця вакцынацыі?
— Важная вакцына — ад вірусу папілёмы чалавека. За мяжой вакцынуюць і хлопчыкаў, і дзяўчатак, я спадзяюся, што калі-небудзь гэта да нас прыйдзе. У нас ёсьць людзі, які вакцынуюцца, але гэта ня носіць масавага характару.
Рак можна папярэдзіць
Ад гепатыту С хацелася б, каб вынайшлі вакцыну. Кампаніі працуюць над прышчэпкамі больш эфэктыўнымі і зь меншымі пабочнымі эфэктамі, у тым ліку ад ротавірусу. Ротавірусаў вельмі шмат, і ў вакцыну ўваходзіць не такая вялікая колькасьць штамаў, таму цяпер працуюць над тым, каб больш штамаў ахапіць.
Пнэўмакокавая інфэкцыя. Раней была 7-валентная вакцына, ад сямі відаў пнэўмакокаў, а потым зьявілася 10-валентная. А цяпер ужо ёсьць 13-валентная. Мы абараняем дзяцей ад 13 відаў пнэўмакокаў, у тым ліку і ад тых відаў пнэўмакокаў, якія выклікаюць цяжкія мэнінгіты, сэпсісы ды іншыя хваробы.
Насамрэч інфэкцый, ад якіх робяць прышчэпкі, па пальцах пералічыць. Таму было б нядрэнна, каб рабілі прышчэпкі якасныя, зь мінімальнымі пабочнымі эфэктам і ад іншых інфэкцый. Гэта ўсё наперадзе.
Даведка Свабоды: Марыя Дугмоніч у 2006 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт. Свабодна валодае вугорскай, ангельскай і нямецкай мовамі. З 2006 па 2014 год працавала пэдыятрам у 12 менскай паліклініцы, з 2014 году ў дзіцячым мэдычным цэнтры «Ладэ». Яе крэда ў прафэсіі: «Не нашкодзь», «Шчырасьць, дабрыня і ўвага дапамагаюць ня менш, чым лекі».
(Першая публікацыя 17 жніўня 2018 году)