Адін з грузінскіх ратавальнікаў, які шукаў беларускіх турыстак, расказаў Tut.by падрабязнасьці здарэньня. Дзьве турысткі зь Беларусі, якія былі прапалі на гары Тэтнульды 14 жніўня ў Грузіі, загінулі, трэцяя выжыла, у яе чэрапна-мазгавая траўма.
Паводле аднаго з грузінскіх ратавальнікаў, які шукаў беларускіх турыстак, 14 жніўня ў 2-3 гадзіны ночы група беларусаў пачала пад’ём на гару. Падняліся, а пры спуску група падзялілася. Тры жанчыны, якія згубіліся, пайшлі наперад. Тыя, хто ішоў ззаду, думалі, што яны ўжо вярнуліся ў лягер і чакаюць у намётах, але калі спусьціліся, у лягеры нікога не знайшлі. Прыкладна ў 18.00-19.30 сталі тэлефанаваць ратавальнікам.
Ратавальнікі падняліся на 4300 мэтраў на крайні грэбень, дзе ўсё здарылася. Сьвяцілі ліхтарыкам, крычалі, але ніякіх прыкмет жыцьця не было. Раніцай 15 жніўня выпадкова заўважылі ліхтарык — жанчына, якая выжыла, сьвяціла ім з расколіны. Яна «пракацілася» па сьнезе і лёдзе прыблізна мэтраў 500. Пераломаў у яе нібыта не было, размаўляла таксама нармальна, расказаў ратавальнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У грузінскіх гарах прапалі тры беларускія турысткіПаводле яго, жанчыны сарваліся з грэбня, яны былі зьвязаныя адной вяроўкай. Месца, дзе адбылася трагедыя, дастаткова небясьпечнае, і сёлета вельмі складаныя ўмовы надворʼя, шмат лёду, адзначае ратавальнік.
«Яны вельмі стаміліся, і, калі спускаліся, там было вузкае месца. Напэўна, адна зь іх страціла раўнавагу», — сказаў ратавальнік.
Прыкладна ў 10.30 паводле менскага часу турыстку, якая выжыла, прывезьлі ў лякарню гораду Мэстыя ў Сванэтыі. Як сказалі Tut.by ў лякарні, жанчыне 1967 году нараджэньня аказвае дапамогу хірург — у яе чэрапна-мазгавая траўма:
«У яе раны на галаве. Яна ў прытомнасьці, размаўляе, адчувае сябе нармальна, цяпер яна ў перавязачнай — хірург зь ёй працуе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьвюх з трох беларускіх турыстак, якія прапалі ў гарах Грузіі, знайшлі мёртвыміПаведамленьне пра зьнікненьне турыстак паступіла ўвечары 14 жніўня. Вядома, што адной жанчыне было каля 36 гадоў, дзьвюм — менш за 60. Яны знаходзіліся ў складзе групы альпіністаў, якія пасьля падняцьця на вяршыню вярталася на базу. Жанчыны прапалі па дарозе да базы.
Пошукавая апэрацыя доўжылася некалькі гадзін і была спыненая на ноч. У гэты час на месцы здарэньня заставаліся дзяжурыць ратавальнікі. Раніцай пошукі аднавіліся.
Цяпер МУС Грузіі праводзіць сьледзтва ў гэтай справе.