Надзею Нортан многія ў Беларусі ведаюць пад яе дзявочым прозьвішчам Сычугова. Курапаты, жодзінская турма пасьля Плошчы-2006, праца ў камандзе Ганчарыка, Мілінкевіча, Раманчука, выкладаньне ў цэнтры беларускіх дасьледаваньняў у Канзасе. Жыцьцё Надзеі рэзка зьмянілася 9 гадоў таму пасьля выпадковай сустрэчы ў цягніку з Арэгону да Каліфорніі.
Мы сустрэліся ў Празе, куды Надзея завітала падчас трохмесячных эўрапейскіх вакацый. Беларуская вышыванка, спартовая постаць — 41-гадовая Надзея падобная на дзеўчыну. Яе ўсьмешка адначасна беларуская і амэрыканская. «Жыву ў Санта Крузе. Вельмі люблю вельмі плаваць у акіяне, нават калі вада і 13 градусаў, бо беларусцы немагчыма жыць ля акіяну і ня плаваць», — з гэтага мы пачынаем размову пра пакручасты лёс каліфарнійскай беларускі.
«Побач у цягніку сядзеў мужчына. Мы разгаварыліся, потым ён стаў маім мужам»
— Ніколі не было мэты эміграваць. Я хацела жыць толькі ў Менску. Павандраваць, паглядзець, павучыцца — так, але абавязкова вярнуцца. Усё зьмяніла каханьне. Я вучылася ў асьпірантуры ў Варшаве, потым паехала ў Злучаныя Штаты, як запрошаная дасьледчыца. Выкладала два гады курс беларусістыкі ў амэрыканскім унівэрсытэце ў Канзасе (Цэнтар беларускіх дасьледаваньняў). У мяне быў некаторы вольны час, і я вандравала да Каліфорніі, адтуль паехала ў Арэгон на цягніку, бо вельмі прыгожа ідзе дарога па ціхаакіянскім узьбярэжжы, і назад таксама так вярталася. Дарога была доўгая — цягнік ідзе 17 гадзін.
Мае сяброўкі заўсёды кажуць, што я выйшла замуж дзякуючы Вользе Лабачэўскай, бо сядзела ў цягніку зь яе кніжкай «Беларускія ручнікі» і вышывала свой фартух ад нацыянальнага строю. Яшчэ ў мяне была белая доўгая каса. Карацей, разрыў шаблёну. А побач сядзеў мужчына, амэрыканец. Мы разгаварыліся. Потым Цімаці Нортан стаў маім мужам.
Мы разам прыехалі ў Сан-Хасе, і так сталася, што я яшчэ тры дні прабыла ў Каліфорніі. Ён запрасіў мяне на сустрэчу, мы паехалі глядзець кітоў, пагулялі па Сан-Францыска, я прыехала ў Санта-Круз — месца, дзе ён жыве. Мяне вельмі зачапіла, калі ён патэлефанаваў і адразу сказаў: «Ты мне вельмі спадабалася». Апошні тыдзень я заплянавала правесьці ў Нью-Ёрку, і Цімаці таксама вырашыў прыехаць. Гэта быў вельмі рамантычны час у Нью-Ёрку — верасень.
Гэта быў 2010 год, я вельмі сумавала па Радзіме, па Менску, дзе як раз адбываліся выбары. Я тады ў гэта ўсё была актыўна ўключаная, вельмі хацела вярнуцца, бо тады чарговым разам былі спадзяваньні, што нешта можна зьмяніць. Таму я паехала.
А зь ім мы заставаліся на сувязі. Я сказала, што ў Злучаныя Штаты не паеду. І ён прыехаў — спачатку ў заходнюю Эўропу, а потым у Беларусь. Ён крышку саромецца, таму што ён, такі добра абазнаны і ў гісторыі, і ў геаграфіі, адразу не ўспомніў пры першай сустрэчы, што такое Беларусь...
— Выглядае нават крыху ня звыкла — усе цяпер знаёмяцца праз інтэрнэт, а тут такое выпадковае і лёсавызначальнае знаёмства ў цягніку...
— Яшчэ больш незвычайна, што ў ЗША на цягніках практычна ня езьдзяць.
600 затрыманых у турме ў Жодзіне пасьля Плошчы-2006
— Давай усё ж вернемся да таго, што было да сустрэчы зь Цімаці.
— Я скончыла гістарычны факультэт БДУ і паралельна з навукай удзельнічала ў розных апазыцыйных акцыях, кампаніях падчас парлямэнцкіх і мясцовых выбарах. З 2001 году працавала ў штабе Ганчарыка і стала сябрам Партыі працы.
Потым вучылася ў магістратуры, далей у асьпірантуры, паступіла ў польскую акадэмію навук, таксама ў асьпірантуру, бо ў Менску я вучылася на завочным аддзяленьні.
Калі мне было 19 гадоў, памерла мая маці, празь некалькі гадоў — бацька. Мы засталіся ўдвох з братам. Каб вучыцца, патрэбная была стыпэндыя. У Варшаве ёсьць Школа грамадзкіх навук Польскай Акадэміі Навук (Szkoła Nauk Społecznych Instytutu Filozofii i Socjologii PAN), я атрымала там стыпэндыю.
Гэта быў 2006 год. У Варшаве было вельмі буйное беларускае жыцьцё. Мы, беларусы, учатырох жылі разам у адной кватэры, у нас ішлі бясконцыя дыскусіі: Казулін ці Мілінкевіч або яшчэ хтосьці? Спачатку проста назіралі, а калі пачаліся сур’ёзныя акцыі, ня вытрымалі і паехалі ў Менск. Атмасфэра была вельмі напружаная. Я зьбірала подпісы, агітавала за Мілінкевіча.
Потым была Плошча. Напэўна, гэта была адна з галоўных падзей у маім жыцьці. Майго суседа па «беларускай кватэры» у Варшаве Дзіму Гурневіча арыштавалі ў першы дзень Плошчы, а мне пашанцавала застацца на свабодзе да 23 сакавіка, а падчас ліквідацыі намётавага лягеру мяне затрымалі. Адвезьлі ў турму Жодзіна, нас там было каля 600 чалавек.
— Зараз шмат параўноўваюць расейскія і беларускія пратэсты. Многія ўжо забылі, колькі людзей арыштоўвалі на выбарах 2006 і 2010 гадоў.
— Зь іншага боку, можа, і ня дрэнна, што забываецца, жыцьцё ўсё ж далей ідзе. Хаця забыцца пра сем дзён арышту ў жодзінскай турме цяжка. Потым з Дзімам вярталіся ў Варшаву, і нам там зладзілі сустрэчу як героям.
«Дзьве ракеты былі пушчаны ў іх самалёт, усе 11 чалавек загінулі»
— У 2007 годзе загінуў мой брат. Ён працаваў у кампаніі «Трансавіяэкспарт», рыхтаваўся стаць бортмэханікам. Тады была гучная гісторыя, зьвязана з гандлем зброі. У Самалі быў зьбіты беларускі самалёт, дзеля выратаваньня была хутка сфармавана каманда нібыта добраахвотнікаў. Мякка кажучы, зроблена гэта было некарэктна. Брату тады было 23 гады. Я патэлефанавала, а ён кажа: «Я лячу ў Самалі». Я кажу: «Якое Самалі? Там вайна грамадзянская». У мяне адразу пырснулі сьлёзы. Але чалавек ён быў ужо дарослы, і я, канечне, сказала, што я не хацела б, каб ты ехаў, але рашэньне за табой. Ён паехаў. Дзьве ракеты былі пушчаны ў іх самалёт, усе 11 чалавек загінулі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пахавалі загіблых у Самалі авіятараўГэта немагчыма было ніяк схаваць, але дзяржава напачатку плянавала. Атрымалася, што маё асабістае гора стала ўсім вядома. Шмат людзей тэлефанавала, падтрымлівала.
У той час мне не хацелася жыць. Пачала паглыбляцца ў эзатэрыку, ва ўсе што заўгодна, каб зразумець, як пабудаваны сьвет, чаму здараюцца некаторыя падзеі. Я працягвала вучыцца ў Варшаве і час ад часу прыяжджала ў Беларусь. Была ў суполцы «Мэмарыял» разам з палітыкам Вячаславам Сіўчыкам. Хадзіла ў Курапаты.
Два гады ў сапраўднай Амэрыцы
— У 2008 Андрэй Дынько рэдактар «Нашай Нівы» запрасіў мяне паўдзельнічаць у канфэрэнцыі ва Ўнівэрсытэце Лазарскага, дзе сабраліся навукоўцы-беларусісты, палітыкі і палітолягі. Там я пазнаёмілася з Эндзі Шэпардам, адным зь кіраўнікоў Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў у Канзасе, які прапанаваў мне паўдзельнічаць у конкурсе. Такім чынам у 2008 годзе мяне нечакана мяне ўзялі на працу ў Канзас.
Потым былі вельмі цікавыя два гады. Канзас — гэта сапраўдная Амэрыка, з большага невядомая. Ангельская мова ў мяне была навуковага кшталту, таму што навучаньне ў Акадэміі навук было на польскай і на ангельскай мовах.
Размоўнай ангельскай мовы не было. Было крышку цяжкавата, але там усе людзі размаўляюць выключна па-ангельску, і ў цябе проста няма выбару.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы курс беларусістыкі ў амэрыканскім унівэрсытэцеЯ падрыхтавала курс гісторыі і культуры Беларусі. Спачатку да мяне толькі некалькі студэнтаў запісалася. Было вельмі страшна. У наступны сэмэстар прыйшло 15, потым 20 студэнтаў. І гэта ў каледжы, дзе вучыцца ўсяго каля 1000 студэнтаў.
Я ня думаю, што яны надта цікавіліся беларусістыкай, ня ведалі нават, дзе краіна знаходзіцца, але ім трэба было ўзяць гуманітарны курс. А тут прапаноўваецца курс культуры і гісторыі Беларусі, нешта незвычайнае. Іх адразу папярэдзілі, што такая магчымасьць ня часта здараецца. Пасьля сэмэстру многія казалі, што ім хацелася б паехаць у Беларусь, але «гэта ж так далёка». На што я ім адказвала, што, каб мне казалі дзесяць год назад, калі я вучылася на гістарычным факультэце ў Менску, што я буду стаяць тут перад вамі і выкладаць гісторыю і культуру Беларусі ў ЗША, я б сказала, што гэта немагчыма.
«Жонка мусіць зарабляць, але і праца па дому таксама на дваіх»
— Калі я выйшла замуж, адбылося абнуленьне. Зьмяніліся абставіны жыцьця, сямʼя і асяродак. Калі пераехала, усьвядоміла, што з Акадэміяй навук Польшчы трэба завяршаць. Муж даў мне магчымасьць проста выкарыстоўваць час на пошук сябе. Я даволі глыбока разьбіралася, што маё, а што не маё. 3-4 гады заняло, каб ад капусты адвалілася не патрэбнае лісьце. Канешне, былі розныя духоўныя практыкі.
— Ці моцна адчувалася розьніца паміж амэрыканскай і беларускай культурамі, ладам жыцьця?
— Найперш, гэта стаўленьне да грошай. У амэрыканцаў кожны сам за сабе. Канешне, ёсьць узаемадапамога, але жонка мусіць зарабляць, гэта не абмяркоўваецца. Але і праца па дому таксама на дваіх. У Беларусі лічыцца нармальным, калі муж працуе, а жонка не працуе альбо працуе значна менш. Гэта, я думаю, уплыў Усходу. Мне было дзіўна, што я сама нібыта так не лічыла, але пасьля таго, як пераехала, гэта пачало зь мяне «вылазіць», нібыта гэта і ня я.
Першыя гады я не працавала, нешта перашкаджала ўнутры. Думала, што буду нешта рабіць, зьвязанае зь Беларусьсю — беларуская школа, беларускамоўныя курсы. Потым зразумела, што гэта не зусім маё. Потым я пачала займацца energy healing, гэта японскі мэтад Рэйкі, які мае таксама элемэнт лекаваньня. Не магу сказаць, што я жыву зь гэтага, але прыбытак есьць. Зараз разумею каштоўнасьць таго, што я і муж маем шмат вольнага часу. У мяне ёсьць кліенты, якія час ад часу прыходзяць, але я не паставіла гэта на камэрцыйныя рэйкі, бо няма ў мяне такой унутранай патрэбы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нашы людзі ў Галівудзе: беларуска з Warner Brothers пра справу Вайнштэйна знутрыУ Каліфорніі ёсьць неверагодная магчымасьць вывучэньня розных культураў, і мне гэта цікава. Побач з намі — будысцкі цэнтар, і там ёсьць шматлікія курсы, на якія мы з мужам запісаліся. Там я пазнаёмілася з псыхатэрапэўтам, які шукаў чалавека, які б дапамагаў яму з сацыяльнымі сеткамі, сайтам. Мы зь ім супрацоўнічалі амаль тры гады. Муж па амэрыканскім меркам ужо на пэнсіі, але ён мае бізнэс, як я жартую, з гучнай назвай «Norton Enterprizes», але працуе там адзін. Гэта кампутэрны бізнэс, які абслугоўвае розныя прадпрыемствы.
Мы кахаем адзін аднаго — тут сумневаў няма. Калі б былі, я б адразу зьехала ў Беларусь. І мы ніяк ня маглі зразумець, як на фоне такога каханьня такі вынас мозга адзін аднаму робім. І мы пачалі вывучаць будызм праз тое, каб разабрацца і наладзіць нашыя адносіны. Апошнія некалькі год у нас плято, на якім пануе каханьне і прыняцьце адзін аднаго.
«Два гады не чытала беларускіх навінаў»
— Я разумела што пераехала ў Злучаныя Штаты, а працягваю жыць у інфармацыйнай прасторы Беларусі — Радыё Свабода, Наша Ніва і гэтак далей. І я ўсьвядоміла, што гэта не зусім слушна. Я забараніла сабе чытаць і два гады не чытала ніякія навіны зь Беларусі. У 2015 годзе зьявілася іншае пачуцьцё. Я ўступіла ў суполку «Беларусы Каліфорніі», пачала ладзіць імпрэзы для беларусаў. У Каліфорніі шмат людзей маюць добры дастатак, бо з большага пераяжджаюць туды праграмісты.
Тры гады я арганізоўвала імпрэзы на Дзень волі. Сёлетні атрымаўся фэерычны, бо да нас прыехаў Сяргей Доўгушаў і зладзіў канцэрт. Быў сьпеўны сход, шмат бела-чырвоных сьцягоў. Падчас сьпеўнага сходу засьпявалі «Пагоню» і «Магутны Божа», гэта было проста да дрыжыкаў. У мяне было адчуваньне, што я знаходжуся ў Беларусі.
«Менск — гэта эўрапейскасьць»
— Мяне вельмі цягне на Беларусь, часам да сьлёз. Мне неабходна бываць тут. Калі прыяжджаю, напачатку гэта суцэльнае шчасьце. Я адчуваю сябе дома, неадʼемнай часткай гэтай прасторы. Я — камунікабельны чалавек, у мяне вельмі шмат сяброў, і калі прыяжджаю, адразу ўсім патрэбная. Нейкія праекты, запрашэньні — уражаньне, што нават не зьяжджала. Сёлета я змагла прыехаць на ўсё лета, дзякуючы майму больш-менш свабоднаму графіку.
У мяне заўсёды было трапяткое стаўленьне да беларускага арнамэнту. Сёлета мяне вельмі ўразіла, што ўся Беларусі пакрытыя арнамэнтам, што я паўсюль бачу тут арнамэнт. У гэтым ёсьць сымбалізм і містыка, бо ў ім закадаваная беларуская душа. Некаторыя навукоўцы кажуць, што арнамэнт нягегла выкарыстоўваюць. Вядома, але знак застаецца. Мне здаецца, што гэта ахоўвае нас і нашу беларускасьць. Менск — гэта эўрапейскасьць, якой усё больш і больш. Усё віруе, вельмі шмат зьвязана зь беларускасьцю.
— Ці не падаецца вам гэта ўсё ж ідэалістычным поглядам? Асабліва, калі паглядзець на жыцьцё звычайных людзей, на тое, што ў палітыцы нічога не мяняецца ў краіне ўжо чвэрць стагодзьдзя.
— Так, горад заможны, эўрапейскі, пра гэтым у БДУ заробак дацэнта, кандыдата гістарычных навук — 300-350 даляраў. Засмучае, што людзі мараць зьехаць, няважна як і куды, бацькі мэтанакіравана рыхтуюць дзяцей на адʼезд. Я зьехала, але я не ўцякла, што мяне адрозьнівае ад шматлікіх эмігрантаў.
«Мая сьвякроўка ніколі за 8 гадоў шлюбу не запыталася ў мяне пра дзяцей»
— Як ты, актыўная і самастойная жанчына, глядзіш на з большага яшчэ патрыярхальную Беларусь?
— У нас з мужам вельмі даверлівыя адносіны. Мы адзін да аднаго не прывязаныя. Мы вельмі розныя. Я больш экстравертная, мне трэба шмат езьдзіць, сустракацца зь людзьмі, а ён больш інтравертны. Таму калі мне неабходна, я ежджу. Гэта нармальна, але кожны раз, калі я прыяжджаю ў Беларусь, большая частка сяброў і сваякоў пытаецца, як гэта Цімаці цябе адпусьціў. Я адказваю, што нават так і пытаньне ня ставіцца, я яго папярэдзіла, што паеду на тры месяцы. Але, каб ён мяне кудысьці адпусьціў, гэта проста недавер адзін да аднаго. Сумна, калі людзі не давяраць ні сабе, ні партнэру. Так, архаічнасьць патрыярхальная вельмі прысутнічае і гэта кардынальна адрозьніваецца ад ЗША, дзе жанчына мае з мужчынам роўныя стасункі.
Таксама мяне ўсе ў Беларусі пытаюцца наконт дзяцей. Я адказваю, што як Бог дасі ці не дасі. У нас няма перайманьня наконт таго, што ў нас няма дзяцей. У мяне ёсьць сяброўкі ў Беларусі, якім па 40 гадоў, якія ня маюць сямʼі і дзяцей, і я бачу, што ім гэта ня трэба. Але вакол нібыта лічыцца, што гэта трэба. А каму? Маці, каб сказаць, што ў мяне ёсьць унукі? Столькі эмацыйнага перажываньня з гэтай нагоды ў беларусак. У ЗША такога няма. Мая сьвякроўка, вельмі інтэлігентная, выхаваная жанчына, ніколі за 8 гадоў шлюбу не запыталася ў мяне пра дзяцей. Калі я ініцыюю і будзе гаворка пра гэта, яна падключыцца, але асьцярожна, бо гэта не яе справа па вялікаму рахунку. У ЗША ты лепей адчуваеш, што табе патрэбна і хто ты ёсьць.
Чаму Дашкевіч найлепшы кандыдат
— Ты працавала ў камандзе кандыдатаў на прэзыдэнта Ганчарыка, Мілінкевіча і Раманчука. Ці ёсьць кандыдат, у чыёй камандзе ты б захацела працаваць і прыехала дзеля гэтага ў Беларусь?
— Я ня думаю, што зараз бы пайшла ў каманду кандыдата на прэзыдэнта. Быў момант, калі я вельмі сябе бачыла ў палітыцы. Маёй матывацыяй была зьмена палітычнага рэжыму ў Беларусі, і мне вельмі хацелася, каб людзі жылі лепей. Зараз я лічу, што кожны сам будуе сваё шчасьце і мае канцэнтравацца на сабе, на стасунках з сабой і навакольным сьветам. Я ня буду выключэньнем, мне вельмі імпануе, што кажа і што робіць Зьміцер Дашкевіч. Можа быць, не зусім супадаюць са мной ягоныя адносіны з рэлігіяй, але мне падабаецца ягоны імпэт і запал, цьвярозасьць ягоных поглядаў, а галоўнае, што ў яго за словам адразу ідзе дзеяньне.
Гэта чалавек, які ня мае ілюзіяў наконт нашай дзяржавы, які праз уласныя неверагодныя пакуты знайшоў выйсьце, як жыць, як быць шчасьлівым у гэтай краіне. Ён стварыў сямʼю, нарадзіліся ўжо тры чалавекі, і гэта ўсё буйнее. Ён пашырае прастору дабрабыту, шчасьця і заангажаванасьці. Пры гэтым ён цалкам фінансава самастойны. Калі параўноўваць з апазыцыяй 1990-х і 2000-х, то там з пункту гледжаньня фінансаў была вялізарная залежнасьць ад Захаду, а тут як раз усё будуецца на месцы. Таму прэзыдэнтам мае быць чалавек гэтага кшталту, які сам усяго дасягае ў Беларусі і спадзяецца толькі на Бога і на сябе.