Дарадца прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан, камэнтуючы сытуацыю з выбухам на марскім палігоне ў Нёнаксе пад Северадзьвінскам, абвінаваціў Расею ў крадзяжы тэхналёгій гіпэргукавай зброі.
«Тое, што адбылося — гэта прыклад таго, як Расея спрабуе вырвацца наперад у распрацоўцы сродкаў дастаўкі ядзернай зброі, — тлумачыць Болтан. — Але нешта пайшло зусім не па пляне. І гэта паказвае, што Расея, нягледзячы на стан яе эканомікі, якая па памерах прыкладна роўная эканоміцы Нідэрляндаў, працягвае марнаваць значныя сродкі на ўзбраеньне. Яна ня толькі мадэрнізуе свой ядзерны арсэнал, але і распрацоўвае новыя ракеты для дастаўкі ядзерных боегаловак: гіпэргукавыя ракетныя комплексы і гіпэргукавыя крылатыя ракеты. Часьцей за ўсё гэтыя распрацоўкі — скрадзеныя амэрыканскія абаронныя тэхналёгіі».
Вайсковы экспэрт, у мінулым начальнік ЦНДІ Мінабароны генэрал-маёр Уладзімір Дворкін заявіў у адказ на гэтыя словы, што Расея ня крала тэхналёгіі гіпэргукавай зброі і распрацавала яе задоўга да ЗША:
«Пляніруючы гіпэргукавы апарат быў распрацаваны яшчэ ў Савецкім Саюзе, калі амэрыканцы нічым падобным яшчэ і не займаліся, — заявіў Дворкін „Інтэрнфаксу“. — Тое, што зроблена ў галіне пляніруючай гіпэргукавай зброі — гэта расейскія распрацоўкі, расейскія ідэі і расейскія тэхналягіі для іх ажыцьцяўленьня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Таямнічы выбух у Расеі. Загінулі пяць супрацоўнікаў карпарацыі, якая будуе Астравецкую АЭС- 8 жніўня на марскім выпрабавальным палігоне ў Нёнаксе, што за 40 кілямэтраў ад Северадзьвінску, адбыўся выбух. Паводле афіцыйнай заявы «Расатому» і Мінабароны, гэта адбылося падчас выпрабаваньняў «вадкаснай рэактыўнай рухальнай ўстаноўкі з ізатопнай крыніцай сілкаваньня».
- Загінулі пяць супрацоўнікаў «Расатаму», яшчэ некалькі былі цяжка паранены і дастаўлены ў спэцыялізаваны мэдычны цэнтар у Маскве, які займаецца лячэньнем радыяцыйных паражэньняў.
- Акваторыя Белага мора была зачынена, а жыхарам Нёнаксы абвясьцілі, што іх часова вывезуць з пасёлку для таго, каб правесьці на палігоне нейкія сакрэтныя працы.
- Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пасьля гэтага заявіў у Твітэры, што на палігоне ў Нёнаксе выпрабоўваўся «расейскі Skyfall» — ракета зь ядзернай энэргетычнай устаноўкай «Буравесьнік», пра якую прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін казаў у сваім пасланьні яшчэ ў 2018 годзе.
- Гэтую ж вэрсію падтрымалі замежныя экспэрты такія як Жэфрэн Люіс зь Інстытуту Міжнародных дасьледаваньняў Мідлбэры: іх заключэньня засноўваліся на вывучэньні спадарожнікавых здымкаў палігону.
- Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў пасьля гэтага заклікаў верыць інфармацыі пра інцыдэнт, якая зыходзіць ад расейскіх, а не ад амэрыканскіх уладаў.
- На наступны дзень у газэце «Известия» выйшаў артыкул, у якім са спасылкай на крыніцы ў вайсковым ведамстве і ў АПК яшчэ раз падкрэсьлівалася, што выбух на палігоне ў Архангельскай вобласьці «ня мае дачыненьня да работ над ракетай «Буравесьнік». І нібыта адбыўся пры выпрабаваньні не ракеты, а «пэрспэктыўнага паскаральніка» — новай вадкаснай рэактыўнай рухальнай ўсталёўкі, на борце якой былі змантаваныя «ядзерныя батарэйкі».
- «Нягледзячы на няўдачу, распрацоўкі будуць працягвацца», — сказана ў нататцы.