Лукашэнка: «Што да падзяжу жывёлы, то разборкі будуць жэстачайшыя»

Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка наведвае кароўнік малочнага комплексу «Сьліжы» ў Шклоўскім раёне, 26 сакавіка

Па выніках 2019 году будзе падлічана, колькі загінула скаціны ў кожнай вобласьці Беларусі і ў цэлым па краіне, заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня Старадароскага раёну Менскай вобласьці.

«За гэта адкажуць усе. Навошта нам араць зямлю, вырабляць кармы — для дохлых кароў і быкоў ці цялятаў? Гэта нікому ня трэба, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. — Гэта абуральная безгаспадарчасьць, гэта проста злачынства. Што да падзяжу жывёлы, то разборкі будуць жэстачайшыя».

Лукашэнка даручыў дэталёва разабрацца ў сытуацыі, падвесьці вынікі ў цэлым па краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Экстраная сытуацыя». Мы даведаліся, што стала з каровамі, жорсткія здымкі якіх шакавалі сацсеткі

Як паведаміў памочнік Лукашэнкі Аляксандар Косінец, летась у Менскай вобласьці загінулі 19,6 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, 102,8 тысячы сьвіней.

За першае паўгодзьдзе 2019-га падзеж буйной рагатай жывёлы ў рэгіёне склаў 10,4 тысячы галоў, сьвіней — 59,6 тысячы. «Гэта значыць, рост на 17% падзяжу буйной рагатай жывёлы, на 24% — сьвіней. Тут трэба праводзіць вельмі сур’ёзную працу», — адзначыў ён.

Старшыня Менскага аблвыканкаму Анатоль Ісачанка сказаў, што на самой справе падзеж жывёлы ў рэгіёне зьменшыўся: проста статыстыку перасталі ўтойваць і цяпер лічбы здаюцца вялікімі.

«Ёсьць непрадукцыйнае выбыцьцё жывёлы. Яно дзеліцца на тры кірункі: падзеж, забой або прырэзка на месцы і продаж насельніцтву. Гэтыя два паказьнікі — забой і продаж насельніцтву — заўсёды ідуць угору, каб схаваць падзеж. Калі я прыйшоў, мы гэта спынілі і сказалі, што трэба паказваць тое, што ёсьць», — сказаў Ісачанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт дзяржкантролю гразіць пакараньнем за кароў, чые здымкі шакавалі сацсеткі

16 ліпеня блогер Nexta апублікаваў зьвесткі пра «канцлягер кароваў» у Жлобінскім раёне, дзе сьмерць дзясяткаў жывёлаў спрабавалі ўтойваць, але справай заняліся праваахоўнікі. 19 ліпеня ў інтэрнэце зьявіліся фатаздымкі дохлых цялят і траўмаваных кароў з малочна-таварнай фэрмы ў Магілёўскай вобласьці, якія ўзрушылі сацсеткі.

25 ліпеня Лукашэнка абурыўся ўзроўнем сьмяротнасьці жывёлы ў гаспадарках і прыгразіў ураду турмой за падзеж жывёлы. Ён даручыў Генэральнай пракуратуры заняцца пытаньнем здыхаты жывёлы, а таксама загадаў прасачыць за якасьцю кармоў, бо «гэта недапушчальна: то корм кепскі, то тое, то гэта — бязладзьдзе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыгразіў ураду турмой за падзёж жывёлы

У сакавіку ж Лукашэнка ўчыніў разнос у кароўніку, пасьля якога шэраг чыноўнікаў страціў пасады (у тым ліку міністар сельскай гаспадаркі і віцэ-прэм’ер) і былі заведзеныя 15 крымінальных справаў. Пасьля ягонай заявы пра «абас…ных кароваў» Дзяржкантроль выявіў 1300 «забруджаных гноем» фэрмаў. Пазьней Лукашэнка тлумачыў, што справа была не ў чысьціні кароваў, а ў нізкіх надоях.