15 жніўня суд Цэнтральнага раёну Гомля асудзіў 17-гадовага падлетка на абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову за незаконныя дзеяньні са зброяй.
Летась школьнік прыйшоў на дзіцячы хакейны турнір зь сякерай і нажамі. Пры ператрусе дома ў яго знайшлі патроны.
Судзьдзя Аляксандар Піскуноў у выраку прызнаў падлетка вінаватым па артыкуле 295 Крымінальнага кодэксу (незаконныя дзеяньні са зброяй і боепрыпасамі). Яму прызначана пакараньне — два з паловай гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). У сувязі з амністыяй асуджанага вызвалілі ад адбыцьця пакараньня часткова — на два гады.
Інцыдэнт на хакейным турніры
Здарэньне адбылося 14 сьнежня ў Лядовым палацы Гомля. Там праходзіў дзіцячы хакейны турнір «Залатая шайба». АМАП пры асабістым надглядзе знайшоў у заплечніку адзінаццаціклясьніка, які ішоў на турнір, сякеру і сьцізорык. За поясам у школьніка быў нож у футарале.
Пры ператрусе дома ў школьніка знайшлі 24 патроны. Тры зь іх былі прыдатныя да стральбы. Завялі крымінальную справу.
У абвінавачаньне інцыдэнт зь сякерай і нажамі ня трапіў. Падлетку інкрымінавалася толькі захоўваньне патронаў. На судзе ён патлумачыў, што патроны забраў сабе пасьля сьмерці дзядулі — як сувэнір і памятку пра яго. Казаў, што ня ведаў, што патроны прыдатныя да выкарыстаньня.
Наконт сякеры і нажоў былы школьнік казаў на судзе, што любіць хадзіць у паходы і забыўся выкласьці гэтыя рэчы з заплечніка.
Маці непаўналетняга адмовілася ад камэнтароў. Сказала толькі, што лічыць сына невінаватым.
У сакавіку, калі ішло сьледзтва, падлетак удзельнічаў у конкурсе Міністэрства па надзвычайных сытуацыях «Школа бясьпекі» і быў пераможцам раённага этапу сярод школьнікаў.
Публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.