Галоўны рэдактар расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў даў двухгадзіннае інтэрвію ўкраінскаму журналісту Дзьмітрыю Гардону, у якім сярод іншага згадаў Беларусь.
«Аб’яднаньне зь Беларусьсю? А што можа перашкодзіць? — разважаў Венядзіктаў. — Усё — цана пытаньня. Я ня ведаю, як беларускі народ... А крымскі народ не? А як прагаласуюць, калі будзе галасаваньне: беларускі народ, ці вы хочаце жыць шчасьліва і багата разам з Расеяй?».
Сьцісла:
- Што можа перашкодзіць аб'яднаньню Расеі з Беларусьсю? – задаў пытаньне Венядзіктаў
- Венядзіктаў агучвае крамлёўскі парадак дня ў лібэральнай абалонцы
- У 2007 годзе ён ужо прадказваў далучэньне Беларусі да Расеі
- Каб уварвацца ў суседнюю краіну, у гэтай краіне павінны быць крызіс
- Ня ўсе «крамлёўскія вежы» аднолькава ацэньваюць рызыкі далучэньня Беларусі
- Насельніцтва Беларусі кардынальна адрозьніваецца ад насельніцтва Крыму
«Мне Пуцін сказаў»
Перш чым паспрабаваць адказаць на пытаньне расейскага журналіста, варта пару словаў сказаць пра ягоную ролю. Яна нечым падобная да ролі Ільлі Эрэнбурга пры Сталіне, Яўгена Еўтушэнкі (і ня толькі яго) — пры Брэжневе.
Гэта роля тлумачальніка для замежжа крамлёўскага парадку дня. Такі маскоўскі лібэрал для Захаду: мне Пуцін сказаў, я амэрыканскаму паслу давёў, пры гэтым я апанэнт Крамля, вы ж ведаеце.
У інтэрвію Дзьмітрыю Гардону Венядзіктаў распавядаў пра сустрэчы і ў амэрыканскай амбасадзе ў Кіеве, і ў офісе прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, але хіба ня самае галоўнае — гэта пасланьне: першы крок павінен зрабіць Кіеў — вызваліць прарасейскага журналіста Кірыла Вышынскага. Потым магчымае, і нават верагоднае вызваленьне ўкраінскіх маракоў. Але потым, пасьля жэсту Кіева.
Дзеля таго, каб перадаць гэтае прыгожа «упакаванае» пасланьне, Венядзіктаў, гледзячы па ўсім, і езьдзіў у Кіеў. Гэта ж не ідэалягічны касталом гаворыць, інтэлігентны чалавек, кіраўнік лібэральнага мэдыя. Маўляў, гэта ж мая прыватная думка, што варта вызваліць, ня больш за тое.
Гэтую ролю спадара Венядзіктава проста трэба ведаць. І ў гэтым жа рэчышчы трэба разглядаць і ягоныя заявы наконт далучэньня Беларусі да РФ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі спрасьціў атрыманьне ўкраінскага грамадзянства для расейцаў. А для беларусаў?Заява ў інтэрвію Гардону — далёка ня першая на гэты конт. Яшчэ ў сакавіку 2018 году, пасьля чарговага абраньня Ўладзіміра Пуціна прэзыдэнтам Расеі, Венядзіктаў казаў пра магчымасьць працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Пуціна пасьля 2024 году праз далучэньне Беларусі.
Сёлета, ужо пасьля «ультыматуму Мядзьведзева» падчас «прымушэньня да інтэграцыі» з боку Расеі, галоўны рэдактар «Эха Москвы» гаварыў пра гэты варыянт ужо больш упэўнена, як пра справу вырашаную.
Венядзіктаў добра сфармуляваў пытаньне ў гутарцы з Гардонам — А што перашкодзіць паглынаньню Беларусі? Але яно не рытарычнае, на яго можна даць адказ.
Што перашкодзіла ў 2007 годзе?
Тут варта прыгадаць, што 2007 годзе, калі сканчаўся другі тэрмін Пуціна і ўзьнікала ў нечым падобная да цяперашняй сытуацыя, Венядзіктаў казаў з такой жа ўпэўненасьцю як цяпер, што абʼяднаньне зь Беларусьсю адбудзецца абавязкова, а Пуцін узначаліць абʼяднаную дзяржаву.
Цяпер, калі прайшло ўжо 12 гадоў, можна спытаць — а што тады перашкодзіла? Тады ён меркаваў, што Лукашэнку можна купіць за два мільярды даляраў «на кішэню», што ў беларусаў ніякіх пярэчаньняў наконт такога сцэнару ня будзе.
Ну нешта ж пайшло тады ня так, як прагназаваў спадар Венядзіктаў.
Гэта не азначае, што такіх плянаў не было тады. Яны былі і тады, і ёсьць цяпер. Але які статус гэтых плянаў?
Венядзіктаў у прыгаданым інтэрвію Гардону распавёў пра дзьве размовы наконт Крыму: адну — з Пуціным у 2008 годзе, іншую — з высокім крамлёўскім чыноўнікам у 2014 годзе, ужо пасьля анэксіі.
Паводле Венядзіктава Пуцін казаў яму 11 гадоў таму: Крым — расейская зямля, несправядліва, што ён ва Ўкраіне. І дадаваў — але я ж не магу яго забраць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін езьдзіў з «Начнымі ваўкамі» па анэксаваным Крыме, пакуль у Маскве ішлі пратэстыА падчас другой размовы крамлёўскі суразмоўца сказаў рэдактару «Эха Москвы»: Мы ўзялі Крым тады, калі склаліся зручныя ўмовы, калі момант аказаўся прыдатным.
Можна ня верыць, але тлумачэньне ўяўляецца праўдападобным, адпаведным лёгіцы палітыкі, аўтарытарнай у тым ліку.
Да жаданьня, да намеру, патрэбны яшчэ і зьбег абставінаў, спрыяльных для рэалізацыі жаданьня, патрэбны крызіс. Гэтак было і ў Грузіі ў 2008 годзе — вайсковы крызіс, і ва Ўкраіне ў 2014 годзе — палітычны крызіс.
Гэта ніяк не апраўдвае дзеяньні Расеі, але гэта паказвае, што для рэалізацыі падобных плянаў патрэбны крызіс у краіне, ад якой сабраліся нешта адхапіць.
Так што на пытаньне Венядзіктава наконт Беларусі — што перашкодзіць, ёсьць адказ, прынамсі адзін — адсутнасьць крызісу ў Беларусі.
Чаму Беларусь — ня Крым?
Ёсьць і іншыя адказы. Гледзячы па ўсім, паміж крамлёўскімі «вежамі» няма згоды наконт таго, як вырашаць «праблему-2024». Ня ўсе там аднолькава ацэньваюць рызыкі далучэньня Беларусі.
Нехта можа запярэчыць, што ў 2008 годзе ў Пуціна яшчэ былі тармазы, а цяпер, з 2014 году — ужо няма. Калі б не было, яшчэ ў 2014-м ён дайшоў бы да Кіева, абрынуў бы армаду бамбавікоў, град ракетаў, і дайшоў бы. Гітлер на яго месцы так і зрабіў бы, не зважаючы ні на санкцыі, ні на свае страты.
Праўда, невядома, што было б потым. Ну дык Пуцін гэтую няпэўнасьць і ўлічваў, а ня толькі колькасьць самалётаў і ракетаў і баяздольнасьць украінскага войска. Гэтак жа і ён, і іншыя людзі ў Крамлі ўлічваюць гэта адносна Беларусі.
Фактар таксама — гэта Аляксандар Лукашэнка. Нельга сказаць, што ён цалкам незалежны — залежны і вельмі, але не губэрнатар расейскай правінцыі, якому можна проста загадаць. Так што гэта — яшчэ адна і вельмі важная перашкода.
У аўтарытарных грамадзтвах меркаваньне народу, настроі народу не ўплываюць на рашэньні ўлады наўпрост. Але ўскосна — уплываюць і вельмі істотна. У Крыме на момант анэксіі этнічныя расейцы складалі 58% насельніцтва, у Беларусі яны складаюць у сярэднім 8% насельніцтва, прычым ні ў адным раёне краіны іх доля не перавышае 11%. Гэта да развагаў спадара Венядзіктава: «Я ня ведаю, як беларускі народ... А крымскі народ не?». Ну вось ёсьць паміж імі такое адрозьненьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка ў стасунках з Расеяй дзейнічае паводле формулы «раніцай — грошы, вечарам — крэслы»Гэтыя падлікі — не да таго, што кожны канкрэтны этнічны расеец — адэпт «рускага сьвету» і чакае Пуціна. Аднак пэўны ўплыў і гэты фактар мае, ён абумовіў уразьлівасьць Крыму ў 2014 годзе і абумоўлівае невідавочную ўразьлівасьць Беларусі і яе асобных рэгіёнаў.
У гібрыднай вайне настроі насельніцтва тэрыторыі, якую мяркуецца захапіць, маюць ключавое значэньне, у адрозьненьні ад клясычных войнаў. Гэта мае яшчэ большае значэньне ў выпадку, калі выкарыстоўваецца адно эканамічны ціск. Што перашкодзіць? Дык вось нежаданьне насельніцтва і перашкодзяць.
Ускосным паказьнікам гэтага зьяўляюцца настроі, якія пануюць, напрыклад, у Байнэце, у беларускай інфармацыйнай прасторы. «Ультыматум Мядзьведзева» стаў своеасаблівым тэстам. Не сказаць, каб прапановы аб «паглыбленьні інтэграцыі» атрымалі хоць нейкую шырокую публічную падтрымку ў Беларусі.
Ня тое, што галасы супраць зрабілі такое ўжо вялікае ўражаньне, проста варта заўважыць, што мала іншых галасоў — у падтрымку прапановаў Масквы.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.